Астравец. Ашмяны. Брэст. Гродна.
Астравец. Вілія застанецца без вады
Астравец. Вілія застанецца без вады
Сябры Грамадскага каардынацыйнага экалагічнага Савета пры Міністэрстве прыроды даследавалі праблему Віліі ў выпадку пабудовы АЭС на Астравеччыне. Згодна праекта, прадугледжана татальная эксплуатацыя
ракі. Штодня будзе забірацца 220 000 кубаметраў вады, а вяртацца толькі 110 000 кубаметраў. У афіцыйнай Справаздачы па ўплыву на навакольнае асяроддзе адсутнічаюць дадзеныя пра хімічны і тэмпературны
склад адпрацаванай вады. Няма таксама звестак, куды патрапяць яшчэ 110 тысяч кубаметраў адпрацаванай вады. Эколагі лічаць, што рака можа згубіць шэраг прытокаў. Літоўскія эксперты занепакоены яшчэ
тым, што рака працякае праз іх сталіцу, і з пабудовай АЭС на Беларусі тут можа ўзнікнуць шэраг прамых і ўскосных экалагічных праблем. Як сведчыць мясцовы праваабаронца Іван Крук, сусветная
супольнасць паступова паўстае супраць рэалізацыі гэтага праекту.
Ашмяны. Арыгінальная навагодняя елка
Два гады збіраў бутэлькі з-пад шампанскага жыхар райцэнтра Віктар Сінкевіч. Сабраўшы амаль дзве тысячы штук, ён зрабіў з іх навагоднюю елку. Два месяцы пайшло на пабудову: галінкі з бутэлек, а ствол
давялося зрабіць з дроту. Зялёная прыгажуня ўжо стала мясцовай выбітнасцю. Сам аўтар праекту мае намер пабудаваць хату з бутэлек.
Брэст. Вечарыны для моладзі
21 снежня адбылося шоу з нагоды 10-годдзя культурна-асветніцкай арганізацыі «Дзедзіч». На «Дзедзіч-Party» ўдзельнікаў чакала сучасная беларуская музыка розных
стыляў, беларускія тэксты, аранжыроўкі і беларускамоўны дыджэй. У праграме вечарыны былі забаўляльныя конкурсы з прызамі, феерычнае неон-шоу ад шоу-тэатра «Бліскавіца», майстар-клас
па традыцыйных і старажытных беларускіх танцах і дыскатэка.
Гродна. Каляндар з юбілярамі
Пабачыў свет перакідны каляндар на 2010 год. У ім змешчаны звесткі пра знакамітых людзей краю як мінулага, так і сённяшняга дня, якія ў будучым годзе адзначаюць круглыя даты. Укладальнікам выдання
выступіў прафесар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч. Рэдагаваў каляндар лідзянін Станіслаў Суднік.