Палітвязня хірурга Андрэя Любецкага перавялі ў Бабруйскую калонію
Андрэя Любецкага этапавалі ў калонію яшчэ 15 ліпеня. Пра гэта стала вядома з ліста ад яго сястры.

«За доўгі час магу цяпер бачыць неба ў клетачку! Усім прывітанне!» — напісаў ён.
Андрэя Любецкага яшчэ ў сярэдзіне красавіка асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Доктара абвінавачвалі па чатырох артыкулах КК: «Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342); «Распальванне сацыяльнай варожасці» (арт. 130); «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369) і «Абраза прэзідэнта» (арт. 368).

Андрэй Любецкі лічыўся адным з найлепшых сківічна-тваравых хірургаў Беларусі, 18 гадоў адпрацаваў у 4-й дзіцячай бальніцы Мінска. У 2020 годзе валанцёрыў пад Акрэсціна. Яго жонка стаматолаг Наталля Любецкая з чатырма дзецьмі вымушаная была з'ехаць за мяжу. Яе таксама затрымлівалі — дзяржаўныя тэлеканалы прадстаўлялі яе як «пасыльную Ігара Макара».
У чэрвені гэтага года КДБ унёс Любецкага ў спіс «тэрарыстаў».