Закупкі пра запас з-за каронавіруса: псіхолаг распавёў пра іх сапраўдныя прычыны

Жыхары краін, дзе бушуе COVID-19, скупляюць у супермаркетах антысептыкі, маскі, туалетную паперу і макароны. Псіхолаг распавёў, што стаіць за гэтымі панічнымі закупкамі.



52560079_303.jpg

Жыхары краін Еўропы і Азіі, якія сутыкнуліся з каронавірусам, усё часцей набываюць у супермаркетах прадметы гігіены, бытавую хімію і прадукты харчавання з доўгім тэрмінам захоўвання. Пра псіхалогію такіх закупак DW распавёў дацэнт кафедры арганізацыйных паводзінаў у бізнес-школе і даследчым інстытуце INSEAD у Сінгапуры Эндру Йеп.

— Чаму людзі здзяйсняюць так званыя панічныя закупкі?

— Каронавірус — нябачны вораг. А калі не бачыш ворага, то губляеш пачуццё кантролю. У такой сітуацыі спрабуеш зрабіць хоць нешта, каб кампенсаваць гэту страту і аднавіць кантроль. Набыццё пэўных рэчаў — адзін са спосабаў зрабіць гэта.

— Ці азначае гэта, што, калі б я цяпер, напрыклад, пайшоў у супермаркет і набыў нешта, я б менш стаў баяцца каронавіруса?

— Нашы даследаванні паказваюць: калі губляеш суб’ектыўнае пачуццё кантролю, то пачынаеш купляць рэчы, каб пастарацца вырашыць праблемы, якія прывялі да першапачатковай страты кантролю.

Іншымі словамі, калі вы хвалюецеся з-за віруса, дык пачынаеце закупляць тавары, якія патэнцыйна могуць прадухіліць заражэнне або зрабіць месца вакол вас чысцейшым. У выніку людзі купляюць маскі, антысептыкі для рук, мыйныя сродкі для падтрымання чысціні ў офісе і дома і гэтак далей.

Значыць, усё роўна, ці з'яўляюцца гэтыя меры эфектыўнымі: калі купляеш нешта, папросту адчуваеш сябе лепш і больш абароненым?

— Менавіта так.

— Калі для людзей так важна пачуццё кантролю, асабліва ва ўмовах атмасферы страху, як можна дапамагчы ім вярнуць гэта адчуванне?

— Перш за ўсё, чалавеку трэба атрымліваць інфармацыю. Неабходна тлумачыць, каб людзі разумелі, што адбываецца насамрэч, распавядаць, што гэта за вірус, як ён перадаецца, як трэба паводзіць сябе ў выпадку падазрэнняў на заражэнне.

Але я б не раіў праводзіць шмат часу за праглядам навінаў у сацыяльных сетках, таму што сацсеткі — гэта свайго роду рэха-камера (закрытая сістэма, у рамках якой пэўныя ідэі ўзмацняюцца шляхам іх паўтарэння. — Рэд.). Адна з прычынаў вялікай колькасці панічных закупак палягае менавіта ў тым, што людзі бачаць фота і відэа таго, як іншыя закупляюць туалетную паперу і іншыя тавары, а паліцы пусцеюць. Гэта прыводзіць да шматлiкiх выпадкаў панічных закупак па ўсім свеце.

Мы не назіралі такіх паводзінаў падчас эпідэміі атыповай пнеўманіі SARS (у 2002–2003 гадах. — Рэд.), якая была падобнай віруснай інфекцыяй і насіла гэткі ж пандэмічны характар. Тады панічных закупак было менш, таму што ў людзей у руках не было такой рэха-камеры.

Паводле www.dw.com