Агульнанацыянальнае галасаванне: вярнуць веру ў сябе
Паколькі ў Беларусі заблакавалі доступ да платформы «Голас» (усё роўна адкрываецца праз VPN), паведамляем: за прапанаваныя Святланай Ціханоўскай перамовы па выхадзе Беларусі з палітычнага крызісу прагаласавала ўжо прыблізна паўмільёна грамадзян.
Ціханоўская абвясціла гэтае маштабнае агульнанацыянальнае галасаванне ўчора. Сёння яе каманда зладзіла прэс-канферэнцыю, падчас якой паспрабавала патлумачыць, навошта ўвогуле гэтае галасаванне і якіх вынікаў ад яго чакаюць.
Самая ўтылітарная мэта агульнанацыянальнага галасавання — у тым, што гэта, як і гаварылася, першы крок для калі не арганізацыі, дык падштурхоўвання ўлад да перамоў па выхадзе з крызісу. Як паведамілі чальцы каманды Ціханоўскай, у прыватнасці, прадстаўнік па міжнародных справах Валерый Кавалеўскі, на падставе вынікаў галасавання заходнія арганізацыі і ўрады краін будуць аказваць ціск на Лукашэнку з тым, каб гэтыя перамовы ўсё ж пачаліся.
Дарадца Ціханоўскай па тых жа міжнародных справах Франак Вячорка агучыў часавыя межы гэтых перамоў. Яны павінны пачацца да траўня ці ў самім траўні. Да гэтага трэба арганізаваць экспертныя пляцоўкі, каб выпрацаваць пытанні перамоў, арганізаваць таксама і платформу гэтых перамоў, хутчэй за ўсё, з дапамогай АБСЕ.
Таксама выступоўцы адзначылі, што пачатку перамоўнага працэсу павінны папярэднічаць два рашэнні: вызваленне ўсіх палітвязняў і спыненне гвалту з боку сілавікоў.
На думку Вячоркі, важна не проста правесці перамовы, але і пабудаваць кааліцыю краін, якая зможа забяспечыць выкананне прынятых дамоўленасцей. «Адна справа дамаўляцца, іншая рэч — выконваць дамоўленасці. Ёсць розныя фарматы такой кааліцыі, і я думаю, што мы збудуем беларускі фармат, які б забяспечыў выкананне перамоў, каб ад моманту дамоўленасцей да правядзення новых выбараў прайшоў як мага карацейшы час», — сказаў ён.
Паводле меркавання штабу Ціханоўскай, перамовы павінны скончыцца прызначэннем новых, свабодных выбараў, і гэтыя выбары павінны прайсці да канца гэтага года.
Падчас прэс-канферэнцыі неаднойчы з боку каментатараў гучалі тэзы, што Лукашэнка не пайшоў на перамовы ў мінулую восень і наўрад ці пойдзе цяпер. Але ніякага інструменту для «змушэння» яго да перамоў, апроч знешняга і ўнутранага ціску насамрэч няма. Галасаванне — гэта першы крок у аднаўленні ўнутранага ціску на ўлады. Гэта яшчэ адзін шанец паказаць, што беларусаў, нязгодных з сённяшнім становішчам рэчаў, шмат і што яны патрабуюць перамен.
Безумоўна, у гэтым галасаванні вельмі важны і псіхалагічны чыннік. Пасля зімы і «дэцэнтралізацыі» акцый супраціву многія пазбавіліся веры і энтузіязму. Тым больш, калі з усіх бакоў чуецца «пратэст садзьмуўся». І галасаванне за ініцыятыву Ціханоўскай — гэта, канешне, не «звяржэнне рэжыму шляхам націскання кнопкі на смартфоне», як нехта выказаўся ў Фэйсбуку, а чарговая дэманстрацыя, што нас шмат, нас большасць і мы нікуды не падзеліся.
Ці, прынамсі, як зазначыла Вольга Кавалькова, гэта чарговае пацвярджэнне таго, што праз сем месяцаў (сем месяцаў!) пасля выбараў ва ўлады нічога не атрымалася.
Таму нават у камандзе Ціханоўскай вызнаюць, што агульнанацыянальнае галасаванне — гэта своеасаблівая «пераклічка», праверка беларусаў, ці не згубілі яны прагу да перамен, ці гатовыя і далей змагацца за змены. І гэта, у пэўнай ступені, вяртанне веры ў сябе, у сваю моц, веры ў тое, што нас шмат і што мы — не спыняемся.
На маю прыватную думку, каб агульнанацыянальнае галасаванне было створана толькі для гэтай мэты — яго ўжо, безумоўна, трэба было арганізаваць.
«Толькі мы самі зможам пабудаваць новую Беларусь. Нам трэба працягваць узмацняць адзінства, вяртаць сабе свае гарады з дапамогаю сімволікі, сцягоў, акцый, маршаў. Улетку мы таксама не адразу пабачылі, што нас шмат — пратэст пачынаўся з акцый салідарнасці», — адзначыла Святлана Ціханоўская.
І таму, сапраўды, варта нават скептыкам усё роўна прыняць удзел у гэтым галасаванні. Проста каб паказаць, што «Жыве Беларусь».
Як адзначыў адзін з удзельнікаў прэс-канферэнцыі, фільм Сцяпана Пуцілы «Залатое дно» пра тое, як Лукашэнка распараджаецца народнымі грашыма, паглядзелі 6 мільёнаў чалавек. 80% з іх — гледачы з Беларусі. І ўсім гэтым людзям тым больш не складана знайсці ў Вайберы ці Тэлеграме чат-бот платформы «Голас» ды націснуць адну кнопку.
Галасаванне будзе працягвацца да 25 сакавіка. Але гэта не значыць, што трэба чакаць апошняга моманту, каб засведчыць, што нас — большасць.