Акцёр Канстанцін Шульга: Добра, што мяне прызналі палітвязнем
Лісты — вельмі важныя ў зняволенні, калі чалавек знаходзіцца ў такой ізаляцыі, якая вельмі моцна цісне і скоўвае. Былы палітвязень
Канстанцін Шульга распавядае, што больш за ўсё за кратамі яго падтрымлівалі лісты
22-гадовага акцёра Канстанціна Шульгу за ўдзел у дзвюх акцыях пратэсту ў 2020 годзе: студэнцкай акцыі 1 верасня і акцыі 20 кастрычніка — асудзілі да трох гадоў «хіміі». Да разгляду справы яго пратрымалі ў следчым ізалятары № 1 тры месяцы і сімвалічна вызвалілі ў зале суда ў Дзень волі.
За кратамі хлопец сустрэў Новы год і дазнаўся пра вайну, пазнаёміўся з заснавальнікам Symbal.by Паўлам Белавусам, валанцёрам фонду «Краіна для жыцця» Антонам Сташэўскім і іншымі палітвязнямі.
Канстанцін распавёў праваабаронцам «Вясны» пра сваё затрыманне і пра жыццё ў СІЗА, а таксама пра тое, як яго падтрымлівалі лісты.
«Гэта былі першыя мае выбары»
У 2017 годзе Канстанцін скончыў мінскі каледж кулінарыі, а потым год адпрацаваў у дзіцячым садку. Пасля гэтага хлопец звязаў сваё жыццё з тэатрам — ён граў у Мінску ў пастаноўках «Лісты Круцяля» паводле матываў кнігі Клайва Льюіса і «Колькі каштуе каханне» паводле папулярнага бестселера. Але падзеі 2020 года паўплывалі на яг жыццё — гэтак жа, як і на жыццё шматлікіх беларусаў і беларусак.
«Дзесьці з 2016 года я пачаў разумець, што і ў нас, і ў Расіі штосьці не так, штосьці не сыходзіцца — тое, што ў рэальнасці, і тое, што паказваюць у тэлевізары.
У 2020 годзе былі першыя мае выбары. Я дакладна разумеў, што трэба прынамсі пайсці на выбары, а потым, калі пачаліся ўсе гэтыя затрыманні, я разумеў, што выйду на вуліцу, з першага дня. Для мяне гэта было нармальна. Я не разумею, як можна не выйсці [пратэставаць] у такія моманты, якія датычацца і цябе, і навакольных».
Канстанцін галасаваў у Мінску — той дзень ён дагэтуль узгадвае з хваляваннем і ўсмешкай:
«Гэта быў хвалюючы момант. Атмасфера, якая была на выбарчых участках, натхняла і трошкі ўзвышала, што твой голас упершыню за ўсю гісторыю краіны важны. У нас на выбарчым участку ў адной з мінскіх школ былі такія вялікія чэргі, якіх я ніколі не бачыў. У нас на ўчастку яшчэ ляжала шмат бінта, і тыя, хто галасаваў за легітымную нашу прэзідэнтку, маглі павязаць сабе на руку яго. Як здагадваецеся, бінт быў у абсалютнай большасці».
Выбарчая камісія на ўчастку, на якім галасаваў хлопец, наогул не вывесіла выніковыя пратаколы галасавання. Хлопцу не ўдалося дазнацца вынікі выбараў на сваім участку, таму Канстанцін вырашыў пратэставаць супраць іх фальсіфікацыі. Цяпер ён, прайшоўшы затрыманне, тры месяцы пад вартай, суд і эміграцыю, кажа, што не шкадуе пра сваё рашэнне:
«Гэта было ўсвядомленае рашэнне, заснаванае на прынцыпах. Гэта праява грамадзянскай пазіцыі. Гэта што павінен рабіць кожны. Гэта асновы — абараняць свае правы і свабоды».
«Адчыніў дзверы, а там тры таварышы: адзін у масцы, двое — не»
За ўдзел у акцыях пратэсту пасля выбараў Канстанціна затрымалі 15 снежня 2021 года. Як расказвае хлопец, на гэты дзень у яго былі зусім іншыя планы — святкаванне Дня народзінаў сяброўкі. Але зранку супрацоўнікі ГУБАЗіКа пазванілі ў дамафон:
«Я прачнуўся, і ў дамафон раздаўся званок. Я ніколі не адказваю яму, бо, як правіла, звоняць рэкламшчыкі. Потым званок на тэлефон: «Канстанцін, вы дома? Адчыняйце дзверы, міліцыя!» Ну і ўсё. Адчыніў дзверы, а там тры таварышы: адзін у масцы, двое — не. Як зайшлі, адразу паказалі мне здымак з TUT.BY са студэнцкай акцыі пратэсту 1 верасня і забралі тэлефон. Запыталі, ці я на фота. Там выразна было бачна, што я, што ўжо хаваць. Тады я зразумеў, чаму да мяне прыйшлі. Яны паказалі пасведчанне, пастановы аб затрыманні і вобшуку. Запрасілі нейкіх панятых. Пачаліся ўсе гэтыя пагрозы-знявагі. Яны пачалі глядзець тэлефон».
Канстанціна судзілі паводле двух эпізодаў: за акцыю 1 верасня — праз фатаграфію з TUT.BY, і акцыю 30 кастрычніка — праз фатаграфію, знойдзеную ў тэлефоне.
«У мяне iPhone на 64 гігабайты, таму я фатаграфаваў толькі першыя мітынгі. І вось супрацоўнікі глядзяць фота і відэа на тэлефоне, і бачаць, як мы з сяброўкай размалёўваем выбарчыя стэнды: Лукашэнку дапісалі «Таракан» і 3%. Яны запытваюць: «Ты яе [сяброўку] ведаеш?» Я кажу, што мы з ёй даўно не маем зносінаў ужо. Потым яны глядзяць галерэю, а там відэа тыднёвай даўнасці, як мы з ёй у горадзе гуляем. Супрацоўнік сказаў нецэнзурна: «Ты што, афігеў?» — і даў мне з кулака ў галаву».
У выніку вобшуку ў Канстанціна забралі жорсткія дыскі, а потым яго самога адвезлі ў ГУБАЗіК, дзе запісалі традыцыйнае «пакаяльнае» відэа:
«Быў ціск накшталт: «Вы думалі, што штосьці зменіце? Вамі маніпулююць! Вы думалі, што гэта проста так?» Казалі нейкія абсалютна нелагічныя і неканструктыўныя рэчы. Увесь час ціснулі: калі я маўчаў, то казалі: «Хера ты маўчыш?», калі я казаў, то крычалі, каб я «закрыў рот». Мне прапанавалі запісаць відэа і сказалі, што ў гэтым разе мяне могуць выпусціць да суда, але потым, як выявілася, гэта нерэальна».
«Я зразумеў, чаму тыя жудасныя рэчы, якія адбываліся 9–12 жніўня 2020 года, былі менавіта на Акрэсціна»
Пасля Следчага камітэта хлопца завезлі ў ізалятар часавага ўтрымання на Акрэсціна, дзе яго на дзесяць сутак змясцілі ў «палітычны карцар» у сутарэнні. У аднамесным карцары заўсёды знаходзілася ад шасці да васьмі затрыманых паводле палітычных матываў. Спаць ім усім даводзілася на голым бетоне.
«Я ў ГУБАЗіКу запытаў, што мне пагражае па артыкуле, па якім мяне затрымалі. Яны сказалі, што да чатырох гадоў зняволення. Я, вядома, быў у шоку. Таму на Акрэсціна я проста намагаўся пераварыць гэту інфармацыю.
Я зразумеў за гэты час, чаму тыя жудасныя рэчы, якія адбываліся 9-12 жніўня 2020 года [масавыя збіванні і катаванні], былі менавіта на Акрэсціна…
Нас не білі там, але штораніцы і штовечар нас выводзілі ў калідор на праверкі і ладзілі шмон у камеры. Гэта быў акт знявагі. У нас нічога не было, акрамя адзежы, нават абутак знялі, мы былі без перадач — але ўсё адно такое ладзілі».
Канстанцін расказвае, што праз ягоны карцар на Акрэсціна праходзілі розныя людзі: тыя, якіх таксама, як і яго, «ціха забралі», але былі і збітыя:
«Напрыклад, быў адзін хлопец, яму было дзесьці 21, да яго прыйшлі з драбавікамі, яго білі электрашокерам дзеля забавы. Таксама быў мужчына, яму гадоў 50, з чырвоным носам. Мы адразу падумалі, што гэта ад ужывання алкаголю ў вялікай колькасці. Але потым ён расказаў, што яго ў ГУБАЗіКу токам катавалі: на нос ставілі клеймы з токам.
Таксама я сядзеў там са стваральнікам Symbal.by Паўлам Белавусам. Ён на той момант адседзеў ужо 38 сутак у ЦІП на Акрэсціна. Пасля сутак яго адвезлі дадому і ён змог узяць у ІЧУ ручнік, пасту і шчотку. Павел, канечне, быў «бадрачком». Перад ІЧУ яму ўдалося пабачыць жонку і дзяцей, таму яму лягчэй было».
«У камеры мы ўсе намагаліся дапамагаць адзін аднаму»
25 снежня Канстанціна этапавалі ў СІЗА-1. Пасля ночы ў «адстойніку» ён трапіў у камеру № 45 на 15 чалавек, дзе прабыў тры месяцы. Былы палітвязень адзначае, што там заўжды было пяць-шэсць чалавек «палітычных», у асноўным, паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
«Я ніколі не забудуся на першы свой заход у камеру. У ІЧУ мы размаўлялі з сукамернікамі і думалі, што СІЗА — не лагер жа яшчэ, таму там павінна быць лягчэй, там будзе больш свабоды, калі можна так сказаць. Ну мы думалі, што нармальна, будзем паміж камерамі хадзіць, кантактаваць. А потым я прыехаў туды і зразумеў, што не [смяецца]. Адчыняюцца дзверы ў камеру, а там усе без маек стаяць, кураць, у паловы — татуіроўкі. Потым выйшаў «смотрящий», усе сабраліся паўколам каля мяне і давай распытваць. Я прадставіўся: «Я Косця паводле 342 артыкулу». Я шакаваны быў. А потым «смотрящий» пытаецца: «Па жыцці ўсё роўна?» А я не зразумеў пытання: «У сэнсе?» Яны запытваюць: «Ты не гей?» Калі я сказаў, што не, то мне сказалі заходзіць. Але потым, як аказалася, касцяк людзей у гэтай камеры вельмі добры — мы ўсе намагаліся дапамагаць адзін аднаму.
Напрыклад, калі хтосьці з'язджаў на суд, то мы ўсё станавіліся вакол стала, пілі чыфір і казалі нейкія пажаданні і словы падтрымкі, каб суд прайшоў добра і г.д.».
«Антон Сташэўскі ў камеры адказваў за тое, каб дапамагаць навічкам»
З Канстанцінам у камеры былі такія палітвязні, як Павел Адамовіч, Рамон Гансалес, а таксама валанцёр фонду «Краіна для жыцця» Антон Сташэўскі. Хлопец адзначае, што цяпер, пасля вызвалення, працягвае зносіны са сваімі былымі сукамернікамі, якія таксама апынуліся на волі. Канстанцін вельмі цёпла кажа пра Антона Сташэўскага, які ўтрымліваецца ў СІЗА больш за год:
«Ён заўсёды «бадрачком». Антон у камеры адказваў за тое, каб дапамагаць навічкам: тлумачыць усё наконт побыту і наконт зносінаў. Калі патрэбныя былі нейкія рэчы першай неабходнасці, то ён усё даваў. У яго велізарныя-велізарныя сумкі — я ніколі такіх сумак не бачыў — з рознымі рэчамі. У гэтых сумках усё што хочаш можна было знайсці! Такі начальнік склада. Ён вельмі круты! Мне было вельмі прыемна з ім мець зносіны.
Раней у яго былі вельмі часта допыты — ад яго ўвесь час штосьці хацелі. Яму дзевяць месяцаў не давалі спатканняў з жонкай. Але ў лютым яму ўсё ж такі дазволілі спатканне. Бачна было, што ён хваляваўся. Ён усім казаў, што так даўно не бачыў жонку, што забыўся на ейны твар нават. Па сабе зразумеў, што ў ізаляцыі вельмі хутка забываецца голас чалавека, але твар… Калі яму сказалі, што будзе ў яго спатканне, то было бачна, як гэта важна для яго, як ён хвалюецца. Ён увесь час усіх падтрымліваў, мы з ім добра кантактавалі. Гэта вельмі добры чалавек».
«Гэта самы адметны Новы год у жыцці!»
Новы год Канстанцін сустрэў у СІЗА-1:
«Гэта самы адметны Новы год у жыцці! [смяецца] Мы папрасілі ў корпусных паглядзець тэлевізар і ціха пасядзець. Але нам сказалі, што не, і што мы «павінны ўсё разумець». Мы ўсё адно заварылі чыфір, і а 12-й пачулі, як з іншых камер даносіцца: «З Новым годам!» Мы выпілі чыфір, закусілі шакаладкай. Гэта было вельмі незвычайна».
Сваё жаданне на Новы год Канстанцін ужо не памятае, але ўпэўнены, што яно было звязана з тым, каб хутчэй выйсці на волю.
«Лісты — вельмі важныя, калі ты знаходзішся ў такой ізаляцыі, якая вельмі моцна цісне і скоўвае цябе»
Былы палітвязень распавядае, што больш за ўсё за кратамі яго падтрымлівалі лісты:
«Нягледзячы на тое, што на «Валадарцы» вялікія праблемы з лістамі, вялізная колькасць не даходзіць, асабліва «палітычным», але тыя, якія даходзілі, вельмі падтрымлівалі! Мне лісты аддавалі толькі ад мамы і палову — ад дзяўчыны. Там ты кожны дзень чакаеш ліст. І калі ён нарэшце прыходзіць, то ты кідаеш усе справы і бяжыш хутчэй чытаць і перачытваць яго. Лісты — вельмі важныя, калі ты знаходзішся ў такой ізаляцыі, якая вельмі моцна цісне і скоўвае цябе. Лісты, канечне, вельмі дапамагаюць».
«Добра, што мяне прызналі палітвязнем. Па факце так і ёсць, дык чаго гэта хаваць?»
Пра статус палітвязня Канстанціну расказала маці на спатканні:
«На Акрэсціна мы абмяркоўвалі, што, мабыць, не варта трапляць у спіс палітвязняў, таму што за гэта як быццам могуць даць большы тэрмін. Але ў СІЗА, асабліва ў «палітычных», прыходзяць перыяды, калі ў галаве толькі дрэнныя думкі і іх ніяк нельга прыбраць з галавы. Яны не даюць табе супакою і не даюць спаць. Але калі я адаптаваўся пасля такога перыяду, я прыйшоў да думкі, што добра, што мяне прызналі палітвязнем. Па факце так і ёсць, дык чаго гэта хаваць?»
Былы палітвязень прыгадвае словы палітзняволенага сукамерніка Паўла Юхневіча: