Нягледзячы на патрабаванне Лукашэнкі, салідарных з “Charlie Hebdo” будуць судзіць
Не паспеў кіраўнік дзяржавы даць распараджэнне “разабрацца” з прыцягненнем да адказнасці ўдзельнікаў мінскай акцыі салідарнасці з “Charlie Hebdo”, як яе удзельнікі атрымалі позвы ў суд.
Паводле позвы, разгляд справы Анатоля Лябедзькі і Паўлюка Канавальчыка па артыкуле за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства мае адбыцца ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска 4 лютага а 9-й раніцы.
Акцыя салідарнасці з журналістамі “Charlie Hebdo” адбывалася 11 студзеня па ўсім свеце. У гэты ж дзень чацвёра мінчукоў таксама выйшлі з таблічкамі “Je Suis Charlie” да французскай амбасады ў Мінску, дзе запалілі свечкі і ўсклалі кветкі. Акцыя працягвалася каля 40 хвілінаў і не выклікала ніякай цікавасці ў міліцыянтаў, што ахоўвалі амбасаду. Праз некалькі дзён супраць трох удзельнікаў мерапрыемства на падставе фота ў інтэрнэце міліцыя склала адміністрацыйныя пратаколы за незаконнае масавае мерапрыемства.
29 студзеня абсурднасць гэтай сітуацыі падкрэсліла сябра Праўлення ГА “БАЖ” Таццяна Мельнічук, узяўшы слова на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.
Ён пагадзіўся з журналісткай і адразу ж даў даручэнне міністру ўнутраных спраў “разабрацца” з прыцягненнем удзельнікаў акцыі да адказнасці і не дапускаць падобнага ў будучым.
Між тым, раніцай 30 студзеня адзін з удзельнікаў акцыі Анатоль Лябедзька атрымаў позву ў суд.
– Сітуацыя вельмі добра ілюструе прававы беспарадак у нашай краіне – калі Лукашэнка сам выказвае спачуванні "Charlie Hebdo", а міліцыя за гэта складае адміністрацыйныя пратаколы. Потым сваім рашэннем прэзідэнт загадвае перакрэсліць гэтыя пратаколы. Але ў судзе пра гэта па-ранейшаму не ведаюць, – падкрэслівае Анатоль Лябедзька.
UPD. А 13:00 30 студзеня яшчэ аднаму абвінавачанаму за "Charlie Hebdo" Паўлюку Канавальчыку таксама ўручылі позву ў суд на 9 гадзін 4 лютага.