Адзіная з еўрапейскіх

Улада запусціла механізм падрыхтоўкі праўдападобнага выніку парламенцкіх выбараў. Раней многія з тых, хто зараз шчыруе, выкладалі на кафедрах навуковага камунізму, а зараз ужо ў якасці палітолагаў даводзяць да паднявольнай публікі падуладную ідэалогію.

Улада запусціла механізм падрыхтоўкі праўдападобнага выніку парламенцкіх выбараў. Раней многія з тых, хто зараз шчыруе, выкладалі на кафедрах навуковага камунізму, а зараз ужо ў якасці палітолагаў даводзяць да паднявольнай публікі падуладную ідэалогію.
Многія нават робяць гэта свядома, а большасць — за невялікія грошы, якіх інакш зарабляць не ўмеюць. Каб нікога не абражаць, не станем называць прозвішчы. Тым больш, што самыя-самыя ўсім вядомы. Прыкладам, розныя галіновыя міністры, якія павінны ўмець не толькі гандляваць прадукцыяй падуладных прадпрыемстваў, але і рабіць для беларускіх тавараў прапагандысцкія абгорткі. Як усе ведаюць, галоўным для ўнутранага спажывання тавараў зноў наканавана быць 500-доларавай зарплаце.
Доларавы эквівалент заробку, як і ў 2010 годзе, імкліва расце. Сёння ён ужо дасягнуў блізу 400 долараў, і для дасягнення мэты павінен падвысіцца на 20%. Адпаведна павінна павялічыцца і прадукцыйнасць працы — прыкладам, там, дзе за хвіліны станок вырабляе 4 нейкія «калабашкі», да канцу года павінна вырабляцца пяць, дзе карова давала чатыры тысячы літраў малака, павінна даць пяць, дзе ўраджайнасць складала 40 цэнтнераў, павінна сёлета атрымацца 50. І вось такія дзівосы павінны адбыцца ў кожнай галіне і на кожным прадпрыемстве.
Акрамя непасрэднага падвышэння прадукцыйнасці працы існуе і добра знаёмы спосаб вырабу таварнай прадукцыі на зэканомленай сыравіне і энергіі. Хоць ён лічыцца і вельмі прывабным і даступным, але значнай эканоміі рэсурсаў у кароткія тэрміны не дасць. Як паказаў змрочны досвед 1990-х гадоў, у халодных і цёмных цэхах прадукцыйнасць працы мае тэндэнцыю падаць да нуля. Разам з тэмпературай паветра. А ў такой сітуацыі нашмат выгадней прадаваць зэканомленую сыравіну, чым гатовую прадукцыю. Гэты варыянт, на самай справе, магчыма, быў бы самы выгадны для Беларусі, каб яна мела дастаткова сыравіны ды іншых рэсурсаў.
Карацей, куды не кінь — усюды клін.
Але ж не толькі, не столькі і не адзіным хлебам жыве ў нас чалавек. Не меней як 40% (а хто і на цэлую палову) жыве адчуваннем патрыятычнай залежнасці свайго грамадзянскага існавання ад прымхаў і жаданняў вельмі моцнай структуры улады, адбудаванай прэзідэнтам на чале з прэзідэнтам. Як дастаткова паэтычна выказаўся гэты дзеяч, калі многім групам, асабліва элітам, хацелася мець «слабага прэзідэнта», ён, будучы абраным як слабы, зрабіўся моцным, змяніўшы дзеля гэтага канстытуцыю. І сцвярджае, што зрабіў гэта дзеля таго, каб выцягнуць краіну з прорвы, у якую яна трапіла, «калі абвалілася эканоміка, калі відавочным быў пралік улады, беспрацоўе і галеча...»
Цікавая рэч: кіраўнік імкнецца даваць пазітыўную, кампліментраную для сябе і сваёй каманды ва ўладзе інфармацыю ды каментары, а атрымоўваецца не зусім гладка. Так, з яго прамовы вынікае, што ў выніку ад улады былі адсунуты лепшыя на той час групы, і дзяржава будавалася насуперак не толькі іх інтарэсам, але і іх больш дасведчаным поглядам на прадмет. Узнікае недавер і да сучасных беларускія эліт, якія фармавалася не з лепшых асоб і спецыялістаў, і, верагодна, іх галоўнай якасцю была поўная лаяльнасць да прэзідэнта і яго палітыкі. Іншыя людзі нікуды трапіць не змаглі. Таму галоўнай праблемай уладаў і яе апанентаў, а гэта значыць галоўнай праблемай самой краіны, па-ранейшаму застаецца кадравая.
Па-другое, трэба прызнаць, што цалкам эмацыйна і змястоўна вычарпала сябе спасылка на «ліхія 90-я», бо на самай справе тыя падзеі і часы ў цэлым толькі і маглі стварыць шанец для ўзнікнення незалежнай і суверэннай Беларусі. Пры любым іншым раскаладзе пра гэта нельга было б не толькі нават вольна падумаць, а не тое, што зрабіць.
Зразумела, беларусам Гасподзь дапамог. Хоць большасць з іх была і засталася свядомымі атэістамі. І яны займелі сваю дзяржаву. Але не толькі з боскай дапамогай, а дзякуючы прысутнасці ў еўрапейскай геапалітычнай прасторы, дзе сілавыя метады вызначэння месца кожнай краіны даўно не лічыцца прыдатнымі. Усё робіцца дзеля таго, каб не з’явіліся дзейсныя прыхільнікі такой практыкі. Таму свой персанальны ўнёсак у справу мацавання беларускай дзяржаўнасці ўлады павінны ацэньваць з улікам гэтай гуманітарнай папраўкі.
На самай справе, яна вельмі значная. Прыкладам, парог неўмяшання еўрапейскіх краін у беларускія справы такі высокі, што не дазваляе ім нават дзейсна бараніць палітычных зняволеных або палітыкаў, з якіх штучна робяць крымінальнікаў.
Таму Беларусь з’яўляецца адзінай еўрапейскай краінай, у якой гэта робіцца.