Рыгор Кастусёў не губляе надзеі, што суд будзе адкрытым
Рыгор Кастусёў марыць хоць на нейкую хвіліну пабачыць дачку, пакуль працэс афійцыйна не абвесцяць закрытым.

Рыгор Кастусёў спадзяецца, што суд будзе адкрытым. А калі раптам судовы працэс пройдзе за закрытымі дзвярыма, то зможа пабачыць сваіх родных і блізкіх перад пачаткам судовага разбіральніцтва ў судовай зале.
Пра гэта палітык напісаў у адным з апошніх лістоў сваёй дачцэ.
«Бацька піша, што стан здароўя ў яго цяпер больш-менш стабільны, нейкіх вострых альбо крытычных момантаў, дзякуй Богу, няма, — распавяла Кацярына “Народнай Волі". — Піша, што цярпіма…
Просіць перадаць яму ручкі, паперу, звяртае ўвагу на іншыя побытавыя рэчы.
Апошнім часам лісты сталі больш-менш ісці, а ў мінулым месяцы ні ад нас яму весткі не даходзілі, ні нам ад яго.

Ён напісаў, што крымінальная справа ўжо больш за месяц знаходзіцца ў Мінскім абласным судзе, але заўважае, што пра дату яму нічога не вядома.
На той выпадак, калі раптам прыйдзецца пераязджаць са следчага ізалятара ў турму, просіць перадаць яму адзенне, а таксама новую сумку, бо тая, што ёсць, не ў надта добрым стане.
Распавядае, што чытае дзяржаўную прэсу, у прыватнасці – калонкі прапагандыста Мукавозчыка, адна з якіх была прысвечана яму.
Бацька піша: “…калі будзе адкрыта судовае пасяджэнне, думаю, шмат хто захоча папрысутнічаць. А калі не — дык хоць на нейкую хвіліну пабачыцца, пакуль працэс афійцыйна не аб’явяць закрытым”.
На ўмовы ўтрымання ў ізалятары на Валадарскага ён не скардзіцца, камера больш-менш прасторная. Кампанія, праўда, не вельмі, але ўсё не можа быць на выдатна. З кім ён сядзіць – канкрэтна не піша”.
У бліжэйшы час Рыгора Кастусёва павінна наведаць адвакат – ён хоча абмеркаваць з ёй некаторыя пытанні, звязаныя з судом.

Нагадаем, Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачванні Юрыя Зянковіча, Аляксандра Фядуты, Рыгора Кастусёва ў змове, учыненай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, а таксама Вольгі Галубовіч і Дзяніса Краўчука – у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Юрыю Зянковічу яшчэ інкрымінавана стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва такім фарміраваннем, публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, здзяйсненне іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, распаўсюджванне матэрыялаў, якія змяшчаюць такія заклікі, учыненыя з выкарыстаннем глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт, распальванне сацыяльнай варожасці і варожасці, учыненае групай асоб.
Крымінальнай справай займалася следчае ўпраўленне Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
Усе абвінавачаныя застаюца за кратамі.
Верагодна, суд над Фядутам, Кастусёвым і іншымі фігурантамі гучнай справы адбудзецца бліжэй да восені.
Паводле hwww.nv-online.info