Алег Латышонак: Тарашкевіч смерцю акупіў усе свае памылкі

Камісія польскага Інстытуту нацыянальнай памяці працуе зараз над біяграфіяй Якуба Коласа.

latyszonak.jpg

Справа аб перайменаванні вуліцы Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім яшчэ не вырашана.

Хоць адмысловая камісія польскага Інстытуту нацыянальнай памяці (ІПН) па дэкамунізацыі вуліцаў, якая працуе ў Кракаве пад кіраўніцтвам доктара Мацея Коркуця, ужо прызнала, што Браніслаў Тарашкевіч, як камуніст, не варты таго, каб яго імя насіла вуліца ў Польшчы.

Падляшскі ваявода патрабуе дэкамунізацыі вуліцы. Бельскае самакіраванне будзе адклікаць рашэнне. А Беларускае гістарычнае таварыства падрыхтавала абгрунтаванне.

Са старшынёй Беларускага гістарычнага таварыства прафесарам Алегам Латышонкам пагутарыў карэспандэнт “Радыё Рацыя”.

— Палічылі, што Тарашкевіч не толькі камуніст, але і прыхільнік сталінізму.

— Логіка Мацея Коркуця ясная. Для яго таго, што Тарашкевіч быў камуністам і супрацоўнічаў з СССР, — ужо дастаткова, каб лічыць яго сімвалам камунізму. Для мяне і яшчэ многіх гэта непрымальна, хоць я і не адмаўляю фактаў з жыццяпісу Тарашкевіча.

Для беларусаў ён не сімвал камунізму, а сімвал змагання за Беларусь. Можна лічыць, што ён пайшоў фальшывым шляхам, што паверыў у савецкі падман. Але ж, з іншага боку, відаць, што ён гэта хацеў скарыстаць для беларускай справы.

Ён не рабіў гэта для пабудовы камунізму, у які, на мой погляд, не верыў, а толькі скарыстоўваў магчымасць. За гэта ён заплаціў самую страшную цану. Бо ён не быў расстраляны, як гэта афіцыйна падаецца. Але быў закатаваны вельмі брутальным чынам.

— Ёсць такое ўражанне, што зараз ІПН зрабіў чарговы палітычны суд над Тарашкевічам. Яго ізноў судзяць за погляды, а не за тое, што ён зрабіў.

— На мой погляд, закон аб дэкамунізацыі тычыцца людзей, якія, па-першае, былі сімвалам камунізму, а, па-другое, былі злачынцамі. А Тарашкевіч ніякай злачыннай дзейнасцю не займаўся. Мы можам дакараць яго як палітыка, але не можам сказаць, што ён злачынца.

Трэба адзначыць, што не ІПН першым атакаваў асобу Тарашкевіча. Першая атака прыйшла з боку ідэолага афіцыйнага Мінску, рэдактара «СБ» Якубовіча, які дакараў Тарашкевіча ў тым, што нібыта ён выдаў 160 чалавек на смерць НКВД. І гэты выпад вельмі агідны. А тое, што Тарашкевіча дзевяць месяцаў катавалі, і ў ім ужо нельга было пазнаць чалавека, а гэта быў кавалак чорна-сіняга цела, калі яго закінулі ў келлю, як пра гэта ўспамінае адзін з вязняў. То пра гэта спадар Якубовіч чамусьці не ўспомніў.

І тут аказалася, што да цкавання Тарашкевіча далучыўся польскі Інстытут нацыянальнай памяці. Коркуць адзначае, што Сталін забіваў сваіх. Але ж нельга ставіць Тарашкевіча побач з чэкістамі, якія самі сябе мардавалі ў чарговых хвалях тэрору.

У чацвер адбылося пасяджэнне праўлення Беларускага гістарычнага таварыства. Мы рыхтуем заяву супраць дэкамунізацыі асобы Тарашкевіча.

— Вядома, што камісія Коркуця працуе зараз над біяграфіяй Якуба Коласа.

— Тут можна толькі развесці рукамі. Кім ёсць спадар Коркуць, каб дэкамунізаваць Якуба Коласа?! Ніхто ўжо не будзе памятаць пра гэтую дэкамунізацыю, а Колас назаўсёды застанецца нашым нацыянальным паэтам. Тарашкевіч, безумоўна, постаць трагічная, складаная, але ён акупіў сваёй смерцю ўсе свае памылкі.

Паводле дырэктара Інстытута нацыянальнай памяці ў Варшаве Яраслава Шарэка, інстытут гатовы наладзіць спатканне беларускіх гісторыкаў з польскімі калегамі, якія займаюцца вывучэннем справы Браніслава Тарашкевіча, каб адбылася дыскусія і бакі маглі знайсці паразуменне.

Гутарыла Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя