Анатоль Булгак — злачынец ці патрабавальны настаўнік?

У судзе Слуцкага раёна працягваецца разгляд крымінальнай справы супраць былога намесніка дырэктара Слуцкай кадэцкай вучэльні Анатоля Булгака. Па выніках следства яму выстаўлена абвінавачванне ў злоўжыванні паўнамоцтвамі і збіцці кадэтаў. У справе не менш як 9 эпізодаў здзекаў і гвалту над навучэнцамі.

sud_003_logo_1.jpg

12 сакавіка паказанні даў дырэктар кадэцкай вучэльні Сяргей Мяцельскі, які характарызаваў Анатоля Булгака як добрага арганізатара і прафесіянала. Ён заявіў, што факты злоўжывання паўнамоцтвамі з боку намесніка па выхаваўчай працы яму невядомыя. Паколькі ніхто з курсантаў не скардзіўся, траўм не было, дырэктар выказаў сумненні ў наяўнасці гвалту.
13 сакавіка ў судзе апыталі чарговых фігурантаў справы і сведак.
Пацярпелы Віталь Сівец вучыўся ў згаданай установе ў 2012—2015 гадах. Намеснік дырэктара прымяняў у адносінах да яго меры фізічнага ўздзеяння — забіраў «левы» тэлефон у кабінеце, суправаджаючы гэта ўдарам па карку (тэлефоны ў курсантаў падчас вучэбнага тыдня забіралі і аддавалі толькі на выходныя. Многія курсанты карысталіся дадатковымі тэлефонамі — «левымі»).
Забраў у мяне тэлефон, зразумела, што мне не хацелася яго аддаваць, сказаў яму непрыемныя словы. Ён ударыў мяне па карку, але не вельмі моцна, — распавёў Віталь у судзе. — Ніякіх слядоў збіцця не засталося. Я нікому не скардзіўся, бо парушыў правілы ўнутранага распарадку. Як выкладчык — нармальны, патрабавальны, вучыў нас адказнасці за свае ўчынкі. Пры парушэннях дысцыпліны — строгі. Кадэтаў шмат, яны розныя, а ён адзін. Можа, і патрэбна было так дзейнічаць?
Па інфармацыі былога курсанта, парушэнняў у навучэнцаў было шмат. Анатоль Булгак адказваў за дысцыпліну і парадак. Выхавацелі не спраўляліся і скардзіліся яму. Наяўнасць недазволенага тэлефона лічылася строгім парушэннем. Па словах хлопца, настаўніка можна зразумець, бо пастаянныя «залёты» навучэнцаў яму вельмі абрыдлі.
Цяпер Віталь лічыць, што строгасць патрэбная, але без рукапрыкладства, якое зневажае. У той жа час былы курсант не хоча прыцягнення Анатоля Булгака да крымінальнай адказнасці і не мае да яго прэтэнзій.
Курсант Васіленка заявіў літаральна наступнае: «Я паважаў Анатоля Яўгенавіча і паважаю зараз. Шмат працы аддаваў выхаваўчай рабоце і змагаўся за дысцыпліну. Курсанты атрымлівалі за парушэнні нарады і пазбаўленні звальненняў. Чуткі аб фізічным уздзеянні даходзілі, але пры мне гэтага не было. Строгі, дысцыплінаваны і паважаны чалавек. Ні псіхічнага, ні фізічнага гвалту ў вучэльні не заўважаў. Распаўсюджаныя парушэнні: расхлябаны выгляд, курэнне, непадрыхтоўка заданняў, нецэнзурная лаянка, спазненні па няўважлівай прычыне. Булгак гэта павінен быў кантраляваць. Работа цяжкая. Кантраляваць сотні людзей нялёгка. Ён праводзіў шмат культурна-масавых мерапрыемстваў. Яго паважалі».
Іньшыя сведкі, былыя курсанты, таксама характарызавалі ў судзе Булгака як вопытнага і патрабавальнага кіраўніка. Асаблівага гвалту ў вучэльні не заўважылі. Некаторыя сведкі ацэньвалі курсантаў, да якіх маглі прымацца меры фізічнага ўздзеяння, як злосных парушальнікаў рэжыму, бо тыя здзяйснялі ўчынкі, забароненыя ў вучэльні.
Цікава, што некалькі настаўнікаў звычайных школ, якіх я папрасіла пракаментаваць «гвалт у Слуцку», выказалі супярэчлівыя думкі.
Артыкул 9 закона «Аб правах дзіцяці» адназначна абараняе недатыкальнасць асобы, абарону ад эксплуатацыі і гвалту, — гаворыць Іван Фёдаравіч, былы настаўнік матэматыкі. — Нельга распускаць рукі ў любым выпадку, увогуле, не трэба датыкацца да іншай асобы — ні пальцам, ні іголкай. Гэты выпадак — навука для ўсіх настаўнікаў, якія не разумеюць значэнне гэтага закона.
Ірына Віктараўна, якая, як і Іван Фёдаравіч, папрасіла не называць свайго прозвішча, таксама лічыць дзеянні Анатоля Булгака гвалтоўнымі. У той жа час, на яе думку, такія дзеянні характэрны не для аднаго яго, паколькі вучэбна-выхаваўчая сістэма ў школах грунтуецца менавіта на аўтарытарных пачатках, і навучэнец разглядаецца не як асоба са сваімі каштоўнасцямі, а як аб’ект навучання і выхавання, які павінен абавязкова падпарадкоўвацца.    
Відавочна, што курсанты вучэльні і паняцця не маюць аб сваіх правах, інакш бы яны не мірыліся з гвалтам, — гаворыць настаўніца. — З іншага боку, яны знаходзяцца ў закрытай установе, там цяжка знайсці заступніка.
На думку Ірыны Віктараўны, трэба змяніць правілы ўнутранага распарадку ў кадэцкай вучэльні, калі яны вядуць да такой колькасці парушэнняў.
Яшчэ адна суразмоўца — случчанка Марыя Анатольеўна. Яна ўважліва сочыць за паведамленнямі мясцовай прэсы аб ходзе суда і здзіўлена ўмовамі, у якіх знаходзяцца навучэнцы.
Умовы, у якіх знаходзяцца навучэнцы, падобныя да турмы строгага рэжыму, — выказвае сваю думку жанчына. — Дзякуй Богу, што мой унук там не вучыцца. У мяне шмат пытанняў, вось толькі некалькі з іх. І дырэктар, і яго намеснік лічаць, што дзеці павінны есці тое, што ім даюць у вучэльні, а не тое, да чаго яны прывыклі дома. І падлетак, які вынес яблык са сталовай для далейшага перакусу, павінен быць пакараным. А ці смачная гэтая ежа? Ці хапае яе ў дастатковай колькасці для падлеткаў, калі ён хавае дадатковы яблык у кішэню? Ці багата яна на вітаміны? Чаму ў гэтай вучэльні навучэнцы ўсюды павінны хадзіць толькі строем? Чаму нельга ў вольны ад вучобы час даць ім магчымасць пабыць вольнымі людзьмі, а не арыштантамі? Хіба недастаткова ўрокаў ваеннай падрыхтоўкі для гэтага? Усё ж такі яны не знаходзяцца на вайне, да таго ж гэта яшчэ дзеці, якія і самі не зразумелі, куды яны трапілі. Чаму тэлефонамі ў 21 стагоддзі нельга карыстацца кожны дзень у вольны час ад страявой падрыхтоўкі і вучобы? Навошта чакаць выходных дзён? Навошта падлеткаў схіляюць да хітрыкаў і падману?
Сапраўды, у сітуацыі з кадэцкай вучэльняй, якая носіць гучнае імя Суворава, пакуль што больш пытанняў, чым адказаў.
Відавочна адно: у дзяржаве, дзе паўсюдна парушаюцца правы дарослых (эканамічныя, моўныя, сацыяльныя, палітычныя, культурныя і г.д.) не можа ўзнікнуць вольны астравок, дзе б не парушаліся правы дзіцяці.