Амбасадар Літвы: «У нас людзі хочуць больш ведаць пра Курапаты»
Упершыню за 30 гадоў у Мінску адбылася міжнародная канферэнцыя, прысвечаная найбуйнейшаму месцу сталінскіх расстрэлаў у Беларусі.
Адметна, што ініцыятарам сустрэчы стала Амбасада Літвы. Ад беларускага боку на ёй прысутнічалі прадстаўнікі кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ і ўдзельнікі сёлетняй Курапацкай варты, а таксама гісторыкі з Літвы, зацікаўленая грамадскасць з Латвіі і Польшчы. Так супала (і ў гэтым ёсць пэўны сімвалізм), што канферэнцыя, прысвечаная Курапатам, адбылася 7 лістапада — у дзень, калі на афіцыйным узроўні ў Беларусі адзначаецца гадавіна Кастрычніцкага перавароту.
— У нас даўно была ідэя пагаварыць пра Курапаты ў літоўскім кантэксце, — зазначыў амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Андрус Пулокас. — У тым, што было тады, напачатку 1940-х, мы заўжды спрабавалі знайсці «літоўскі след». Задавалі пытанне: хто там (расстраляны. – НЧ.), калі, як гэта можна ўвекавечыць і памятаць, каб гэта ніколі больш не здарылася. Мы з нашай гісторыі ведаем пра Чэрвень, дзе ў 1941 годзе было расстраляна шмат літоўцаў, і пра Курапаты. Але ў самой Літве мала што вядома пра гэта.
Андрус Пулокас распавёў, што апошнім часам у Літве з’яўляюцца моладзевыя арганізацыі, якія ўшаноўваюць памяць рэпрэсаваных літоўцаў у СССР. У прыватнасці, з 2006 года гэтым займаецца арганізацыя «Місія Сібір». Штогод яе ўдзельнікі збіраюцца, едуць у Сібір, сустракаюцца з мясцовымі людзьмі, наведваюць могілкі, дзе пахаваны рэпрэсаваныя літоўцы, усталёўваюць там крыжы. Аднак сёлета паездка не адбылася: удзельнікам місіі Расія не выдала візы.
— Сам гэты факт кажа шмат пра што, — зазначыў амбасадар.
Па яго словах, людзі ў Літве хочуць больш ведаць пра Курапаты.
— Калі ў гэтым ёсць крыху Літвы — мы з вамі. Кожны чалавек вінаваты ў тым, што здарылася, і нават наступныя пакаленні. Пачуццё віны павінна быць вякамі. Такое не паўторыцца толькі тады, калі мы будзем адчуваць сябе вінаватымі, — заключыў ён.
Беларускі археолаг Мікалай Крывальцэвіч, які ўдзельнічаў у першых раскопках у Курапатах, распавёў пра адкрыццё ўрочышча, хаду і вынікі расследавання ў 1988 годзе. Ён адзначыў, што з боку дзяржструктур адбываліся пастаянныя спробы дэзінфармацыі і хавання вынікаў расследавання.
Асноўнай падзеяй стала эксгумацыя магіл у 6 — 15 ліпеня 1988 года. Адной з мэтаў таго расследавання, на думку археолага, было сфальсіфікаваць матэрыялы і пакараць тых, хто ўзняў шум вакол Курапатаў. Але грамадска-палітычныя падзеі ў краіне садзейнічалі іншаму.
Мастацтвазнаўца Валерый Буйвал закрануў тэму ўсталявання дзяржаўнага мемарыяльнага знаку ў Курапатах, якое адбылося літаральна ўчора і выклікала шмат незадавальнення ў грамадстве.
— Мы будзем аказваць супраціў уварванню рэжыма ў народную святыню. Ён будзе аказвацца выключна законнымі грамадзянскімі метадамі. Зараз мы працуем над гэтым пытаннем. Усё змаганне яшчэ наперадзе, будзем глядзець, як далей будуць паводзіць сябе ўлады. На мой досвед, наступны этап — знішчэнне крыжоў, потым — знішчэнне магіл, і завершыцца ўсё стварэннем парка культуры імя «слаўнага чэкіста». Мы дзейнічаем у межах палітычнага супраціву і не можам дазволіць сабе гвалт. Але калі прыйдуць маскоўскія акупанты, тады будзе зусім іншы дыскурс, — распавёў «Новаму Часу» Валерый Буйвал.
Вельмі цікавым для беларускіх калег аказаўся літоўскі досвед ушанавання памяці рэпрэсаваных у месцах ссылак. Гэтым займаецца ўжо згаданы праект «Місія Сібір». Яго кіраўнік Арнолдас Фокас (Літва) паведаміў, што колькасць літоўскіх пахаванняў у Сібіры — каля 800 могілак. Мэта праекта — захаваць гэтыя месцы.
— Сітуацыя на месцах гэтых пахаванняў вельмі трывожная, бо цягам 70 гадоў там ніхто нічога не рабіў, а прырода тым часам робіць сваё.
З 2006 года больш за 13 000 чалавек паўдзельнічала ў 17 экспедыцыях праекта «Місія Сібір», упарадкавалі 150 могілак. Штогод прыходзіць па 4000 анкет ахвотных паўдзельнічаць у місіі, якія праходзяць адбор. Галоўныя яго крытэры — матывацыя і зацікаўленасць. Кіраўнік праекта жартуе, што конкурс на тое, каб патрапіць у экспедыцыю, сур’ёзнейшы, чым на паступленне ў самы прэстыжны ўніверсітэт Літвы.
Важна тое, што ў місіі ўдзельнічаюць маладыя людзі, якія могуць распавесці равеснікам гісторыю рэпрэсій на зразумелай ім мове. І не толькі равеснікам, а нават і дзецям у дзіцячых садках — праз… гульню. У нас такое складана нават уявіць.
На думку намесніка старшыні КХП БНФ Юрыя Беленькага, пагардлівае стаўленне беларускіх уладаў да захавання памяці рэпрэсаваных выклікана тым, што ўлады гэтыя па сваёй сутнасці зусім не беларускія. Расійскія ўлады самі ці рукамі сваіх сатэлітаў робяць усё магчымае, каб знішчыць памяць пра рэпрэсіі. Выносячы папярэджанні за ўсталяванне крыжоў і богаслужэнні ў Курапатах, улады без узгаднення з грамадскасцю ўстанаўліваюць там свой мемарыяльны знак, абураецца палітык.
— Мы лічым гэтыя дзеянні гібрыднай спробай узяць пад сваю ўладу Курапаты, каб потым іх знішчыць, — мяркуе Юрый Беленькі.
Па яго словах, яму тэлефанавалі з упраўлення ідэалогіі Мінскай вобласці і папярэджвалі пра адказнасць за ўсталяванне крыжоў, а пасля нават уручылі афіцыйную паперу з папярэджаннем.
— Ціск пачаўся не цяпер. Сёлета мы падалі заяўку на правядзенне штогадовай акцыі памяці ў Чэрвені, але нам адмовілі ў сувязі з рамонтам дарогі. Аднак выехаўшы на месца, мы ўбачылі, што ніякіх работ там не вядзецца. Мы падалі заяўку ў другі раз, але нам зноў адмовілі з прычыны парушэння намі заканадаўства.
Юрый Беленькі заклікаў дыпламатаў сур’ёзна паставіцца да ўзмацнення негатыўнага стаўлення ўладаў да Курапатаў.
— Улада, якая прыдумала «Лінію Сталіна» і прыносіць прысягу ля помніка Дзяржынскаму, не ёсць той уладай, якая пакаялася, — рэзюмаваў ён.
Фота аўтаркі