Прэзідэнт ім не ўказ?

У сераду, 4 лютага, адбудуцца разгляды адміністрацыйных справаў удзельнікаў акцыі салідарнасці з французскімі журналістамі "Charlie Hebdo", якая прайшла 11 студзеня каля будынку французскай амбасады ў Мінску. 



5cc78c26acf0695e2a3ce5c152479e7e.jpg

Напад на рэдакцыю гумарыстычнага часопіса, што месціцца ў цэнтры Парыжа, адбыўся 7 студзеня. У выніку тэракту загінулі 12 чалавек, пераважна журналісты.

Перад адміністрацыйным судом Цэнтральнага раёна беларускай сталіцы ранкам 4 лютага маюць прадстаць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, былы рэдактар сатырычнай газеты “Навінікі” Паўлюк Канавальчык, а таксама адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі “Зялёныя” Зміцер Кучук. 11 студзеня яны моўчкі сталі каля французскага дыпламатычнага прадстаўніцтва з невялічкімі шыльдамі з надпісам па-французску “Я таксама Шарлі”.

Варта яшчэ нагадаць, што 11 студзеня ў Парыжы (тут прысутнічалі лідары амаль сарака краінаў) ды яшчэ ў многіх гарадах свету адбыліся маршы салідарнасці з ахвярамі тэрактаў у сталіцы Францыі.

Не, у той дзень удзельнікаў мінскай акцыі салідарнасці не затрымалі. Але хутка з імі звязаліся прадстаўнікі праваахоўных органаў.

Вось як падае на БЕЛТА падзеі кіраўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі. “11 студзеня ў 12.15 каля пасольства Францыі ў Мінску сабралася група грамадзян у колькасці пяці чалавек для правядзення несанкцыянаванага мерапрыемства ў падтрымку выдання Charlie Hebdo. Дзяжурны міліцыянт, які нёс службу каля пасольства, звярнуўся да гэтых грамадзян з просьбаю спыніць несанкцыянаваны сход, паколькі ўгледзеў у гэтым парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах. На жаль, ягоную просьбу людзі, што сабраліся, праігнаравалі, і довады міліцыянта засталіся не пачутымі”, — адзначыў Ластоўскі.

Паводле ягоных словаў, група заставалася каля амбасады яшчэ каля 15 хвілінаў, пасля чаго людзі самастойна разышліся па хатах (дарэчы, адкуль ён ведае, куды яны разышліся сярод белага дня?).

“Натуральна, іх ніхто не затрымліваў. Праз некалькі дзён праваахоўнікі абзванілі гэтых людзей і прапанавалі ім прыйсці ў РУУС для разбіральніцтва. 21 і 23 студзеня грамадзяне прыходзілі ў міліцыю, дзе давалі тлумачэнні, пасля чаго сыходзілі дахаты. Цяперашнім часам матэрыялы аб адміністрацыйным правапарушэнні складзены і накіраваны ў суд Цэнтральнага раёна сталіцы”, — паведаміў Ластоўскі.

Прынамсі, ужо вядома, што позву ў суд на 9 раніцы 4 лютага атрымаў лідар АГП Анатоль Лябедзька, гэта ён пацвердзіў “Новаму Часу”. Позву атрымаў таксама і журналіст Паўлюк Канавальчык.

Дарэчы, напярэдадні, 29 студзеня, афіцыйны кіраўнік Беларусі падчас сваёй сямігадзіннай прэс-канферэнцыі для беларускіх і замежных журналістаў, адказваючы на пытанне датычна маючых адбыцца судоў над удзельнікамі акцыі салідарнасці з Charlie Hebdo, даў загад “разабрацца”. Як нагадвае прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў, на апошніх хвілінах прэсавай канферэнцыі сябра Праўлення ГА “БАЖ”, журналістка “Бі-Бі-Сі” Таццяна Мельнічук спыталася ў Аляксандра Лукашэнкі пра затрыманні некалькіх чалавек, якія выходзілі да французскай амбасады, а таксама помніка Тарасу Шаўчэнку (апошнія ўжо атрымалі штраф ці ад пяці да пятнаццаці сутак на Акрэсціна). Па яе словах, такія затрыманні выглядаюць абсурдна і дрэнныя для іміджу моцнай улады.

Лукашэнка сказаў, што цалкам згодны з меркаваннем журналісткі, і  заявіў, што міліцыі не варта было чапаць гэтых людзей. Ён даручыў разабрацца кіраўніку МУС. Міністр паспрабаваў сказаць, што сілавыя органы нікога не баяцца, але Лукашэнка спыніў яго і сказаў разабрацца з канкрэтным выпадкам, "каб надалей такога не было".

Нягледзячы на словы афіцыйнага лідара, удзельнікі акцыі салідарнасці каля французскай амбасады ўсё ж прадстануць перад судом. Паглядзім, якія будуць вынікі. У выпадку, калі хтосьці з фігурантаў гэтай адміністрацыйнай справы атрымае штраф ці адміністрацыйны арышт, гэта будзе азначаць, што словы прэзідэнта для ягоных падначаленых — не ўказ. Альбо тое, што заявы першай асобы — толькі пыл у вочы прысутным на прэс-канферэнцыі. І ў краіне без дазволу ўлады хутка нельга будзе нават кашлянуць, а не тое што праявіць салідарнасць з кімсьці.