Андрэй Кабякоў: Сур'ёзны неспакой выклікае зніжэнне долі продажу айчынных тавараў у рознічным гандлі

"Сур'ёзны неспакой выклікае зніжэнне долі продажу тавараў айчыннай вытворчасці ў рознічным гандлі: з 77% у 2010 годзе да 70% у першым квартале 2015-га", — заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 23 чэрвеня ў Мінску на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў.



1320754263.jpg

Як паведамляе прэс-служба ўрада, на пасяджэнні разгледжаныя меры, што прымаюцца ў краіне па рэалізацыі галіновых і рэгіянальных праграм дзеянняў па імпартазамяшчэнні, а таксама па напаўненні ўнутранага рынку таварамі беларускай вытворчасці. 


Кабякоў заявіў, што асаблівы неспакой у яго выклікае зніжэнне долі айчынных тавараў па групе нехарчовых тавараў (з 65,4% да 50,9% адпаведна).

Кіраўнік урада нагадаў, што работа па імпартазамяшчэнні ў краіне будуецца ў межах ухваленай кіраўніком дзяржавы ў кастрычніку 2008 года схемы, мерапрыемствамі якой ахоплена больш за палову неэнергетычнага імпарту. Таксама ў межах гэтай схемы рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты па мадэрнізацыі прамысловага комплексу. Як было адзначана, з 2008 года ў Беларусі асвоена вытворчасць практычна ўсёй асноўнай тэхнікі і абсталявання для сельскай гаспадаркі, закрыта таксама шырокая наменклатура будаўнічых тавараў, за кошт чаго толькі ў гэтым годзе скараціўся імпарт паліраванага шкла на 53%, гіпсакардону — на 45%.

"За мінулыя гады вынікі ў рабоце ёсць, але яны не з'яўляюцца для нас дастатковымі, — адзначыў ён. — Імпарт тавараў застаецца дастаткова высокім". Так, толькі за апошнія чатыры гады на 72% павялічыўся імпарт спажывецкіх тавараў (мэблі, легкавых аўтамабіляў, лекавых сродкаў).

Таксама, паводле яго слоў, за чатыры гады ў структуры продажу на ўнутраным рынку скарацілася доля айчынных тэлевізараў (з 76% да 12%), халадзільнікаў і маразільнікаў (з 76% да 65%), пральных машын (з 42% да 34%) і гэтак далей. Сёлета, заявіў Кабякоў, губляюць пазіцыі на беларускім рынку айчынныя кандытарскія вырабы з цукру (на 2,4%), мінеральная вада (на 6,3%), безалкагольныя напоі (на 2,6%). "Усе гэтыя пазіцыі на айчынным рынку павінны быць адноўленыя", — падкрэсліў ён і даручыў узяць гэтае пытанне "на самы жорсткі кантроль" віцэ-прэм'еру Уладзіміру Сямашку, які ўсе гады курыраваў рэалізацыю схемы работ па імпартазамяшчэнні ў краіне. 


Кіраўнік урада лічыць, што Міністэрству гандлю трэба больш актыўна працаваць з буйнымі гандлёвымі сеткамі і вытворцамі, а таксама з гандлем у цэлым. "Трэба выбудаваць дакладную сістэму, якая б функцыянавала пры мінімальным адміністрацыйным умяшанні, — выказаў меркаванне прэм'ер-міністр. — Мэта — у гандлі павінна быць больш разнастайных якасных і даступных па цане айчынных тавараў. Усё, што вырабляецца ў краіне, павінна быць прадстаўлена да выбару пакупніка, і няхай ён сам вырашае". 


Кабякоў лічыць, што "самы эфектыўны інструмент у барацьбе за рынак сёння — гэта высокая якасць айчыннай прадукцыі, шырокі асартымент, канкурэнтная цана, а таксама пазіцыянаванне тавараў на рынку і іх рэклама". На яго погляд, беларускія прадпрыемствы пакуль павольна падстройваюцца пад рынак, слаба рэагуюць на пытанні гандлю. "Слаба выкарыстоўваецца і патэнцыял індывідуальных прадпрымальнікаў, а гэта фактычна мабільная добра падрыхтаваная, даступная для людзей збытавая сетка", — зазначыў кіраўнік урада.

Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, агульны аб'ём спажывецкага імпарту ў студзені—красавіку склаў 2,26 млрд. долараў і скараціўся ў грашовым выражэнні на 10% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пры гэтым імпарт нехарчовых тавараў у студзені—красавіку гэтага года склаў каля 1,2 млрд. долараў і скараціўся на 24,4% (амаль на 400 млн. долараў), сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі. Імпарт харчовых тавараў вырас на 15,3% толькі за кошт сезоннага росту цэн на агародніну і цытрусавыя (да 1,05 млрд. долараў).
Марына Носава, БелаПАН