Аляксандр Вайтовіч: Пагаварылі — разышліся…
Былы кіраўнік Акадэміі навук Беларусі распавядае пра тое, чаму «буксуе» беларуская навука.
Днямі беларускі кіраўнік удзельнічаў у II З’ездзе навукоўцаў, які, па інфармацыі дзяржаўных СМІ, “сабраў навуковую эліту краіны, стаў знакавай падзеяй 2017 года, а таксама новым адлікам у развіцці беларускай навукі”.
Аляксандр Вайтовіч адзначыў:
— Не ведаю, ці стане гэтае мерапрыемства “новым адлікам у развіцці навукі”, але адно магу сказаць — пасля першага з’езду па сутнасці ніякіх зменаў не было. Зараз, праўда, кажуць, што з’явіцца дакумент, які будзе рэгламентаваць заробкі навукоўцаў, але пабачым, як гэтая абяцанка будзе працаваць на практыцы. А іншых зрухаў, напэўна, і не прадбачыцца. Ды пра іх і не казалася.
— А чаму пасля першага з’езда навукоўцаў не адбылося прагрэса ў гэтым асяродку?
— Таму што ў іншых краінах няма такіх мерапрыемстваў, а калі ў навукоўцаў ёсць праблемы ў навукова-інавацыйных сферах, то яны абмяркоўваюцца іншым складам і ў іншым месцы. А беларускі з’езд — гэта больш “гаварыльня”. Калі на мерапрыемстве не прымаецца праграма альбо план, то людзі проста пачэшуць языкамі і разыходзяцца. З’езд больш выконвае прапагандысцкія функцыі, бо праблему можна вырашаць і без такіх форумаў. А ў нас мерапрыемства прайшло — усе разышліся, і пра яго забылі. А разам з гэтым забыліся і пра тыя праблемы, што ёсць у навукоўцаў. Вось і буксуем, ходзім на месцы…
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя