Айцішнік, які змагаўся з законам «аб адтэрміноўках», пайшоў у войска
Сёння былы кандыдат у дэпутаты Аляксей Лазараў пайшоў у войска. На працягу ўсёй сваёй нядоўгай кампаніі ён даводзіў, што закон «аб адтэрміноўках» несправядлівы. А вось «адкасіць» ад службы нават не паспрабаваў, піша «Свабода».

Аляксей кажа, што больш за ўсё баіцца, што страціць час.
«Чаму ніхто нічога не робіць? Гэта ж максімальна антынародны закон!»
Сябры зладзілі Аляксею незвычайныя «праводзіны». 22 лістапада ён усё ж такі з’ездзіў на перапахаванне Кастуся Каліноўскага ў Вільню. Там паплечнікі з «Моладзевага блока» яго і «праводзілі».
Аляксею Лазараву 21 год. Сёлета ён скончыў факультэт радыёфізыкі БДУ і думаў паступаць у магістратуру — у Беларусі ці за мяжой. Але раптам Міністэрства абароны прапанавала прыняць нашумелы закон «аб адтэрміноўках». Законапраект трапіў у Палату прадстаўнікоў, яго зацвердзілі, а Лазараў, абураны такой навіной, стаў актывістам кампаніі «учебаважнее». І амаль адразу вырашыў, што паспрабуе балаатавацца ў Палату прадстаўнікоў.

Аляксей з дзяўчынай Сашай
«Я далучыўся да руху прыкладна на пачатку лета. Калі стала вядома пра закон «аб адтэрміноўках», я падумаў: «Чаму ніхто нічога не робіць? Гэта ж максімальна антынародны закон!». Потым стары таварыш запрасіў мяне ў Telegram-чат «Protestby», там сабралася шмат чалавек, — узгадвае Лазараў, як стаў актывістам. — Гэта было выдатна, што сабраўся такі рушняк. Нейкі час мы праводзілі адзіночныя пікеты, потым я зарэгістраваўся кандыдатам у кандыдаты ў дэпутаты і напісаў пра гэта ў чат. Тады мяне запрасілі ў вузкі чат кандыдатаў, і там мы вырашылі стварыць «Моладзевы блок».

Аляксей Лазараў (з мікрафонам) з сябрамі з «Моладзевага блоку» на пікеце каля Міністэрства адукацыі. 15 лістапада 2019 года
«Адслужу паўгода і паеду ў Чэхію»
Аляксей Лазараў стаў адным з васьмі маладых людзей, якія стварылі «Моладзевы блок» і ўзялі ўдзел у парламенцкай кампаніі. Паступленне ў магістратуру хлопец вырашыў адкласці. Ён разумеў, што калі не паступіць, то атрымае позву на восеньскі прызыў і на паўгода пойдзе служыць у войска. Так і сталася — у канцы жніўня прыйшло «прывітанне» ад камісарыяту.
«Летам інфармацыя наконт закону пастаянна змянялася, і я вырашыў, што калі я сваёй краіне не патрэбен як магістрант, як спецыяліст, то ОК, адслужу паўгода, таму што ў мяне вайсковая катэдра, і потым проста паеду ў Чэхію. Для мяне гэта было як пратэст», — тлумачыць рашэньне Лазараў.
Да нядаўняга часу Аляксей меў доўгія валасы — кажа, расціў паўтара года. На адным з пікетаў «Моладзевага блоку» падчас парламенцкай кампаніі проста на вуліцы яго пагаліў актывіст Павал Вінаградаў.

Аляксей з даўгімі валасамі
«Мяне ўсё роўна забіраюць у войска, і мы вырашылі, што будзе паказальна, калі мы зробім такое шоу на пікеце. Мы хацелі паказаць, што хлопцаў забіраюць у войска сілай».
Чытайце таксама:
Аты-баты, пагалілі кандыдата
У размове Аляксей шмат разважае пра сучасную беларускую армію.
«Армія ў тым выглядзе, у якім яна існуе ў Беларусі, — гэта жахліва. Праблема ў тым, што ніхто не ведае, што там робіцца. Калі чалавек знаходзіцца ў войску, ён не можа сябе абараніць. Напэўна, гэта найбольшая праблема — брак празрыстасці службы».
«У ваекнамаце запыталіся, ці не сваяк мне Каліноўскі»
Адразу хлопца хацелі накіраваць служыць у Гродна. Калі даведаліся, што Лазараў працуе праграмістам, вырашылі адправіць у IT-роту. Але высветлілася, што месцаў няма, таму вярнулі варыянт з Гродна.

Аляксей Лазараў з дзяўчынай
«Я вучыўся на вайсковай кафедры, маю спецыяльнасць “камандзір аддзялення пераносных зэнітна-ракетных комплексаў”. У камісарыяце я моцна пасварыўся з камісіяй. Мне сказалі, што забяруць 22 лістапада, а я вельмі хацеў паехаць на пахаванне Кастуся Каліноўскага. Я спрабаваў нармальна дамовіцца, але яны спыталі, чаму мяне гэта цікавіць. Я сказаў, што гэта наш нацыянальны герой і мы не толькі ехаць туды павінны, а яшчэ і з Вільні ў Менск на руках несці!
У мяне спыталі: “А ён што, нейкі сваяк вам?”. Я сказаў — так, ён ледзь не бацька ўсіх беларусаў! І тады мне сказалі, што альбо я прыношу даведку, што ён мне сваяк, альбо тлумачу, навошта мне туды ехаць. Я сказаў, што еду ад “Задзіночаньня беларускіх студэнтаў”, і тады мне сказалі, каб я ішоў у Міністэрства адукацыі і прасіў паперку. Увогуле, мы не дамовіліся. Потым пачалася наша кампанія, былі нейкія незразумелыя выбухі ў вайсковай частцы ў Горадні, і мяне вырашылі адправіць у Заслонава ў Віцебскай вобласці».

З сябрамі
Праблемаў у войску Аляксей не баіцца. Але кажа, што нават калі і будуць, ён да іх гатовы: «Я сам у гэтым вінаваты, сам увязаўся. Але не думаю, што некаму захочацца звязвацца з “Моладзевым блокам”».
Да законапраекту «аб адтэрміноўках» Аляксей, як кажа сам, быў апалітычны. Яму не падабалася, што старыя апазіцыйныя палітыкі заклікаюць людзей на акцыі, кідаюцца лозунгамі і больш нічога ня робяць.
«Але выявілася, што ў нас ёсць, напрыклад, “Задзіночанне беларускіх студэнтаў”, Legalize Belarus, якія маюць канкрэтныя патрабаванні. У Беларусі максімальна апалітычная моладзь, бо мы выраслі ў сем’ях, якія ў свой час ад рэжыму пацярпелі і сталі апалітычнымі, — разважае Лазараў. — Яны ўкладалі сілы, каб нешта змяніць, але нічога не атрымалася. Напэўна, таму яны і выгадавалі нас так, што лепш сядзець і не высоўвацца».
Паводле www.svaboda.org