Аналітык Вікторыя Васілевіч: Мы павінны быць мацнейшымі за ўласны страх
«Нельга дазволіць сабе чаканне нейкага казачнага "выратавання адкуль ні вазьміся", таму што давядзецца, як тым людзям, пакорліва апусціць галовы і пайсці ў печы»: вялікая размова з эксперткай аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Вікторыяй Васілевіч на вясновыя тэмы.
— Цяпер многія праводзяць паралелі з мінулым. Міжволі напрошваюцца аналогіі з Халакостам. Памятаеце, там таксама было асобнае заканадаўства для яўрэяў, у якім амаль усё забаронена. І яўрэі Германіі таксама ў цэлым смірна і спакойна выконвалі разнастайныя законы, што выпісваў ім фашысцкі рэжым, носячы «жоўтыя зоркі» на вопратцы і загнаўшы свае страхі глыбока ўнутр.
Але скончылася гэта тым, што іх пачалі спальваць у печах. У нас таксама ёсць неміласэрная статыстыка збітых, згвалтаваных, пакалечаных... Сам факт знішчэння звычайных грамадзян краіны ўладамі гэтай краіны — гэта і ёсць генацыд.
Частка беларусаў цяпер запала ў роспач і апусціла галовы. Гэта якраз і была пазіцыя большасці яўрэяў, якіх потым адправілі ў печы. Але там была і невялікая група грамадзян, якія распачалі спробы супрацьстаяць фашызму, гэткія «востракапытныя» сучаснай Беларусі.
Каму з яўрэяў тады ўдалося выжыць? Збеглым з Германіі. Цяпер з Беларусі таксама многія бягуць. Занадта шмат аналогій у нас з генацыдам яўрэяў у 40-я гады мінулага стагоддзя.
— Як нам не паўтарыць такі лёс?
— У іх не было тады такога гістарычнага досведу, а ў нас ён ёсць. Толькі дурнога гісторыя нічому не вучыць. Сёння ў нас іншы базіс, іншы падмурак для таго, каб процідзейнічаць знішчэнню нацыі.
Гісторыя цыклічная, яна рухаецца па своеасаблівым коле. Калі дапускаюцца маштабныя стратэгічныя памылкі, чалавецтва адпраўляецца да таго ж старту, каб усё ж такі ўсвядоміць і выправіць гэтыя памылкі.
Таму цяпер, апынуўшыся на той жа стартавай пазіцыі, нам трэба асэнсаваць прычыны, па якіх мы тут апынуліся, і ні ў якім разе не забываць жудасны гістарычны досвед. Нельга дазволіць сабе чаканне нейкага казачнага «выратавання адкуль ні вазьміся», таму што давядзецца, як тым людзям, пакорліва апусціць галовы і пайсці ў печы.
Мы павінны быць мацней за ўласны страх. Хай баяцца тыя, хто парушае ўсе нормы маралі, здаровага сэнсу, законы маральныя і дзяржаўныя. Адказнасць за цяперашнія дзеянні і бяздзейнасць панясуць усе датычныя, без сумневу.
— Некаторыя праводзяць паралель з 1937-м годам.
— Нашы «спецыялісты па ўтрыманні ўлады» нарабілі столькі! І ўзмацняюць жорсткасць без аглядкі, таму любыя параўнанні са змрочным гістарычным мінулым дарэчныя. Я паспрабавала знайсці адказ на пытанне: адкуль у нашай краіне такое мноства жорсткіх, вар’яцка жорсткіх садыстаў?
Адну з маіх прабабуль забралі ў 1932-м. Што з ёй сталася, мы дакладна дагэтуль так і не даведаліся, справу з архіваў КДБ нам паглядзець не далі. Ад людзей, якія змаглі вярнуцца з лагераў, да нас дайшло толькі, што яна была атручаная і пахаваная ў агульнай магіле.
І вось я сама, з’яўляючыся нашчадкам людзей, якія былі рэпрэсаваныя і ахоўваліся ў нейкіх рэзервацыях, доўгі час шукала нашчадкаў людзей, якія іх ахоўвалі. Ну, не было іх — нашчадкаў гэтых у 1990-я! Нас, чые родныя былі сасланыя і знішчаныя, было шмат, а вось нашчадкаў тых, якія судзілі, ахоўвалі і знішчалі, я сустрэла толькі адзінкі.
Таму што гэтыя людзі, як правіла, хаваліся і не афішавалі сувязь са сваімі продкамі-злачынцамі. Я ўжо было вырашыла: значыць, гэтыя людзі маральна здаровыя — яны разумеюць, які грэх быў узяты іх дзядамі на сябе… Але аднойчы разгаварылася з маладым рабочым, які клаў у нас плітку, ён аказаўся нашчадкам ахоўніка НКУС. Вось гэты хлопец зусім не лічыў НКУСаўцаў злачынцамі, лічыў, што гэта была проста аплочваемая праца ў тыя часы. І ён бы на месцы свайго прадзеда зрабіў тое ж самае.
Так я зразумела, што памыляюся ў прычынах, па якіх людзі хаваюць сваё паходжанне ад катаў.
Адмоўная селекцыя ў нашай краіне адбывалася задоўга да прыходу Лукашэнкі да ўлады. Спадчыннікаў «насілавікоў» з мінулага стагоддзя, вядома, больш, чым нашчадкаў рэпрэсаваных. Гэта і зразумела. Як зразумела і тое, што не ўсе ўнукі і праўнукі пайшлі «па слядах продкаў».
Я думаю, што мы якраз цяпер расхлёбваем тое, што ў тыя далёкія часы не ўсе злачынцы панеслі заслужанае пакаранне. Многія з тых, хто цяпер жыве, так і не зразумелі, што злачынствы здзяйсняліся не рукамі Сталіна, а рукамі людзей, якія рэалізоўвалі злачынныя загады.
І таму я, напрыклад, буду дамагацца таго, каб люстрацыі ў абавязковым парадку былі падвергнутыя ўсе, хто можа быць датычны да злачынстваў у нашай краіне. Нічога новага прыдумляць не давядзецца. Гэта ўсё ўжо было пасля вайны ў Германіі.
Літаральна кожны павінен атрымаць дакумент аб тым, што ён прайшоў анкетаванне на ўдзел у злачынствах супраць чалавечнасці, дзе будзе паказана, прызнаны ён вінаватым, невінаватым, паўвінаўным і гэтак далей. І толькі з гэтай анкетай будуць прымаць на працу. Хтосьці сядзе ў турму па выраку суда. Хтосьці даплаціць у бюджэт краіны велізарныя даналічаныя падаткі, якіх пазбег дзякуючы карупцыйным схемам.
Тым, хто апынецца за кратамі, я прапанавала б прачытаць пэўны пералік кніг: Дастаеўскага, Экзюперы, Макаранку, Оруэла... Спіс адкрыты. І пасля чытання напісаць сачыненне, рэфлексаваць — для таго, каб хоць бы ў нейкай меры зразумець, за што менавіта іх пакаралі.
Сярод нас выявілася некаторая частка людзей, у якой адсутнічае як такі маральны складнік. Яны вырашылі, што ім проста прадставіўся выпадак зарабіць грошай, палепшыць кар’еру. Чалавек, у якога ўбудаваныя маральныя прынцыпы, мае спачуванне і адгукаецца на чужы боль. Гэтыя — не. Калі заціснулі свой палец, рэагуюць, калі заціснулі палец іншага чалавека, яны не разумеюць, што ён адчувае.
У асноўным гэтым людзям да 30 гадоў, большасць нарадзіліся ўжо пры Лукашэнку. Чамусьці адразу ўспамінаецца адна з дзяржабвінаваўцаў, якая ўдзельнічала ў справе журналістак «Белсата».
— Але якраз у гэтай узроставай катэгорыі аказалася і вельмі шмат зусім іншай моладзі.
— Нядаўна правяла выхадныя ў Полацку, упершыню ўбачыла іх універсітэт, які размешчаны ў будынку езуіцкага калегіума. Я абышла гэты будынак з усіх бакоў, глядзела на векавыя сцены і адчувала дух, які там захаваўся, такі ўстойлівы дух гістарычнасці, будучай перспектывы. Я нічога не ведаю пра гэтую навучальную установу, гэта былі проста мае адчуванні.
Ужо вярнуўшыся, убачыла, што студэнты Полацкага ўніверсітэта ў знак салідарнасці з палітвязнямі пагалілі свае галовы, і мяне гэта зусім не здзівіла.
— Грамадства падзялілася…
— Я бачу, што беларусаў спрабуюць сутыкнуць адно з адным. Але, калі паглядзець, у той часткі людзей, якія выйшлі з БЧБ-сцягамі, няма непрымання чырвона-зялёнай часткі. Ёсць непрыманне ўлады, якая сапраўды гэтак жа асацыюецца з чырвона-зялёнай сімволікай. А бяздумныя паводзіны ўлады адносна гэтай сімволікі прывялі да таго, што пацярпела сама гэтая сімволіка.
Але антаганізму сярод людзей няма. Нават заклік «біце вокны», да майго шчасця і гонару за ўсю нашу краіну, не спрацаваў. І яны, гэтыя, па сутнасці, СМІ-злачынцы, бо працягваюць заклікаць з абсалютнымі гарантыямі, што за гэта нікому нічога не будзе.
І гэтыя хлопцы, якія ў формах і балаклавах, яны таксама кожны дзень атрымліваюць такія ўказанні, і трэба разумець, што частка з іх фільтруе гэтыя ўказанні. Паказальныя ў гэтым бясконцыя кадравыя перастаноўкі.
— А якія ўказанні мог не выканаць Наскевіч?
— На маю думку, ён адсунуты таму, што Лукашэнка патрабаваў ад яго больш рашучых дзеянняў і не атрымаў. Гэты чалавек, напэўна «занадта доўга» захоўваў у сабе рэшткі ўяўленняў пра службовыя абавязкі і, магчыма, быў недастаткова лаяльны і рашучы, дапусціў «разброд і хістанні» сярод падначаленых.
Не будзем гадаць. Успомнім, што СК пры Наскевічу не распачаў аніводнага разбору па фактах катаванняў, гвалту і забойстваў законапаслухмяных грамадзян Беларусі. Як страту яго адстаўку з пасады ацэньваць не даводзіцца.
— Па гэтай жа прычыне замянілі Караева на Кубракова?
— Не зусім. Кубраковым лягчэй кіраваць. Ён паводле свайго паходжання просты вясковы пацан, які па гэтым параметры вельмі блізкі самому Лукашэнку. Выкажу здагадку: каб размаўляць з Караевым, патрэбныя былі іншыя аргументы, іншы тон. У той час як міністру Кубракову «вярхоўны» проста кажа, што зрабіць, — і ўсё. Галавакружэнне ад узлёту ў генералы магло адключыць крытычнае ўспрыманне рэчаіснасці.
Дзіўна, што Наскевіч і тыя, хто з ім, звольненыя: трымаючы гэтых людзей на пасадах і забяспечваючы іх матэрыяльна, лагічна меркаваць іх вялікую лаяльнасць, чым прыбраўшы іх з дзяржаўнага забеспячэння.
— Цяпер у іх у якасці кампенсацыі ёсць указ №85.
— Гэта ўказ, які раздзяржаўлівае сілавы блок і дэзавуюе фінансавую моц дзяржавы. Ён па сутнасці сваёй антыдзяржаўны — разбуральны для самой дзяржавы. Бо гэтыя структуры некамерцыйныя — гэта інструмент дзяржавы ў абароне грамадзян і самое сябе.
Уявіце, што, напрыклад, пагранзастава Беларусі «саступіць» крыху тэрыторыі краіны сумежнай дзяржаве, таму што касьба і ўзворванне кантрольна-следавой паласы — залішне дарагія і нерэнтабельныя (згодна з бізнес-планам), хай суседзі трацяцца!
Трэба разумець пры гэтым, што людзі, якія спакон веку ішлі на «государеву службу», заўсёды мелі зусім іншыя матывы, чым камерцыя.
Нарэшце, камерцыялізацыя любых дзеянняў апоры дзяржаўнай машыны ёсць прызнанне неплацежаздольнасці рукі, якая яе корміць: чытай — дзяржаўнага бюджэту. Гэта мы можам сёння абсалютна абгрунтавана сцвярджаць, не ўдаючыся ў сутнасць нашага вартага жалю дэфіцытнага бюджэту, што замінусаваўся за студзень яшчэ амаль на 30%.
Цяпер сілавікі могуць навязваць каму заўгодна свае паслугі: «Вы не хочаце паставіць мінамётны разлік каля свайго офіса? Не? Але ён вам вельмі патрэбны!»
Думаю, што ўзрасце кошт паслуг Дэпартамента аховы, з’явяцца ў чарговы раз спробы навязаць бізнесу нейкія абавязковыя патрабаванні МУС аб сістэмах сігналізацыі і відэаназірання.
Але самае страшнае — што можа пачацца гандаль зброяй і ваеннай тэхнікай, якія хітрыя спецыялісты «спішуць у металалом». З’явіліся ж указам Лукашэнкі яшчэ ў мінулым годзе прыватныя ахоўныя структуры — бенефіцыяры гэтага «металалому». Гэта прахадны этап, які можа прывесці нас да сцэнару Данбаса, дзе ідзе грамадзянская вайна.
Мне памятаецца, што такая заганная практыка пачалася даволі даўно ў Расіі, там быў усталяваны факт шматмільярднага крадзяжу пад кіраўніцтвам тагачаснага міністра абароны Сердзюкова. Цяпер такая магчымасць з’явілася ў беларускай арміі.
Агульныя вучэнні з Расгвардыяй, агульныя навучальныя цэнтры, магчымасць займацца камерцыяй па прыкладзе расійскіх сілавікоў — усё гэта вельмі падобна да зрошчвання. Цікава, камандаванне нашай арміяй ажыццяўляецца ўсё яшчэ з тэрыторыі Беларусі?
— Лічыце, што намі ўжо ціхенька гандлююць?
— Я нават не сумняюся ў тым, што Беларусь ўжо даўно пачалі распрадаваць. Цяпер жа — у стане пагрозлівага дэфолту — зручней і, што немалаважна, танней разабраць усё тое што засталося, што ўяўляе каштоўнасць. Таму забяспечаны «спецыялістамі па ўтрыманні ўлады» дэфолт у нас чакана здарыцца.
1 сакавіка «Reuters» апублікавала аналітыку аб глыбокім сусветным сацыяльна-эканамічным крызісе з гнятлівай канстатацыяй таго, што стан беларускай эканомікі характарызуецца «крайняй нестабільнасцю на мяжы дэфолту» з-за росту дзярждоўгу і адсутнасці рэсурсаў для выплаты дзяржзаймаў. Беларусь трапіла ў кампанію з Ямайкай, Тунісам, Эквадорам, Шры-Ланкой, Эфіопіяй, Лаосам, Бахрэйнам і Аманам.
На маю думку, у нас ва ўладзе няма аніводнага пісьменнага эканаміста, які б меў права голасу і да якога б прыслухоўваліся ў мармуровых кабінетах з залатымі ручкамі. Баюся лішні раз згадваць Паўла Калаўра, таму што любы разумны чалавек, на меркаванне якога спасылаецца непрыўладная супольнасць, аказваецца пад пагрозай.
Але ён не эканаміст, а таленавіты фінансіст. І я не ведаю, якім чынам ён утрымлівае друкаваны станок ад перагравання, таму што грошы ў чарговы раз друкуюць: мы ж бачым, якімі тэмпамі нясецца інфляцыя.
Што тычыцца ўсіх апошніх указаў і пастаноў, то яны проста вядуць да гібелі эканомікі. Павелічэнне падатковага прэса, няроўныя ўмовы гаспадарання, ручное рэгуляванне цэн, гвалтоўны пратэкцыянізм незапатрабаваных тавараў унутранай вытворчасці — падобныя метады не развілі яшчэ ні адна дзяржаву.
А навошта ў краіне рыхтуецца ўказ аб адмене адказнасці за прычыненне шкоды экалогіі асобнымі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі па выбары прэзідэнцкай камісіі? Калі ўлада мае на мэце разбурыць краіну, то яна якраз здзяйсняе менавіта тыя дзеянні, якія набліжаюць рэалізацыю падобнай мэты.
— Думаеце, гэта робіцца наўмысна?
— Не выключаю. Як лепш купіць за бесцань БМЗ, «Гродна Азот», МЗКЦ або «Нафтан»? Прывесці іх у даўгі і страты. Наогул прыбраць да рук жаданую ўласнасць значна хутчэй і зручней не ў спакойнай надзейнай дзяржаве, а ва ўмовах канфлікту. За любымі дзеяннямі трэба шукаць таго, каму гэта выгадна: у рублях ці іншай валюце.
Вельмі хачу, каб да кіравання нашай краінай паспеў прыйсці «дзяржаўны» чалавек! Упэўненая, калі прыйдзе чалавек, які бачыць нашу краіну суверэннай, то ўсё, што рэалізоўвалася незаконнай уладай да гэтага, адкоціцца назад у прававым полі.
Але гэты чалавек павінен з'явіцца ў вельмі кароткі час, пакуль яшчэ тэхнічна мы можам захаваць свой суверэнітэт. Ён павінен прыйсці да кіравання краінай да таго, як яна будзе разабрана на часткі. Пасля гэтага, па-першае, прыход такога чалавека ўжо будзе неактуальны, па-другое, пачнецца зусім іншы гістарычны віток.
Мы не ведаем, пра што былі перамовы Пуціна і Лукашэнкі, але дзеянні апошняга цяпер для мяне, напрыклад, толькі пацвярджаюць тое, што Беларусь губляе свой суверэнітэт з кожнай хвілінай і ў яе ўсё менш застаецца часу і палітычнага рэсурсу застацца суверэннай дзяржавай нават проста дэ-юрэ.
— Мы пераацэньваем дапамогу звонку?
— Я бясконца ўдзячная ўсім без выключэння краінам і іх грамадзянам за тую неацэнную падтрымку, якую яны аказваюць нам — беларусам! Але наіўна думаць, што нехта будзе перажываць за нас, як за свой народ. На жаль, у мяне няма ніякіх ілюзій. Хутчэй, некаторыя скарыстаюцца магчымасцю атрымаць уласную эканамічную ці палітычную выгаду. Гэта вытлумачальна.
Так, ёсць шмат людзей па ўсім свеце, якія цалкам шчыра жадаюць нам дапамагчы, аказваючы ўплыў, і нават бескарысліва робяць нейкую працу ў нашых інтарэсах. Напрыклад, старшыня Канстытуцыйнага суда Літвы Дайнюс Жалімас.
Ён, будучы суддзёй, высакакласным юрыстам і чалавекам, які жыве ўжо шмат гадоў у свабоднай краіне, марнуе свой час і сілы для таго, каб дапамагчы групе, якая працуе над Канстытуцыяй, зрабіць шлях нашай дзяржавы найбольш прадказальным і аптымальным.
Але ёсць і іншыя прыклады. Еўрапейцы адмовіліся пакуль толькі ад часткі беларускіх еўрабондаў. Швейцарскія банкі ўсё яшчэ захоўваюць грошы, якія маюць дачыненне да беларускіх улад.
Успомніце пазіцыю Кіпра, які блакаваў ўвядзенне санкцый супраць злачынцаў Беларусі. Кіпр не мае нічога супраць нашай краіны, але ён свае інтарэсы, натуральна, паставіў вышэй.
Цяпер высвятляецца, што ў беларускага «табакершчыка» Алексіна бізнес у Літве, адкрыты праз кіпрскія афшоры. Дамовімся мы з Літвой па гэтым пытанні?
БелАЭС нас прымусяць закрыць — рынак электраэнергіі не трывае «выскачак». Але разумная эксплуатацыя станцыі магла б стаць скарбам для Беларусі — пры ўмове незалежнай экспертызы бяспекі, напрыклад, скандынаўскіх краін. Усім патрэбная электраэнергія, А Беларусі патрэбныя грошы.
— Якімі Вам бачацца настроі людзей цяпер?
— У Полацку нас многія пыталіся, ну што там у вас у Мінску? Настрой у людзей абсалютна партызанскі, — усе ўсё разумеюць, на ўсё гатовыя, але проста так хадзіць па рэйках перад цягніком ніхто не збіраецца. Людзі хочуць разумець, што ў гэтым лакаматыве ёсць каму кіраваць, лавіраваць, тармазіць.
Тых, хто хацеў бы жыць «як раней», зажмурыўшыся, у рабстве, бяспраўі і беззаконні, абы з чаркай і шкваркай, я не сустракала. Але ўсё больш і больш людзей кажуць пра тое, што бессэнсоўна проста хадзіць і класці галаву пад сякеру.
У нас з’явілася агульная вялікая мэта — будучыня нашых дзяцей, якая сапраўды аб’яднала ўсю нацыю. І гэтая нацыя паспрабавала падчас выбараў вызначыць свайго новага лідара.
У ранейшыя гады, калі з’яўляўся чалавек, які таксама бачыў гэтую вялікую дзяржаўную мэту, а не ішоў у палітыку дзеля нейкіх асабістых інтарэсаў, ён адразу знішчаўся. Такім быў Генадзь Карпенка, з майго пункту гледжання, такім быў Юрый Захаранка. Гэтыя два чалавекі маглі павесці за сабой людзей.
Цяпер у нас ёсць мэта, але няма лідара ўнутры краіны. У чым Аляксей Навальны паказаў прыклад? У тым, што ён гатовы ўзначаліць людзей і весці іх да названай мэты, рызыкуючы ўласнай свабодай і жыццём.
Я думаю, калі на тэрыторыі Беларусі не з’явіцца лідар, які здольны ўзначаліць пратэст, то выхад, нават калі адбудзецца, зноў скончыцца нічым ці ўвогуле адбудзецца самае страшнае — арганізаванае ўладамі нібыта грамадзянскае супрацьстаянне, чаго мне не хацелася б у прынцыпе.
— Што значыць, няма лідара? Мне здаецца, іх, наадварот, шмат — і розных.
— Віктар Бабарыка мог бы стаць такім чалавекам і нават стаў каталізатарам адраджэння нацыянальнай самасвядомасці, але, на жаль, ён не змог пралічыць усю сітуацыю ў развіцці і апынуўся ў турме.
Я з вялікай павагай стаўлюся да Святланы Ціханоўскай, якую сіла падзей вынесла на палітычны грэбень. Разумею, што яна, напэўна, магла б прыехаць і стаць гэткай Жаннай д’Арк, тым больш, што яна атрымала вялікую еўрапейскую падтрымку. На мой сённяшні погляд, гэта адзіны чалавек, здольны пераламаць сітуацыю. Аднак важней не тое, як я яе бачу, а тое, як і кім яна бачыць саму сябе.
Кожны народ варты свайго кіраўніка. Гэта стопрацэнтная праўда. Якімі мы былі ў 1994 годзе — такога мы і атрымалі. Якія мы ёсць цяпер — такім будзе і наш прэзідэнт.
— Але мы ж змяніліся з 1994 года?
— Вось і пабачым, наколькі. Дакладных сацыялагічных даследаванняў у Беларусі даўно няма. Але іх робіць сама гісторыя. Відавочна, што ўдзячнай памяці аб першым прэзідэнце Беларусі ўжо не будзе. Ну, а беларускі народ пасля доўгага перапынку фармуецца ў нацыю.
Я спадзяюся, што наступіў адзін з тых рэдкіх момантаў гістарычнага выбару, калі беларускі народ вучыцца ўзаемадапамозе і ўзаемадачыненням, сапраўды набывае адзінства і разуменне таго, што мы і ёсць нацыя.
І калі мы сапраўды вартыя іншага кіраўніка дзяржавы, то іншага і атрымаем. Калі не дараслі да лепшага, атрымаем кагосьці прамежкавага. Але зразумела, што ў любым выпадку гэта будзе не Лукашэнка.