Прэзентацыя «Тэорыі літаратуры ХХ ст.» — кнігі для ўсіх гуманітарыеў!

«Месяц польскай літаратуры» працягваецца, і мы сардэчна запрашаем на чарговае мерапрыемства — прэзентацыю беларускага перакладу кнігі польскіх літаратуразнаўцаў Анны Бужыньскай і Міхала Паўла Маркоўскага «Тэорыі літаратуры ХХ ст».

teorie_literatury_afisz_23.11.2017.jpg

23 лістапада 2017 года ў 19:00 у БІП-Інстытуце правазнаўства (вул. Кастрычніцкая, 5, аўд. 102, уваход праз Малую залу к/з «Мінск») у рамках цыкла “МЕСЯЦ ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ” адбудзецца прэзентацыя беларускага перакладу кнігі польскіх літаратуразнаўцаў Анны Бужыньскай і Міхала Паўла Маркоўскага „Тэорыі літаратуры ХХ ст”.

«Тэорыі літаратуры ХХ ст.» — грунтоўны агляд гісторыі ідэй мінулага стагоддзя. Беларускі чытач бачыць падобнае выданне ўпершыню: шмат якія канцэпцыі, тэрміны, імёны раней не гучалі па-беларуску. Гэта кніга — неабходны дапаможнік не толькі для філолагаў. Яна карысная філосафам, культуролагам, журналістам, якія пішуць пра культуру, а таксама ўсім гуманітарыям, якія хацелі б мець пад рукой даступна напісаны і зручна звярстаны тэкст, які забяспечыць базавыя і сістэмныя веды, неабходныя сёння актуальнаму інтэлектуалу.

Што гэта за кніга?

Анна Бужыньска і Міхал Павел Маркоўскі ў адным томе апісваюць найважнейшыя тэорыі літаратуры мінулага стагоддзя ад псіхааналізу да посткаланіялізму. Аўтары прыклалі ўсе намаганні, каб багацце зместу і кампетэнтны аналіз спалучаліся з яснасцю і празрыстасцю расповеду. Кожнай з асобных плыняў тэорыі літаратуры прысвечаны асобны раздзел, дапоўнены карыснымі дадаткамі: тлумачэннем ключавых паняццяў, храналогіяй і шырокай бібліяграфіяй. Несумнеўным плюсам з’яўляецца таксама вобразная мова, дзякуючы якой кніга проста цудоўна чытаецца. Напрыканцы змешчаная раскладная “мапа” тэорый літаратуры. Дзякуючы гэтаму кнігу можна параіць не толькі будучым літаратуразнаўцам, але ўсім студэнтам гуманітарных спецыяльнасцей. Такога выдання яшчэ не было. Гэтая кніга была абсалютнай навінкай на польскім рынку і з’яўляецца феноменам сусветнага маштабу.

Пра аўтараў

Анна Бужыньска, загадчыца кафедры тэорыі літаратуры на факультэце паланістыкі Ягелонскага ўніверсітэта, загадчыца літаратурна-драматургічнай часткі Тэатра імя Юльюша Славацкага ў Кракаве. Займаецца найноўшымі плынямі ў літаратуразнаўстве, эстэтыцы і філасофіі (асабліва постмадэрнізмам і постсучаснай філасофіяй). Міхал Павел Маркоўскі, ардынарны прафесар на факультэце паланістыкі Ягелонскага ўніверсітэта, загадчык кафедры міжнародных паланістычных даследаванняў, дырэктар School for Advanced Studies Ягелонскага ўніверсітэта, загадчык кафедры польскай мовы і літаратуры на факультэце вольных мастацтваў і навук Ілінойскага ўніверсітэта ў Чыкага, сурэдактар серыі “Гарызонты сучаснасці”, аўтар некалькі дзясяткаў кніг па філасофіі літаратуры.

 

teorie_literatury_afisz.jpg

Кніга выдадзеная на сродкі чытачоў, якія фінансавалі выданне падчас краўдфандынгавай каманіі на „Талацэ”. Выданню кнігі таксама спрыялі Польскі інстытут кнігі (Кракаў), Фонд культуры і адукацыі Орса Рамана (Нью-Ёрк), ПЭН Амерыка (Нью-Ёрк), фонд “Вяртанне” (Мінск), польская беларусістка, першая амбасадарка Польшчы ў незалежнай Беларусі Эльжбета Смулкова (Варшава) і шматлікія іншыя людзі і арганізацыі, якія словам і справай дапамагалі кнізе з’явіцца. 

Паводле прэс-службы Польскага Інстытуту ў Мінску