Андрэй Палуда: Стрымліваць злачыннасць трэба не праз наяўнасць смяротнага пакарання, а праз забарону таннага алкаголю

Адказваючы на пытанні журналістаў падчас прэс-канферэнцыі, Аляксандр Лукашэнка эмацыйна выказаўся наконт смяротнага пакарання.



paluda_6.jpg

У прыватнасці, ён прыгадаў апошнія нашумелыя злачынствы: «Мяне ўсё больш цягне да таго, каб мы за наўмыснае забойства ставілі чалавека да сценкі. Бывае па-рознаму: жыццё такое… Па неасцярожнасці, яшчэ неяк. Але якое ты маеш права жыць, калі ты пазбавіў жыцця гэтага чалавека.

Пры тым, калі гаворка ідзе пра бездапаможных, пра дзяцей. Напрыклад, узяў муж нядаўна прыбіў жонку, сям'ю загубіў і сваё дзіця малое парэзаў, прабачце мяне. Выехаў на аўтамабілі і яшчэ там кагосьці збіў, загубіў. Ты якое, нягоднік, маеш права далей існаваць? Гэта жалезна, ніхто гэтага не зварухне. Гэта маё стаўленне. Я не цісну на суды, але гэтую пазіцыю выказваю…. Забіў, расчляніў з мамай, парэзаў на кавалкі і недзе закапаў. Стаўленне адназначнае — да сценкі… Гэтаму прабачэння быць не павінна».

 Акрамя таго, прэзідэнт заявіў, што будзе адстойваць такую пазіцыю і далей.

“У нас на рэферэндуме гэтае пытанне вырашана. Не нам яго вырашаць. Народ сваё меркаванне выказаў. Яшчэ і таму ў нас, напэўна, не так буйствуюць гэтыя злачынствы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Каментуючы апошнія выказванні Аляксандра Лукашэнкі каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда адзначыў, што падобныя заявы прэзідэнт робіць не ўпершыню, і яны для грамадскасці не новыя.

 “Ягоная пазіцыя адносна смяротнага пакарання ім самім агучвалася не раз, што на гэтай прэс-канферэнцыі толькі падцвердзілася. Што тычыцца ягоных выказванняў наконт апошніх гучных крымінальных спраў, дык патрэбна ведаць, што частка 1 артыкула 139 Крымінальнага кодэксу, якую прад’явілі забойцу Юлі Саламацінай (а менавіта гэтае злачынства і меў на ўвазе Прэзідэнт), не прадугледжвае прымянення смяротнага пакарання. Гэтак жа, як і з трагічным выпадкам на сталічнай вуліцы Гая. Чалавек, які здзейсніў злачынства і ДТЗ, можа пазбегнуць крымінальнага пакарання — у выпадку, калі яго прызнаюць неўмяняльным. Ён ужо вярнуўся пасля абследавання ў псіхіятрычным шпіталі назад у СІЗА. Але вынікі экспертызы пакуль не агалошваюцца.

Але, скажу шчыра, я не здзіўлюся, калі ў нас могуць унесці ў дзеючае заканадаўства нейкія змены, што нярэдка робіцца апошнім часам, і такім чынам пашырыць выкарыстанне смяротнага пакарання, як гэта практыкавалася ў савецкія часы.

Больш за ўсё ў гэтым каментары прэзідэнта мой слых зачапіла здагадка аб тым, што кіраўнік дзяржавы да гэтага часу лічыць, што смяротнае пакаранне носіць стрымліваючы фактар. Ён мяркуе, што дзякуючы смяротнаму пакаранню у нас “не так буйствуюць гэтыя злачынствы”. Можна прыгадаць, што ў  90-х гадах штогод выконваліся дзясяткі расстрэлаў, але злачыннасць пры гэтым заставалася высокай. Зараз колькасць такіх прысудаў зменшылася да 2–3 у год, стала меней і цяжкіх злачынстваў. Прымаючы ўдзел у рознага кшталту канферэнцыях, з удзелам, у тым ліку і дзяржаўных экспертаў, юрыстаў, выкладчыкаў Акадэміі МУС, пераконваешся ў тым, што яны добра разумеюць, што смяротнае пакаранне не з’ўляецца стрымліваючым фактарам. Вось гэтую інфармацыю і варта было б данесці да кіраўніцтва нашай краіны".

У прафілактыцы цяжкіх злачынстваў Андрэй Палуда бачыць іншую праблему, якая палягае ў сацыяльна-эканамічнай плоскасці.

“Куды важней, на маю думку, заняцца прафілактыкай тых цяжкіх і рэзанансных злачынстваў, якія здзяйсняюцца ў стане алкагольнага ап’янення, што мы бачым і ў справе забойства Юлі Саламацінай. Дзяржаве найперш трэба думаць аб тым, не як зарабляць лёгкія грошы на продажы таннага алкаголю, а як лепей уплываць на прафілактыку падобных злачынстваў, і не праз наяўнасць смяротнага пакарання, а менавіта праз абмежаванне продажу  таннага алкаголю.

 Андрэй Палуда бачыць у словах Аляксандра Лукашэнкі і пэўны ціск на правасуддзе, праводзячы паралель са словамі кіраўніка дзяржавы і ягоным ранейшым жорсткім выказваннем падчас сустрэчы з Генеральным пракурорам, калі размова тычылася перасуду справы забойцы Аляксандра Грунова, якога Гомельскі абласны суд у другі раз прысудзіў да смяротнага пакарання. 


spring96.org