Актывісты патрабуюць вырашэння ўсіх праблем бяспекі перад пускам БелАЭС

Беларуская антыядзерная кампанія патрабуе ад Дзяржатамнагляду вырашыць усе праблемы бяспекі Астравецкай АЭС да яе фізічнага пуску, у тым ліку — праблемы, выяўленыя падчас партнёрскай праверкі стрэс-тэстаў і іх грамадскай экспертызы.

aes_14.jpg

Адкрыты зварот кампаніі, куды ўваходзяць Беларуская партыя «Зялёныя» і ГА «Экадом», распаўсюджана ў СМІ 29 жніўня.
Яго аўтары крытыкуюць Нацыянальны план дзеянняў па выніках правядзення стрэс-тэстаў БелАЭС за «недастаткова сур’ёзнае стаўленне да працэдуры стрэс-тэстаў» і «ўвядзенне ў зман пра высновы еўрапейскіх экспертаў».
У звароце, у прыватнасці, абвяргаецца змешчаная ў Нацплане выснова пра тое, што «дэфіцытаў бяспекі не выяўлена» і «дадатковыя меры па ўзмацненні праектнага ўзроўню бяспекі не патрабуюцца».
Прадстаўнікі экалагічнай грамадскасці сцвярджаюць, што даклад еўраэкспертаў па выніках партнёрскай праверкі стрэс-тэстаў БелАЭС не ўтрымлівае такога вываду. Больш за тое, група міжнародных экспертаў, якая праводзіла партнёрскую праверку, «выявіла праблемы ў кожнай з трох абласцей даследавання і выдала беларускаму боку рэкамендацыі па іх ліквідацыі», гаворыцца ў звароце.
Яго аўтары ставяць пытанне: калі ніякіх мер пасля правядзення стрэс-тэстаў не патрабуецца, для чаго патрэбен Нацплан і адпаведныя выдаткі?
Прадстаўнікі антыядзернай кампаніі занепакоеныя тым, што не ўсе рэкамендацыі еўрапейскіх экспертаў па ліквідацыі рызык БелАЭС уключаны ў Нацплан. Праігнараваныя таксама некаторыя меры, прапанаваныя грамадскай экспертызай стрэс-тэстаў БелАЭС.
Так, не ўлічана прапанова па аснашчэнні БелАЭС сістэмамі фільтрацыі вентылявання ахоўнай абалонкі, што пакідае нявырашанай праблему радыёактыўных выкідаў БелАЭС — як у выніку магчымай аварыі, так і ў штатным рэжыме работы. Напрыклад, у такіх краінах, як Фінляндыя, падобная мера з’яўляецца абавязковай.
«Большасць практычных дзеянняў па ліквідацыі рызык БелАЭС, апісаных у Нацплане дзеянняў, вельмі цяжка выконваць ва ўмовах працоўнай рэактарнай устаноўкі, падключанай да сеткі. Гэта таксама стварае дадатковыя рызыкі бяспекі працы станцыі. Больш за тое, гэта вельмі дарагая працэдура», — гаворыцца ў звароце.
«Крайнюю трывогу» аўтараў звароту выклікае рэакцыя беларускага МЗС на заяву літоўскага боку, якая заклікае ажыццявіць Нацплан дзеянняў да фізічнага пуску БелАЭС.
«На наш погляд, Літва абгрунтавана заяўляе аб тым, што дзеянні па зніжэнні рызык БелАЭС для Беларусі не так важныя, як увод у строй. Гэта дэманструе як сам ход будаўніцтва, так і Нацплан дзеянняў. Аднак замест удзячнасці за справядлівыя заўвагі, якія служаць ўзмацненню бяспекі ў рэгіёне, Беларусь спрабуе пазначыць Літве на нейкія парушэнні. Пры гэтым цалкам не ўлічваючы таго факту, што Літва выводзіць з эксплуатацыі АЭС, спадчыну савецкага часу, а не будуе новую. І яна гэта робіць значна больш адкрыта, кіруючыся пры гэтым больш сучаснымі еўрапейскімі стандартамі і падыходамі», — гаворыцца ў звароце.
Прадстаўнікі грамадскасці заклікаюць Дзяржатамнагляд перагледзець графік выканання Нацплана дзеянняў, уключыўшы туды ўсе рэкамендацыі (у тым ліку ўстаноўку сістэмы фільтрацыі вентсистем контайнмента), і выканаць іх да фізічнага пуску станцыі.
Тэкст аналагічнай петыцыі быў раней размешчаны на сайце change.org. За тыдзень петыцыя сабрала каля паўтары тысячы подпісаў.
Паводле naviny.by