Алесь Пушкін: Я ведаю, як змагацца з каронавірусам
Мастак Алесь Пушкін дае парады, як можна засцерагчыся, каб не захварэць каронавірусам.
Алесь Пушкін распавёў Радыё Рацыя:
— Днямі патэлефанавала з Мінска дачка, у яе чатырохгадовы сын, і кажа: “Тата, у нас тут цікавяцца, ці можна ў вёсцы зняць домік на некалькі тыдняў ці аж да траўня, каб з’ехаць з гэтай тлумнай сталіцы ад мітусні і хвароб і спакойна пачытаць у вёсцы кнігі”.
Гэта вельмі слушна, а мая парада вельмі простая. Беларусь – даволі прасторная краіна, у якой шмат пустых закінутых хатаў. Таму можна на перыяд вымушаных вакацый з-за каронавіруса раз’ехацца па розных ціхіх кутках. Прыедзьце, парамантуйце плот, абкапайце дрэўцы на свежым паветры, паграбіце траву. Акрамя таго, сталічныя жыхары дапамогуць рэалізаваць прадукцыю вясковым крамам, бо, напрыклад, у нас, у Бабры, усё завалена, ніхто нічога не купляе. Каньякі па некалькі год стаяць, а, магчыма ж, нехта захоча дэзінфекцыю cабе зрабіць?
А старым, натуральна, парада менш хадзіць па магазінах, бо гэта менавіта тая катэгорыя людзей, якая больш за ўсё і церпіць ад інфекцыі. І ў царкву ды касцёл лепш не хадзіць ды не лабызаць там абразы. Святому Міколу можна і ў хаце памаліцца.
— Як увогуле вы ставіцеся да сітуацыі з эпідэміяй каронавіруса?
— У нас, у Бабры, такой праблемы наогул няма. Я не так даўно патэлефанаваў свайму сябру з польскага Шчэціна, ён там у ліцэі выкладае. Распавядаў мне, што ў іх у кожным у класе – па 30 чалавек. Падчас вакацый амаль усе дзеці падарожнічалі з бацькамі па Еўропе, таму ёсць верагоднасць, што нехта падчапіў інфекцыю.
А ў Бабры ў школе вучыцца 150 дзяцей і 30 у дзіцячым садку. І, напэўна, няма ніводнага, хто б наогул выязджаў хоць адзін раз за мяжу. Таму, як бачым, з-за сваёй беднасці у нас і праблема меншая. Тым больш, у вёсках.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя