У Барысаве судзяць прапаршчыка вучэбнага цэнтра, у якім загінуў Коржыч

Суд Барысаўскага раёна разглядае справу прапаршчыка 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтра, у якім мінулай восенню загінуў салдат Аляксандр Коржыч.

virbal1310_2.jpg

Яго абвінавачваюць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў і ў хабарніцтве. Пра гэта ў аўторак паведаміў пракурор Мінскай вобласці Алег Лаўрухін. Паводле яго слоў, следству вядома больш за 30 фактаў выкарыстання прапаршчыкам гвалту ў дачыненні вайскоўцаў, а таксама атрымання хабару за, напрыклад, наведванне буфету, інфармуе БЕЛТА.  
Прозвішча прапаршчыка не называецца, але затрымліваўся толькі адзін прапаршчык, які служыў у 3-й роце 3-й школы часткі № 43064, у якой і служыў Коржыч. Гэта — Артур Вірбал. Следчы камітэт яшчэ летась падазраваў, што ён забраў у Аляксандра Коржыча банкаўскую картку, здымаў з яе грошы і расплачваўся ў кавярні. Таму справа была распачатая па факце махлярства. Атрымліваецца, што яе перакваліфікавалі.
Расследаванне па справе аб гібелі ў Печах 21-гадовага салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча працягваецца. Спачатку гаворка ішла пра суіцыд. Аднак калі расследаванне ўзяў на кантроль кіраўнік дзяржавы, разглядацца пачалі тры версіі: суіцыд, давядзенне да суіцыду і забойства.
Паводле euroradio.fm