КДБ запісаў у «тэрарысты» яшчэ пяць чалавек, сярод іх і хірург Андрэй Любецкі
КДБ унёс у «спіс тэрарыстаў» яшчэ пяць чалавек.

У спіс дадалі Сяргея Канавалава, Андрэя Любецкага, Уладзіміра Агіевіча, Сяргея Глебку і Вадзіма Смірнова.
Андрэй Любецкі — лекар, які 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай лякарні №4 у Мінску сківічным хірургам. Быў валанцёрам каля ізалятара на Акрэсціна. Мае чатырох дзяцей. Жонка Андрэя Наталля Любецкая была вымушана разам з дзецьмі з'ехаць з краіны. Яна фігуравала ў "расследаванні" беларускага дзяржканала: жанчыну абвінавацілі ў перадачы падстаўных "сакрэтных дакументаў" экс-алмазаўцу Ігару Макару. Лекара асудзілі да 5 гадоў пазбаўлення волі

Сяргей Канавалаў быў затрыманы 6 сакавіка 2022 года нібыта за "падрыхтоўку акту тэрарызму". Згодна з МУС, мужчына нібыта планаваў вывядзенне са строю сістэм, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху.
Уладзімір Агіевіч быў затрыманы ў Брэсце па крымінальнай справе, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля "справы Андрэя Зельцэра".
Сяргей Глебка быў затрыманы ў ноч з 1 на 2 сакавіка ў Стоўбцах разам з жонкай за падпал бярвення з мэтай перашкоды руху цягнікоў на чыгуначных шляхах.

Цяпер у гэтым спісе КДБ 876 чалавек, 137 з якіх — беларусы.