Апазіцыя і ўлады сустрэліся за круглым сталом супраць алкаголя

У Мінску 17 лістапада адбыўся першы за доўгі час круглы стол, ініцыяваны апазіцыйнымі сіламі, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўнай улады. Круглы стол, прысвечаны дэалкагалізацыі насельніцтва, быў ініцыяваны Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй разам з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганнай Канапацкай.

1479465763_15086393_10209303578479596_1008042744_n.jpg


Гэтак, міністэрствы і дзяржаўныя ўстановы прадстаўлялі Віялета Бразоўская (начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю), Іван Карчэўскі (начальнік упраўлення аховы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны), Іван Канаразаў (галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя), Уладзімір Максімчук (загадчык сектара наркалогіі РНПЦ псіхічнага здароўя), Аляксей Кралько (загадчык сектара наркалагічнага маніторынгу РНПЦ псіхічнага здароўя).
Таксама ў круглым стале ўдзельнічалі кіраўнік каардынацыйнага цэнтра па супрацьдзеянні алкагалізму і наркаманіі Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Дзіянісій Пясецкі, кіраўнік Цэнтра падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля» пры праваслаўным прыходзе храма Свяціцеля Мікалая Японскага Вера Сярдзюк, каталіцкі святар Аляксандр Фаміных, прадстаўнік місіі “Вяртанне” хрысціянаў веры Евангельскай Сяргей Цупа з Баранавічаў.
Грамадскі сектар прадстаўлялі намеснік старшыні Руху “За свабоду” Юрый Меляшкевіч, кіраўнік грамадскага аб'яднання “Цвярозасць-Аптымаліст" Валянцін Талкачоў, старшыня аргкамітэта РГА «Цвярозае жыццё» Анатоль Астапенка і іншыя.
“Хрысціянскія дэмакраты займаюцца вырашэннем гэтай праблемы з 2013 году. За гэты час у розныя інстанцыі было накіравана каля 30 тыс. подпісаў. І хоць павольна, але сітуацыя рухаецца з месца. Так, была забароненая рэкламаў алкагольных брэндаў, уводзіліся абмежаванні па часе на продаж алкаголю. І гэты круглы — гэта наступны этап нашай кампаніі”, — адзначыла ў каментары bchd.info лідар Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова.
У сваю чаргу сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскіпадкрэсліў, што прадстаўнікі грамадскасці і міністэрстваў былі абсалютна згодныя, што праблема алкагалізацыі ў Беларусі вельмі вялікая. “Відавочна, выбівалася пазіцыя МАРГу, які сёння выступае наўпроставым абаронцам вытворцаў алкаголю. Алкагольнае лобі, накіраванае на атрыманне хуткіх прыбыткаў, у Беларусі велізарнае, і каб пераадолець яго супраціў, патрэбная кансалідацыя высілкаў і грамадзянскай супольнасці, і палітыкаў, і спецыялістаў, якія бароняць беларусаў ад алкагалізму”, — заявіў ён.

1479465797_15139803_10209303578359593_113922270_n.jpg


Паводле яго, прапановы беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў заснаваныя на досведзе, які прайшоў увесь цывілізаваны свет. З аднаго боку гэта і падтрымка грамадскіх ініцыятыў, якія бясплатна дапамагаюць выйсці з алкагольнай залежнасці і працуюць з сузалежнымі. А з іншага боку — гэта шэраг абмежавальных зменаў, накіраваных на змяншэнне даступнасці алкаголю падлеткам, поўная забарона і гэтак далей.
Я ўпэўнены, што дзякуючы супольным намаганням, беларускае грамадства будзе здольнае пераадолець алкагалізм. Да гэтага часу ў Беларусі праводзілася палітыка спойвання насельніцтва. Не сакрэт, што беларускія гандлёвыя сеткі прымушаюць прадаваць няякасны алкаголь беларускай вытворчасці, часта ствараючы льготныя ўмовы для вытворцаў алкаголю. Сёння алкагольнай прадукцыяй заваленыя ўсе нашыя крамы. Гэта супернавязлівая рэклама для ўсіх пакупнікоў, у тым ліку і для дзяцей, якія прыходзяць у краму, каб набыць прадукты”, — адзначыў сустаршыня БХД.
Прадстаўніца МАРГ распавяла падчас круглага стала пра новы дэкрэт па абмежаванні продажу алкаголю, які зараз рыхтуецца. Пры гэтым яна выступала супраць многіх яго прапаноў, як напрыклад, прапановы ўвесці асобныя аддзелы ў буйных крамах для продажу алкаголю, супраць абмежавання продажу алкаголю на запраўках. Разам з тым яна пагадзілася, што праблема алкагалізму велізарная.
Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя спрабавалі прывесці статыстыку аб тым, што колькасць пастаўленых на ўлік алкаголікаў цягам апошніх пяці гадоў скарацілася. Тым не менш, яны прызналі, што ў лепшым выпадку толькі каля 15% алкаголікаў стаяць на ўліку. У сваю чаргу праваслаўны святар а. Дзіянісій прывёў са свайго досведу прыклад таго, што з усіх груп ананімных алкаголікаў, з якімі ён працуе, толькі два чалавекі стаялі на ўліку.

1479465825_15086261_10209303578319592_2082165192_n.jpg


“Сёння ў Беларусі на ўліку стаіць больш за 160 тыс. алкаголікаў. Адпаведна па самых прыкладных падліках на алкагалізм у Беларусі хварэе ў 5-6 разоў больш чалавек — каля мільёна дарослых грамадзян. Па сутнасці, кожны пяты дарослы беларус з’яўляецца алкаголікам”, — заявіла Вольга Кавалькова.

1479465759_15128720_10209303578399594_425068848_n.jpg


Па выніках круглага стала было дамоўлена, што з улікам прапаноў грамадскасці і спецыялістаў Ганна Канапацкая ініцыюе змяненне заканадаўства дзеля дэалкагалізацыі насельніцтва Беларусі і вынясе адпаведныя прапановы на вясновую сесію парламенту.
Паводле bchd.info