Анархіст з Беларусі шукае палітычнага прытулку ва Украіне
Артур Кандратовіч заяўляе, што з’яўляецца ахвярай палітычнага цкавання з боку супрацоўнікаў Галоўнага упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, і зараз вымушаны хавацца ад турэмнага тэрміну ва Украіне.
21-гадовы хлопец кажа, што яго справа сфальсіфікаваная, і яго хочуць арыштаваць за палітычную актыўнасць. Прыводзім аповед маладзёна з нязначнымі скарачэннямі.
Група людзей 28 ліпеня 2017 года падпаліла ў Івацэвічах міліцэйскі білборд з надпісам «Сила закона в его исполнении». Адказнасць за акцыю ўзялі на сябе анархісты, пазней па гэтай справе былі асуджаныя два юнака. Кандратовіч кажа, што яго спрабуюць арыштаваць менавіта па гэтай справе.
«Затрымлівалі мяне і раней, у Брэсце, у 2016 годзе пасля першамайскай акцыі анархістаў — мы выходзілі з расцяжкай на вуліцу, у грамадскім месцы. У тым жа месяцы я зноў быў у Брэсце, і мяне затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК.
Тады я быў на фудкорце на вуліцы Савецкай. Да мяне падышлі два чалавекі, не прадставіліся, узялі пад рукі і сказалі: «Мы зараз выйдзем размаўляць». Мяне прывезлі ў аддзяленне ГУБАЗіК у Брэсце. Аператыўнік Кучур (здаецца, начальнік аддзела) апытваў мяне за першамайскую акцыю, паказваў фота анархістаў Брэста, каб я іх апазнаў. Я, вядома, аднекваўся, казаў што нічога не ведаю. Прытым ніякай крымінальнай справы ўзбуджана не было. Проста яны вырашылі мяне затрымаць і даведацца хто быў на акцыі. Калі я спытаў пра прычыну затрымання, яны сказалі: «Проста паразмаўляць». Але пры гэтым вывелі мяне сілай і пасадзілі ў аўтамабіль.Таксама мяне запытвалі і пра іншыя акцыі анархістаў, пра анархістаў Мінска: хто «курыруе», хто ездзіць на акцыі, называлі мянушкі некаторых сяброў. Мне паказвалі відэа з Мінска, дзе я быў на акцыі ў красоўках з падэшвай аранжавага колеру. Я працягваў аднеквацца, тады аператыўнік скінуў мяне з крэсла і пачаў на мяне крычаць. Абяцаў пазваніць маім бацькам, кінуць у «прэс-хату», пасадзіць на суткі, і гэтак далей. Калі я пытаўся: «За што?», ён казаў: «Знойдзем за што».
Але ў выніку мяне проста адпусцілі, і я з'ехаў у свой горад.
У 2017 годзе я ўдзельнічаў у «Маршы недармаедаў» у Брэсце. Пасля гэтага ў мяне дома ў Івацэвічах адбыўся ператрус. Тыя, хто прыйшлі, не прадставіліся, былі ў цывільнай вопратцы. Мая маці сказала ім, дзе я працую, і яны туды паехалі. Аднак мы размінуліся. На наступны дзень, калі я прыйшоў на працу, мне сказалі: «Да цябе прыходзілі». Мяне выклікалі ў Івацэвіцкі УУС на «прафілактычныя размовы», аднак я не хадзіў.
Праз нейкі час я даведаўся, што на мяне заведзеная крымінальная справа. Я з’ехаў у Грузію у жніўні 2017-га. Мой сябра з Івацэвіч, Ігар, перастаў выходзіць на сувязь. А пасля перастаў выходзіць на сувязь і іншы хлопец — Кірыл (яны сталі двума падзельнікамі па справе). Потым я даведаўся, што іх затрымалі і дапытваюць. Пра ўсё гэта я дазнаўся, знаходзячыся ў Грузіі.
Я лічу, што зараз мяне хочуць пасадзіць, бо я з’яўляюся актыўным удзельнікам анархісцкага руху, і мяне вырашылі проста «прыбраць з дарогі», бо я ўдзельнічаў у пратэстных акцыях і «муляў вока» ГУБАЗаўцам.
Яны пачалі ціск на маіх родных. Маю маці вельмі часта выклікалі на допыты, ледзь не кожныя два дні. Першы час яна не давала паказанняў, і аднойчы яе пратрымалі ў РУУСе ледзь не цэлы дзень, пагражалі закрыць на суткі. Яна ўсё ж пачала расказваць міліцыянерам, што знала пра мяне.
28 жніўня 2017-га на мяне падалі ў вышук па Беларусі і Расіі. Я прыехаў ва Украіну і адразу ж пачаў афармляць від на жыхарства. У кастрычніку атрымаў часовы від на жыхарства, бо зарэгістраваў шлюб. Потым від на жыхарства я некалькі разоў працягваў. У 2018-м я быў пададзены ў міжнародны вышук і зараз спрабую аформіць сабе статус уцекача.
Каля пяці месяцаў таму ў Кіеве мяне затрымала паліцыя і адправіла ў СІЗА. Я даведаўся, што на мяне паступіла папера з Беларусі: я ў міжнародным вышуку. Пакуль я быў у СІЗА, пачалася працэдура экстрадыцыі. Аднак мы з адвакатам аспрэчваем гэта — я падаў дакументы на гэты конт на адрас Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны. У СІЗА адбылося слуханне, мяне распытвалі. Праз два месяцы мяне выпусцілі з СІЗА па рашэнні суда. Зараз я толькі раз на тыдзень адзначаюся ў пракурора.
Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны, аднак, праз некалькі дзён адмовіла мне ў афармленні дакументаў на статус уцекача за «неабгрунтаванасцю заявы». Я звярнуўся да праваабарончай арганізацыі «Права на захіст», яны пагадзіліся мяне абараняць і мы падалі скаргу нанова. Калі і іх скаргу адхіляць, я буду падаваць у суд.На дадзены момант (верасень 2019-га —аўт.) дзякуючы скарзе мне працягнулі тэрмін знаходжання ва Украіне на тры месяцы.
Я не давяраю беларускаму суду і следству, бо ведаю, што яны могуць сфальсіфікаваць любыя доказы, і прымусіць маіх падзельнікаў казаць што заўгодна. Я ўпэўнены, што мне дадуць рэальны тэрмін, бо мае падзельнікі, па іх жа словах, атрымалі мяккія тэрміны, бо далі паказанні, што я іх «матываваў», я — арганізатар гэтага падпалу, што, вядома, няпраўда.
Увогуле ў міліцыі няма ніякіх доказаў маёй вінаватасці: ані адбіткаў пальцаў, ані відэазапісаў. Нічога. Толькі паказанні маіх сяброў».
Каб спраўдзіць гісторыю Кандратовіча, «Новы Час» адправіў запыт у ГУБАЗіК МУС РБ. Мы коратка пераказалі «прэтэнзіі» Кандратовіча да структуры і задалі міліцыянтам тры пытанні:
1. Якімі нарматыўнымі прававымі актамі кіраваліся супрацоўнікі ГУБАЗіК, ажыццяўляючы аператыўныя дзеянні ў дачыненні да Кандратовіча?2. На падставе чаго ажыццяўляецца крымінальны пераслед Кандратовіча?3. Ці займаецца ГУБАЗіК пераследам удзельнікаў анархісцкага руху за іх перакананні?
З усіх гэтых пытанняў ГУБАЗіК адказаў толькі на другое, пры гэтым паведаміўшы чамусьці, што «ніякіх праверак у дачыненні да Кандратовіча не праводзіцца» (што не дзіўна, бо якія праверкі могуць быць у дачыненні да чалавека, які знаходзіцца ва Украіне).
У нашыя абавязкі, вядома, не ўваходзіць высвятляць вінаватасць ці невінаватасць кожнага, хто звярнуўся ў рэдакцыю. Аднак у выпадку з Кандратовічам можна ўпэўнена сцвярджаць, што на справядлівы суд у Беларусі яму разлічваць не варта. У адсутнасці незалежнай судовай сістэме ў краіне ярлык «экстрэміста» і «анархіста» ўжо раўназначны абвінаваўчаму прысуду.
Пракаментаваць справу Кандратовіча мы папрасілі Васіля Завадскага, выканаўчага дырэктара праваабарончай установы «ТаймАкт»:
— З практыкі работы нашай установы мы ведаем, што праваахоўныя органы не надта «замарочваюцца» падборам пераканаўчых аргументаў, якія прадстаўляюцца іншай краіне для абгрунтавання неабходнасці выдачы падазроных асобаў. Дый у іх і рукі ў гэтым развязаныя: умоўна кажучы, можна напісаць, што грамадзянін К. падазраецца нават у забойстве, а потым асудзіць за хуліганства — маўляў, гэта ж толькі падазрэнні былі… Іншымі словамі, калі канкрэтным выканаўцам дадзена каманда прыняць усе магчымыя захады для выдачы грамадзяніна ў Беларусь, яны будуць выконваць загад, не зважаючы яго законнасць і абгрунтаванасць.
Што да канкрэтнага выпадку Кандратовіча, то тут, найперш, здзіўляе актыўнасць органаў. Па словах Кандратовіча, яго могуць вінаваціць у падпале білборда. Якім бы не быў гэты білборд і хто б яго не пашкодзіў, наўрад ці матэрыяльная шкода вартая таго, каб выдаткаваць немалыя сродкі, час і высілкі на дэпартацыю падазраванага з іншай краіны.
З праваабарончага пункта гледжання варта сапраўды чакаць абвінаваўчай накіраванасці прысуду ў выпадку дэпартацыі Кандратовіча ў Беларусь.
Згодна з артыкулам 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (Беларусь ратыфікавала гэты дакумент: то-бок, ён абавязковы для выканання нашай краінай), кожны чалавек мае права на «…справядлівы і публічны разгляд справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, які створаны на падставе закона…»
Гэтыя ж палажэнні замацаваныя і ў артыкулах 60 і 110 Канстытуцыі Беларусі. Аднак казаць пра незалежнасць судоў у нашай краіне, мякка кажучы, складана. Ужо пачынаючы з вылучэння кандыдатаў на пасады суддзяў праяўляецца іх залежнасць ад прадстаўнікоў мясцовай выканаўчай улады і кіраўніцтва судоў. Прызначае суддзяў на пасады кіраўнік краіны, а прапановы па асобах кандыдатаў уносіць старшыня Вярхоўнага суда, які сам прызначаецца кіраўніком краіны, і, адпаведна, залежны ад яго. Тое ж тычыцца і вызвалення суддзяў з пасады.
Нашыя суды маюць іерархічную структуру, таму любая «непаслухмянасць» суддзі ніжэйшай інстанцыі можа пацягнуць перашкоды з перасоўваннем па службе, заахвочваннямі, а нават і спагнанні. Акрамя таго, суддзі залежныя і ад мясцовай выканаўчай улады нават у такіх элементарных жыццёвых пытаннях, як, да прыкладу, атрыманне жылля ці паляпшэнне жыллёвых умоў. Усё сказанае дае падставы казаць, што ў выпадку выдачы Кандратовіча ў Беларусь будзе парушанае прадугледжанае артыкулам 14 МПГПП яго права на разгляд справы незалежным судом, асабліва калі ўлічыць асаблівую «любоў» айчынных сілавікоў да грамадзян, якія маюць анархічныя погляды і перакананні.