Актывіста, які бараніў анархістаў ад пераапранутай міліцыі, асудзілі на тры гады

Суд Маскоўскага раёна Мінску асудзіў на 3 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму мінчука Святаслава Барановіча, якога прызнаў вінаватым у нападзе на міліцыянта падчас леташняй сакавіцкай акцыі «Марш недармаедаў». паведамляе "Радыё Свабода".

9c6b5998_1a94_4e9b_a985_ca523e927708_w1023_r1_s.jpg


Зала сустрэла прысуд воклічамі «Ганьба!»
Барановіч сказаў, што будзе абскарджваць прысуд. Людзі раілі яму змяніць адваката.

Пракурор прасіла для Барановіча 4 гады калоніі. На судзе Святаслаў Барановіч прызнаў сваю віну і папрасіў прабачэння ў міліцыянта Арцёма Паўлава, якога некалькі разоў ударыў. Але ён не пагадзіўся са следствам, што дакладна ведаў прыналежнасць пацярпелага да праваахоўных органаў.

У апошнім слове на судзе Барановіч заявіў:

«Мяне тут абвінавачваюць, быццам я нейкі злосны злачынца. Я па рэакцыі, інтуітыўна ўдарыў, але я не ведаў, што гэта быў супрацоўнік міліцыі. Я прашу ўлічыць, ці хаця б пазначыць, высокі суд, што я быў цвярозы, кантраляваў усе падзеі, не мог прычыніць зла супрацоўніку, які быў пры выкананні, і тое, што я не прадоўжыў збіваць чалавека. І паколькі сам пацярпелы не адчувае да мяне нічога, не жадае пакарання суровага, прашу суд паставіцца да мяне мякка, па-чалавечы. Усё ж мы ўсе людзі, беларусы, і для мяне ўсё роўныя. І сёння ён працуе ў міліцыі — але што рабіць, у яго праца такая. А тое, што я зрабіў, я раней казаў, я згодны, што ўчыніў злачынства. Але не думаў, што запатрабуюць 4 гады пазбаўлення волі, я не чакаў. Думаў, максімум 15 сутак дадуць. Хацеў бы прыняць да ўвагі, што я каюся і прыношу прабачэнні супрацоўніку, які пацярпеў ад мяне. У турме карысці ад мяне не будзе. Хацелася б быць на свабодзе».

Міліцыянт Арцём Паўлаў ад прэтэнзій да Барановіча, звязаных з кампенсацыяй маральнай шкоды, адмовіўся.

Першыя рэакцыі на прысуд: прызнаць Барановіча палітвязнем

Мікалай Статкевіч: «Калі адным словам, дык „Ганьба!“, але мы будзем 25 сакавіка на мітынгу пра гэта казаць і тады каментаваць гэты ганебны прысуд».

Павал Севярынец: «Мы заклікаем да грамадскай кампаніі салідарнасці з Барановічам, якога адназначна лічым палітвязнем. Тое, што ён ужыў гвалт адносна міліцыянта і ў гэтым прызнаўся ў судзе, для нас, удзельнікаў форуму „Свабоду палітвязням“, не ёсць прычынай не лічыць яго палітвязнем. Бо мы ўсе ведаем пра ціск, які аказваецца на падследнага пры такім абвінавачанні, і ведаем пра якасць абароны, бо сапраўды сумленных адвакатаў засталіся адзінкі. На маю думку, гэты працэс стаў яшчэ адным прыкладам залежнасці судовай сістэмы ад улады», — сказаў Свабодзе Павал Севярынец.

Грамадская актывістка Ганна Шапуцька сказала, што разам з іншымі праваабаронцамі накіруе ліст у Парламенцкую асамблею Рады Еўропы з заклікам разгледзець там справу Святаслава Барановіча і прызнаць яго палітвязнем.

Удзельнік Плошчы–2010, затрыманы ў кастрычніку 2017 году

Прадпрымальніка Святаслава Барановіча затрымалі ў кастрычніку 2017 году ў Мінску. Паводле следства, гэта ён у сакавіку некалькі разоў ударыў міліцыянта на грамадскім прыпынку каля плошчы Бангалор пасля завяршэння акцыі «Марш недармаедаў».

Следства выкарыстала відэа бойкі, на якім чалавек у чырвонай куртцы з надпісам «Беларускі бокс» наносіць некалькі ўдараў маладому чалавеку ў цывільным — як аказалася, амапаўцу Арцёму Паўлаву. На судзе Святаслаў Барановіч пазнаў сябе на відэа, але заявіў, што да канца не ўсведамляў, хто перад ім, а проста абурыўся, што гэты чалавек спрабуе затрымаць актывістаў анархісцкага руху. Пры гэтым, паводле паказанняў Барановіча на следстве, ён разумеў, што б’е міліцыянта. У судзе выступілі два сведкі, знаёмыя Святаслава Барановіча, якія паведамілі, што пасля «Маршу недармаедаў» Барановіч расказваў ім пра свой удзел у інцыдэнце.

Абаронца Святаслава Барановіча заклікаў суд абмежавацца пакараннем, не звязаным з абмежаваннем волі, і звяртаў увагу на тое, што Барановіч раскаяўся, а раней добра характарызаваўся.

«Прашу даць апошні шанец чалавеку, не пазбаўляць яго волі», — казаў адвакат.

Святаслаў Барановіч вядомы таксама як удзельнік Плошчы–2010, якога адным з апошніх судзілі за ўдзел у масавых акцыях пратэсту супраць несумленных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Восенню 2011 года Барановіча асудзілі на 3 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

З кастрычніка 2017 года Святаслаў Барановіч знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, паведаміла карэспандэнту “Радыё Свабоды” ягоная сястра Наталля.

Святаслаў Барановіч — прадпрымальнік, займаецца будаўнічым бізнесам. «Пакуль ягоная фірма не працуе, няма каму ёй кіраваць», — сказала сястра Барановіча Наталля.

15 сакавіка 2017 году пасля «Маршу недармаедаў» сілавікі  спрабавалі затрымаць групу анархістаў у масках, калі тыя садзіліся ў тралейбус, каб з’ехаць з месца правядзення акцыі. Узнікла бойка, пасля якой на іншых прыпынках некаторых удзельнікаў бойкі міліцыя затрымала, ім прысудзілі адміністрацыйныя арышты. У інтэрнэт трапіла відэа, знятае падчас бойкі. Цяпер следчыя сцвярджаюць, што зняты на ім чалавек у чырвонай куртцы, які ўжывае сілу ў дачыненні да міліцыянтаў у цывільным, — гэта Святаслаў Барановіч.