У Смаленску баптысцкага служыцеля аштрафавалі за дабравесце
У Расіі Ленінскі раённы суд горада Смаленска аштрафаваў баптысцкага служыцеля на 20 тыс. расійскіх рублёў (каля 300 даляраў) за дабравесце ў скверы, якое было расцэнена як правядзенне публічнага мерапрыемства без паведамлення.
Евангеліст МСЦ ЕХБ (Міжнародны саюз цэркваў евангельскіх хрысціян-баптыстаў) Віктар Печкуроў разам з трыма жанчынамі 25 кастрычніка 2014 раздавалі трактаты і хрысціянскую літаратуру ў смаленскім скверы. У гэты момант іх і затрымалі, паведамляе voiceofsufferers.org.
У канцы служэння да іх падышлі два супрацоўнікі паліцыі і папрасілі паказаць дазвол. Яны адказалі, што афіцыйнага дазволу ў іх няма, але Канстытуцыя РФ дае ім права на спавяданне сваёй веры (арт. 28).
Затым да іх падышлі яшчэ два чалавекі ў цывільным і прадставіліся супрацоўнікамі УУС. Разам з паліцэйскімі яны затрымалі дабравеснікаў і даставілі іх у аддзяленне паліцыі, патлумачыўшы, што паступіў тэлефонны званок — праверыць сектантаў, што знаходзяцца ў парку.
У паліцыі на Віктара Печкурова склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч. 2 арт. 20.2 КаАП РФ (арганізацыя альбо правядзенне публічнага мерапрыемства без падачы ва ўстаноўленым парадку паведамлення). Пасля трох гадзін допытаў усіх адпусцілі.
22 студзеня Ленінскі райсуд Смоленка наклаў штраф на евангеліста Віктара Печкурова.
У МСЦ ЕХБ заклікаюць маліцца і хадайнічаць аб тым, каб суд адмяніў сваё рашэнне. На сайце «Голас спрагненага» апублікаваныя адрасы для хадайніцтваў.