Дэйвід Крэймер: «Дзеянні Пуціна толькі ўзмацняюць нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў»
Роўна 10 гадоў таму паміж Беларуссю і ЗША разгарэўся палітычны канфлікт, які прывёў да працяглага замарожвання міждзяржаўных дачыненняў. Пра дэмакратычныя перспектывы Беларусі — у інтэрв’ю «Радыё Свабода» з былым намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Дэйвідам Крэймерам.
6 сакавіка 2008 года ўрад ЗША
апублікаваў тлумачэнне санкцыяў да «Белнафтахіму», уведзеных за нежаданне
ўладаў Беларусі вызваліць Аляксандра
Казуліна ды іншых палітычных вязняў. 12 сакавіка амбасадару ЗША Карэн Сцюарт далі зразумець, што яе
знаходжанне ў краіне непажаданае. З таго часу амерыканскі пасол так у Беларусь
і не вярнуўся.
Дэйвід Крэймер займаў тады пасаду намесніка памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў адміністрацыі Джорджа Буша. Менавіта яму выпала весці перамовы з уладамі Беларусі, вынікам якіх стала вызваленне палітвязняў. Пасля Крэймер кіраваў прадэмакратычнай грамадскай арганізацыяй «Freedom House» («Дом Свабоды»), а з нядаўняга часу працуе ў праграме імя Вацлава Гавэла ў Міжнародным універсітэце Флорыды.
— Як цяпер, праз 10 гадоў, вы
ацэньваеце адносіны ЗША з Беларуссю? Ці мае цяперашняя адміністрацыя выразную
палітыку ў гэтым кірунку?
— Што казаць, у нас дагэтуль няма амбасадара ў Беларусі, і я зусім не разумею, чаму ўлады ў Мінску не могуць дазволіць паслу ЗША вярнуцца. Вельмі цяжка будаваць нейкія адносіны без поўнага дыпламатычнага прадстаўніцтва. Я памятаю 2008 год, памятаю, што адбылося з амбасадаркай Сцюарт, і мы з таго часу так і не ўзнавілі дачыненні.
Вельмі цяжка наладжваць адносіны з лідарам, які адмаўляецца жыць паводле нормаў і стандартаў дэмакратычнай супольнасці. Ён толькі і робіць, што выкарыстоўвае Захад у сваіх стасунках з Расіяй. Таксама праўда, што многім цяпер не да Беларусі. Розныя рэчы адбываюцца ў Еўропе, Расея стаіць на першым месцы ў парадку дня.
— А ці паспяваеце вы сачыць за актуальнымі падзеямі ў Беларусі?
— Я не быў у Беларусі з красавіка 2007 года, калі прыязджаў на перамовы з уладамі наконт вызвалення палітычных вязняў. Я хацеў бы вярнуцца. Двойчы я прыязджаў у Беларусь, і мяне вельмі ўразілі людзі, вельмі таварыскія і адкрытыя. Мне спадабалася з беларусамі камунікаваць, нягледзячы на складанасці з уладамі.
Пакуль асаблівых зменаў не назіраю. Але я хацеў бы бачыць Беларусь больш дэмакратычнай, квітнеючай, інтэграванай у еўраатлантычную супольнасць. Гэта будзе найлепшы шлях дзеля прагрэсу і працягу трансфармацыі. І я ўпэўнены, што беларусы заслугоўваюць гэтага.
— Хаця нейкія перамены ўсё ж адчуваюцца.
10 гадоў таму, калі вы прыязджалі, акцыю на 25 сакавіка брутальна разагналі, а
сёлета дазволілі нават канцэрт у цэнтры гораду...
— Я думаю, што яны [улады Беларусі] цяпер пад большым ціскам з боку Расіі, чым 10 гадоў таму. Лукашэнка хвалюецца праз магчымыя непрадказальныя дзеянні Расіі. За гэтыя 10 гадоў адбыліся спробы нападу на Грузію, Украіну. Гэта быў своеасаблівы званочак для Лукашэнкі і папярэджанне для людзей вакол яго. Дый эканамічная сітуацыя не найлепшая. «Падатак на дармаедства» выліўся ў пратэсты. Да ўладаў, відаць, прыходзіць разуменне, што калі яны захаваюць аўтарытарны стыль паводзінаў, тады сітуацыя стане яшчэ менш стабільнай.
Разам з тым я не маю ілюзіяў, што Лукашэнка будзе праводзіць нейкія дэмакратычныя рэформы. Ён зацікаўлены толькі ў захаванні сваёй улады, якую трымае з 1994 года. Ён хоча пераканацца, што не паўстане нейкі рух, як было ва Украіне ў 2004 ці 2014, ці ў Грузіі, ці іншых краінах, які дае людзям грунт для аб’яднання. Ён баіцца, што сітуацыя папросту выйдзе з-пад кантролю...
— Ці значыць гэта, што «Круглы стол», як калісьці ў Польшчы, у Беларусі немагчымы?
— Лукашэнка мусіць сысці. Ён у нейкай ступені закладнік сваёй жа сістэмы, у якой ён не можа сабе дазволіць мірна перадаць уладу. А ягоны сын недастаткова дарослы, каб замяніць яго. Я проста не бачу, як Беларусь перагорне старонку, пакуль ён прэзідэнт гэтай краіны.
Як я сказаў раней, нават калі Беларусь пачне перамены, яна не стане адразу дэмакратыяй. Пакуль ён кіруе краінай, Беларусь не будзе рухацца ў больш дэмакратычным кірунку. Вось чаму важна дазволіць іншым палітычным сілам у Беларусі спаборнічаць. Каб беларусы мелі сапраўдны выбар. Гэта тое, чаго яны заслугоўваюць.
— Вы шмат разоў кантактавалі з людзьмі Лукашэнкі. Як вам здаецца, наколькі ён самастойны палітык і наколькі ён залежны ад Пуціна?
— Я не думаю, што ён самастойны гулец, бо вельмі залежыць ад Масквы. Яму падабаецца паказваць сябе як абаронцу Беларусі — нібыта ён захаваў суверэнітэт. Але ён і нарабіў шмат шкоды, уцягваючы Беларусь у залежнасць ад Расіі. Ён так гуляе з Захадам і з Расіяй, маніпулюючы і тымі, і тымі.
Я хачу бачыць Беларусь суверэннай і незалежнай, і я не ведаю шмат людзей, якія так не думаюць. Але мы не павінны трапляць у пастку пераканання, што Лукашэнка апошні абаронца Беларусі. Ён нарабіў шкоды краіне, і трэба разумець, што Лукашэнка можа здаць Беларусь Расіі, каб толькі застацца пры ўладзе. А ў Расеі хапае інструментаў кантролю: акрамя вайсковых, ёсць і эканамічныя спосабы.
— У апошнія гады беларусы пачалі
масава цікавіцца мовай і культурай, носяць вышыванкі. Як на захадзе ацэньваюць
гэтыя праявы арыентацыі на нацыянальныя каштоўнасці?
— Я думаю, гэта ў вялікай ступені вынік расейскага нападу на Украіну. Мы бачым, што ва Украіне цяпер вельмі моцнае пачуццё еднасці, патрыятызму, нягледзячы на моцны падзел грамадства. Падобна і ў Беларусі ды іншых краінах: дзеянні Пуціна і русіфікацыя толькі ўзмацняюць нацыянальную ідэнтычнасць. Я лічу гэта вельмі пазітыўным працэсам. На жаль, нацыянальная ідэнтычнасць была ў Беларусі вельмі слабая цягам гадоў.
— 25 сакавіка Беларусь святкуе 100-годдзе незалежнасці. Якое пасланне вы хацелі б перадаць з гэтай нагоды?
— Я жадаю беларусам усяго найлепшага з нагоды юбілею незалежнасці, і я хацеў бы вярнуцца і святкаваць разам з беларусамі. Спадзяюся, ужо ў найбліжэйшай будучыні настане яснейшы дзень, якога беларусы заслугоўваюць. Перакананы, што ў Беларусі шмат людзей зычаць добрай будучыні сваёй краіне і бачаць гэтую будучыню ў еўраатлантычнай супольнасці.