Азбука паліталогіі: Беларускія пілігрымы ў пошуках роднасных душ

У развароту Беларусі на Усход існуе шмат тлумачэнняў. Днямі чарговым такім парадаваў палітолаг Пётр Пятроўскі.

Ілюстрацыйная выява. Кітайскі прапагандысцкі плакат перыяду «Вялікага скачка». Крыніца: https://artsdot.com/

Ілюстрацыйная выява. Кітайскі прапагандысцкі плакат перыяду «Вялікага скачка». Крыніца: https://artsdot.com/


Гэта тлумачэнне Пятроўскага не пазбаўлена арыгінальнасці: «Іран для Беларусі з’яўляецца дастаткова перспектыўнай краінай. Нас збліжае ўжо тое, што нашы дзяржавы маюць агульныя індаеўрапейскія карані. Узгадайце знакаміты верш Максіма Багдановіча «Слуцкія ткачыхі»: вядомая на ўвесь свет тэхналогія вытворчасці паясоў прыйшла да нас менавіта з Персіі».
Я нічога не маю супраць тэхналогіі, запазычанай у Персіі. Зрэшты, я не выступаю і супраць адкрытых англічанінам Ісаакам Ньютанам законаў фізікі. Ні супраць першага, ні супраць другога, ні супраць трэцяга! Хай даруюць мне патрыёты.
Сучасная глабалізаваная эканоміка для свайго абгрунтавання не мае патрэбы ў адсылках да культурна-гістарычных каранёў, для яе неабходна захаванне агульных правіл. Як і манастыр, яна мае ўласны статут, лічыцца з якім вымушаны ўсе неафіты. Аднак адрозненне сучаснага этапу глабалізацыі ад яго гістарычных папярэднікаў палягае ў тым, што ўсё часцей у такім статуце агаворваюцца не толькі нормы міждзяржаўных адносін, але і ўнутрыдзяржаўных.
З новаўвядзеннем згаджаюцца не ўсе, што і з’яўляецца прычынай фарміравання пула краін-ізгояў. Усе яны абвяшчаюць сваю культурную своеасаблівасць галоўнай каштоўнасцю і, закусіўшы цуглі, пачынаюць змагацца за шматпалярнае светаўладкаванне «без дыскрымінацыі ў міжнародных адносінах».
Радзіма тэхналогіі вытворчасці слуцкіх паясоў — прыклад такой краіны. Беларускаму кіруючаму класу ёсць чаму павучыцца ў мясцовых аятолаў. Вопыт 43 гадоў жыцця пад санкцыямі не прапіць — тым больш у мусульманскай краіне.
Крыху эканамічнай статыстыкі.
Перад ісламскай рэвалюцыяй 1978–1979 гадоў у Іране здабывалася больш за 6 мільёнаў барэляў нафты ў дзень, у 2005 годзе — прыкладна 4 мільёны, у 2020-м — каля 2 мільёнаў. Вынікам такой дынамікі стала стагнацыя эканомікі. У 2020 годзе ВУП Ірана ў супастаўных цэнах быў толькі на 4,2 працэнта вышэйшы за ўзровень 2010 года, а па парытэце пакупніцкай здольнасці за гэты час упаў на 12,7 працэнта.
Натуральна, не абыходзіцца там і без гіперінфляцыі. Амаль кожны год — двухзначны рост коштаў, чаго не скажаш пра такі ж хуткі і рашучы рост узроўню жыцця. У 2020 годзе на адну сярэднестатыстычную іранскую душу прыходзілася 13,3 тысячы долараў — гэта значыць, на 0,5 тысячы менш, чым у 2005-м.
Аднак вернемся да палітолага Пятра Пятроўскага. Ён верыць ва ўзаемадапаўняльнасць эканомік Беларусі і Ірана. Сумеснай вытворчасцю паясоў справа, зразумела, не абмяжуецца. Усё значна больш сур’ёзна і маштабна: «Наш блізкаўсходні партнёр — велізарная крыніца карысных выкапняў, перш за ўсё, вуглевадародаў. Ён увесь час мае патрэбу ў горназдабыўной, сельскагаспадарчай, камунальнай і іншай тэхніцы, якую яму можа прапанаваць наша краіна».
Прапанаваць, канешне, яна прапануе — вось толькі ў Ірана даўно наладжаны ўзаемавыгадны гандаль з Кітаем: з Ірана — вуглевадароды, у Іран — прамысловыя тавары. Беларускай мадэлі іранскія вуглевадароды не патрэбны. Свае б прыладзіць каму — і пажадана, па справядлівых цэнах.

Пра адсутнасць розніцы

Не здолеўшы наладзіць супрацоўніцтва з суседзямі, з якімі збліжаюць не толькі індаеўрапейскія карані, але і тысячагоддзе сумеснай гісторыі, архітэктары беларускай мадэлі, нібы пілігрымы, разбрыдаюцца па свеце ў пошуках роднасных душ.
У Еўропе такіх нешта адшукаць ніяк не атрымліваецца. Іншая справа — Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва (ШАС), своеасаблівая салянка з ісламскіх рэспублік СССР, Ірана і Пакістана плюс самадастатковых у цывілізацыйным плане Расіі, Індыі і Кітая.
Што ўтрымлівае разам «захавальнікаў традыцыйных каштоўнасцей»? Не палічыце мой адказ за таўталогію, аднак гэта жаданне захаваць традыцыйныя каштоўнасці, галоўнай з якіх з’яўляецца нічым не абмежаваная і нязменная ўлада. Такі тып улады не можа абапірацца на еўрапейскі сацыякультурны тып чалавека-грамадзяніна. Такога кшталту ўлада мае патрэбу ў падданых, якія не прэтэндуюць на палітычную суб’ектнасць.Дзеянне (наступленне мадэрну) нараджае супрацьдзеянне з боку традыцыяналістаў. Таму варта пагадзіцца з прафесарам Чуньянскага Інстытута фінансавых даследаванняў у Кітаі Ван Вэнем, які назваў мінулы год годам «дэвестэрнізацыі», паколькі ўсё больш дзяржаў — ад Кітая да Лацінскай Амерыкі і краін АСЕАН — «ціха, але рашуча адпрэчваюць заходні сусветны парадак».
Нішто так не радуе прыхільнікаў дэвестэрнізацыі, як эканамічныя крызісы, якія перыядычна ахопліваюць заходнія краіны. З часоў Маркса ў кожным такім крызісе ім бачыцца праява агульнага крызісу капіталізму, які павінен завяршыцца яго канчатковым крахам.
Банкруцтва амерыканскага банка крэмніевай даліны Silicon Valley Bank не стала выключэннем. Вось якія эмоцыі перапоўнілі з гэтай нагоды беларускага палітолага, кандыдата гістарычных навук Вадзіма Ялфімава: «Вы ведаеце, якая розніца паміж Сіліконавай далінай і Полем цудаў у краіне дурняў? Ніякай! Што бліскуча даказаў найлепшы банк ЗША, які пяць гадоў запар трымаў гэты афіцыйны статус, прычым аж да пачатку сакавіка, калі яго ў чарговы раз з шампанскім, феерверкамі і запрошанымі «зоркамі» эстрады ўшаноўвалі ў дадзенай якасці. <...> Афера лопнула! А з ёй лопне і ўся амерыканская эканоміка!»

Праўда на нашым баку

Банк лопнуў у Каліфорніі — а рубель абваліўся ў Маскве. Калі 14 сакавіка за долар давалі 74,92 рубля, то ўжо 17 сакавіка — 77,06. Такая дынаміка нікога не здзівіла. Курс расійскага рубля ў першым набліжэнні — гэта вытворная ад кошту нафты, а нафта маркі «Brent» за тры дні патаннела на 11%.
Можна колькі заўгодна зубаскаліць пра тое, якая розніца паміж Сіліконавай далінай і Полем цудаў у краіне дурняў, але Расія была і застаецца міжнароднай бензакалонкай. Таму любая праблема амерыканскай эканомікі адгукаецца ў расійскай, прычым з салідным каэфіцыентам.
Прыгадаем крах банка Lehman Brothers у верасні 2008 года. Ён абышоўся Расіі ў 7,8% зніжэння ВУП у 2009 годзе, у той час як на радзіме сусветнага фінансавага крызісу ВУП скараціўся толькі на 2,4%.
Але, як ні круці, праўда была на нашым баку. Ці ж гэта не падстава паразважаць пра нашу маральную перавагу над загніваючым Захадам!