Аляксандр Тамковіч: Не ўмею жорстка адказваць на чужую подласць
Пісьменнік і журналіст Аляксандр Тамковіч ніколі не разглядаў свае кнігі як занятак бізнэсам.
Аляксандр Тамковіч распачаў збор сродкаў на краўдфандынгавай платформе Talaka.by: цягам месяца трэба сабраць 6 тысяч беларускіх рублёў.
Пра цяжкі лёс кнігі, і не толькі, Аляксандр Тамковіч распавёў «Беларускай праўдзе».
— Вы абвясцілі збор сродкаў на выданне новай кнігі «Мазаіка жыцця». Што яна ўяўляе сабой, чым можа прывабіць чытача?
— Упэўнены, кожны заўважыў, што збор сродкаў пачаўся пад лозунгам «створым энцыклапедыю сучаснасці». Як модна сёння казаць, гэта і ёсць мэйнстрым «Мазаікі жыцця». Кніга будзе складацца з некалькіх дзясяткаў біяграфічных нарысаў і сотняў унікальных фота з сямейных архіваў.
На вокладцы можна прачытаць знаёмыя ўсім прозвішчы спевакоў, мастакоў, рэжысёраў, пісьменнікаў, культуролагаў, скульптараў, гісторыкаў і г.д., аднак там далёка не ўсе размовы, якія плануецца зрабіць. Некаторыя рэчы яшчэ «ў рабоце», а я, як кажуць у народзе, «не кажу гоп, пакуль не пераскочыў».
— Лёс 19-й вашай кнігі складваецца досыць цяжка…
— Галоўная цяжкасць у тым, што некаторыя людзі прызвычаіліся, скажам так, жыць за кошт даверу іншых, пэўнай наіўнасці. Не хачу выглядаць нейкім маралістам, але я не магу зразумець і прыняць, як можна адначасова атрымаць ад мужа лецішча на Мінскім моры, шыкоўную шматпакаёўку ў прэстыжнай сталічнай «Вяснянцы» і нерухомасць у іспанскім Мадрыдзе, а кнігу пра гэтага мужа зрабіць за кошт даверлівасці яе аўтара… Магчыма, у гэтым і ёсць сутнасць «бізнэсу па-беларуску»…
— Папярэднія творы вы раздавалі бясплатна, а тут даводзіцца збіраць на кнігу ўсім светам. Што здарылася: зніклі спонсары ці ў нашы змрочныя часіны проста не да кніг?
— На «Мазаіку жыцця» была абяцаная спонсарская падтрымка, аднак падманам была накіравана на іншую мэту…
Напэўна, калі гэта стала відавочна, мне трэба было кардынальна змяніць свае адносіны да таго праекта, але нічога падобнага не адбылося па той прычыне, што я не ўмею жорстка адказваць на чужую подласць…
Так, усе папярэднія кнігі былі для чытачоў бясплатнымі. Адбывалася гэта таму, што я ніколі не разглядаў выданне кніг як нейкі бізнес. На ўсіх агулам зарабіў менш, чым некаторыя на адной. Галоўным тут былі не грошы, а маральнае «вяртанне ў абойму», з якой я «выпаў» у 2002 годзе ў сувязі з цяжкай хваробай.
Да таго ж тыя, хто сёння чытае кнігі, далёка не самыя заможныя людзі. Мая добрая знаёмая Святлана Аляксандраўна Алексіевіч неяк расказвала, што адзін «новы рускі» з гонарам паказваў ёй залаты ўнітаз. Пройдзе шмат год — і пра яго забудуць нават родныя, а пра першую ў беларускай гісторыі Нобелеўскую лаўрэатку будуць помніць стагоддзямі.
Гэта да таго, што ў нашым жыцці не ўсё вырашаецца страўнікам і іншымі часткамі цела…
— Аднак жа на 18 папярэдніх кніг фундатары знайшліся. Літаральна 12 красавіка вы прэзентавалі нямецкі варыянт кнігі «Чарнобыльскі шлях. Ад катастрофы — да сада надзеі».
— 19-я кніга не будзе бізнесам таксама.
На жаль, традыцыйных спонсараў для яе, сапраўды, не знайшлося. Краўдфандынг дазваляе даказаць, што можна абысціся і без іх.
Да таго ж прыклады Паўла Бераговіча, Юрыя Зісера і іншых даказваюць, што падтрымку знаходзяць не толькі тыя, хто шукае яе вельмі далёка…
Важна, каб людзі не абмяжоўваліся «лайкамі» ў фэйсбуку, а рэальна ахвяравалі сродкі. «Арыенціры» там такія «cмешныя», што іх можна параўнаць з коштам некалькіх бутэлек піва. Дый сама кніга абыдзецца чалавеку не больш за вячэру ў прыстойным рэстаране, так што выбар паміж мазгамі і страўнікам, на мой погляд, відавочны.
Дарэчы, узгаданая вышэй кніга таксама збіралася метадам талакі, якую бліскуча зладзіла ў Германіі і Швейцарыі Ірына Грушавая.
— Вы найперш вядомы як журналіст. Як сталася, што вы падаліся ў пісьменнікі?
— Па-першае, дазволю сабе не пагадзіцца з такой тэзай. Я быў і застаюся журналістам. Проста крыху змяніўся накірунак творчасці: зараз збольшага пішу ў стылі, які называецца нон-фікшэн.
Па-другое, я ганаруся тым, што многія знакамітыя літаратары некалі працавалі менавіта ў газетах і часопісах: той жа Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, альбо Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.
— Кніга «Мазаіка жыцця» ўжо тры гады чакае свайго часу. Фінансавыя праблемы парушылі вашы пісьменніцкія планы?
— Ніякія планы не парушаны. Проста ўзніклі пэўныя складанасці, якія будуць пераадоленыя.
Калі нехта думае, што з папярэднімі кнігамі ўсё было лёгка і проста, то ён памыляецца, аднак БОГ ніколі не дае чалавеку такое выпрабаванне, з якога няма выйсця. Напэўна, на гэты раз ён падштурхнуў мяне да краўдфандынгу.
— Збор сродкаў на выданне кнігі праводзіцца на платформе Talaka.by. Колькі трэба сабраць?
— Па самых сціплых і вельмі скрупулёзных разліках, — 5947 беларускіх рублёў.
Георгій Громаў, Беларуская праўда