Алесю Атрошчанкаву пакінулі прысуд у сіле

Прэсаваму сакратару экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава Алесю Атрошчанкаву пакінуты ў сіле вынесены першай судовай інстанцыяй прысуд. Такое рашэнне прыняў суддзя Мінскага гарадскога суда спадар Пуціла.

Прэсаваму сакратару экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава Алесю Атрошчанкаву пакінуты ў сіле вынесены першай судовай інстанцыяй прысуд. Такое рашэнне прыняў суддзя Мінскага гарадскога суда спадар Пуціла.
Алеся Атрошчанкава арыштавалі 20 снежня 2010 года, на наступны дзень пасля масавай акцыі пратэсту ў Мінску, якая адбылася пасля завяршэння галасавання на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Журналіст быў асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі за быццам бы ўдзел у масавых беспарадках, але 14 верасня 2011 года  вызвалены з калоніі паводле ўказу афіцыйнага беларускага лідара аб памілаванні. Алесь Атрошчанкаў адказаў на пытанні карэспандэнта “Новага часу. 
— Ці варта было ўвогуле абскарджваць прысуд?
— Натуральна, такія прыгаворы трэба абскарджваць. Зразумела, што палітычная сітуацыя зараз не лепшая, але ясна, што канкрэтныя прысуды выносяць не Лукашэнка, не Куляшоў, не Зайцаў, прысуды выносяць канкрэтныя суддзі з канкрэтнымі прозвішчамі, і яны павінны добра разумець, што за гэта давядзецца адказваць. Але такія скаргі даюць гэтым людзям шанс паступіць па сумленню, па закону.
— Калі ты разам з адвакатам абскарджваў прысуд, ці разлічвалі вы на тое, што будзе прынята станоўчае рашэнне?
— Насамрэч, я на гэта не разлічваў. Але трэба пісаць скаргі, хаця б таму, каб потым ніхто не спытаўся, чаму ты не абскардзіў вырак, мо, ты з ім пагадзіўся? Існуе такая практыка абскарджвання. Я і зараз буду пісаць скаргу ў Вярхоўны суд. Я не лічу сябе вінаватым, чаму тады я павінен апускаць рукі?
— На твой погляд, ці змянілася нешта ў судовай, у палітычнай сістэме Беларусі з таго часу, як пачаліся працэсы па падзеях 19 снежня 2010 года?
— У судовай сістэме ў прынцыпе нічога не можа змяніцца, таму што суддзі як былі залежнымі, так і засталіся. Што да палітычнай сітуацыі, то відавочна, што палітычнае кіраўніцтва напалохана, яно робіць усе захады, каб утрымаць уладу ў краіне сілавым шляхам. 
— Ці змянілася сітуацыя для апанентаў дзеючай улады ў сэнсе магчымасцей іх дзейнасці?  
— Мне цяжка параўноўваць сённяшнюю сітуацыю з веснавой, бо тую я не бачыў. Але цяперашнюю сітуацыю нельга параўноўваць нават з той, што была да 19 снежня, бо сітуацыя ў краіне істотна змянілася. Калі я “сядаў, была адна краіна, а сёння яна зусім іншая. Грамадства цалкам змянілася, у краіне ўсталявалася атмасфера страху, людзей сотнямі хапаюць на вуліцах нават без падабенстваў законных падстаў. Літаральна ва ўсе сферы пранік прававы нігілізм. 
— Ці маюць сэнс цяперашнія штодзённыя акцыі, калі некалькі людзей выходзяць на Кастрычніцкую плошчу Мінска, якіх хапаюць і судзяць?  
— Безумоўна, такія акцыі маюць вялікі сэнс. Хаця б таму, што гэта не проста адбываецца таму, што так хочацца некаторым актывістам, а таму, што ёсць аб’ектыўныя падставы для такіх акцый. У краіне рэальна існуе праблема палітзняволеных, прычым значэнне гэтае праблемы цяжка пераацаніць. Гэтая праблема наносіць вялікі ўрон рэпутацыі краіны, падрывае давер да інстытутаў улады. Гэта насамрэч сур’ёзная праблема, і тое, што людзі выходзяць, нягледзячы на рызыку быць арыштаванымі, сведчыць пра іх мужнасць, пра тое, што людзі, якія выходзяць дзеля прыцягнення ўвагі да гэтае праблемы, адчуваюць большую адказнасць і разуменне праблемы, чым іншыя, яны маюць мужнасць і рашучасць казаць пра гэтыя праблемы адкрыта.