
Азбука паліталогіі: Каэфіцыент геапалітычнай арыентацыі дзяржаўных СМІ
- Грамадства
- 14-03-2023
Тэлевізар не гляджу ўжо гадоў дзесяць, але сайт тэлеканала «Беларусь 1» наведваю рэгулярна. Як палітолаг я вымушаны разумець, якім бачыцца свет слугам беларускага народа і што яны разумеюць пад «разумным, добрым і вечным».

Не буду казаць пра вышэйшую матэматыку, але арыфметыка — навука дакладная. Шляхам тыкання пальцам у экран я падлічыў колькасць сюжэтаў за 5-га сакавіка (зрэшты, дзень быў абраны адвольна) у раздзеле «Навіны».
Такіх налічыў 39 сюжэтаў — і нават паспрабаваў іх згрупаваць. Тых, што ў першым набліжэнні можна прыняць за прарасійскія, аказалася тры, а за антызаходнія — аж дзесяць. Падзяліў другую лічбу на першую — і атрымаў каэфіцыент геапалітычнай арыентацыі галоўнага тэлеканала краіны. Зрэшты, і без калькулятара зразумела, што ён большы за тры, але меншы за чатыры.
Аб’ём выбаркі, зразумела, навуковым крытэрам не адпавядае. Тым не менш колькасць прарасійскіх сюжэтаў мяне здзівіла — і не таму, што іх мала. Зусім не. Я праглядаю навінавыя сюжэты практычна штодня. Прарасійскія — нібы пальчык з верша пра дзяўчынку Машу і рукавічку — з першай спробы не заўсёды атрымліваецца адшукаць.
Вось і разважай пасля гэтага пра разварот беларускай дзяржаўнай хаткі да Захаду задам, а да Усходу перадам. Захад Захадам, але калі з самай раніцы камень у яго агарод не кінуў — лічы, дзень пражыў дарэмна.
А Еўропа — яна побач. Калі своечасова кучу камянёў не накідаць, то ў беларусаў і без дапамогі прапаганды пачне складвацца ўласнае меркаванне.
Пералік антызаходніх сюжэтаў не вызначаецца разнастайнасцю. Лідзіруюць бытавыя драбніцы: «Немцы ў жаху ад росту цэнаў на гародніну», «усё больш прызыўнікоў у Эстоніі пакутуюць на псіхічныя захворванні», «стаміліся ад рабаванняў і знявагаў — у Лісабоне пратэстуюць настаўнікі».
Зразумела, не абышлося без NАТO. Куды ж без яго? «NАТO прэч!» — масавыя акцыі супраць паставак зброі Украіне прайшлі ў Славакіі і Германіі», «Супрацьстаянне Польшчы і Германіі можа падарваць пастаўкі зброі Украіне, піша Bloomberg».
А вось пра поспехі расійскага войска ў дэнацыфікацыі Украіны — ні слова, ні паўслова. Усё лагічна. Калі з роду баравік — то лезь, браце, у кошык. А калі абвясціў Год міру і стварэння, дык і здымай сюжэты пра надоі ды ўкосы. З імі, дзякуй Богу, усё нармальна. За мінулы год на 8 мільярдаў долараў экспартавалі сельскагаспадарчай прадукцыі.
Немцы, ахопленыя жахам ад сузірання завоблачных цэнаў на агуркі, эстонцы, якія пакутуюць на псіхічныя захворванні, партугальскія настаўнікі, што стаміліся ад рабаванняў і знявагаў, — усе гэтыя ручаінкі зліваюцца ў паўнаводную раку, якой наканавана найбліжэйшым часам затапіць сучасныя Садом і Гамору (яны ж па сумяшчальніцтве «кансалідаваны Захад»).
Да перамогі таго, што хаваецца пад абрэвіятурай СВА — расійскай ваеннай спецаперацыі, — цяперашняе пакаленне постсавецкіх людзей гарантавана дажыве. З камунізмам не склалася, са СВА атрымаецца. Нездарма ж нямецкі публіцыст Освальд Шпенглер апублікаваў у 1918 і 1922 гадах два тамы бестселера «Заняпад Еўропы». Да стагоддзя не атрымалася. Такой бяды! Дадатковых пару гадоў чаканняў — не праблема. Да таго ж чакаць-пражываць гэтыя пару гадоў давядзецца не ўтаропіўшыся ў столь, а назіраючы па тэлевізары за поспехамі імпартазамяшчэння.
«Айчынная прапаганда з усіх сіл спрабуе пераканаць расіян у тым, што Еўропа хутка зламаецца. Маўляў, распешчаныя жыхары Старога Свету, якія стаміліся ад таго, што адбываецца навокал, хутка запатрабуюць ад украінцаў адмовіцца ад планаў вярнуць страчаныя тэрыторыі і прымусяць іх неадкладна сесці з Расіяй за стол перамоваў».
Такімі словамі расійскі палітолаг Абас Галямаў абнадзейвае прыхільнікаў СВА. Аднак у цытаце хаваецца недарэчнасць. Навошта ўкраінцаў прымушаць, калі каманда Уладзіміра Зяленскага з першага дня яго прэзідэнцтва скача пад дудку Дзядзькі Сэма? І айчынная (г. зн. расійская для Галямава), і не айчынная (калі вядзецца пра беларускіх чытачоў НЧ) прапаганда штодня пра гэта нагадвае.
Абмяжуюся адным эмацыйным выказваннем аднаго эмацыйнага адзінага палітыка: «Але вы трымаеце Валодзю Зяленскага за рукі-ногі — і не пускаеце яго за стол перамоваў. Гэта маё перакананне, і было шмат фактаў, якія пра гэта кажуць. Значыць, вы хочаце вайны, мы хочам міру! Чуеце, амерыканцы? Мы хочам міру. Дайце каманду Зяленскаму і самі сядзьце за стол перамоваў з Пуціным, а я побач сяду» (16.02.2023).
Хто каго і за што трымае — без паўлітра і айчыннага агурка не разабрацца. Але агуркі даражэюць не толькі ў Германіі. Вось і сядзяць тыя, хто прагне міру, па сваіх кутах.
Гляджу ў пуцінскі кут — гатовы. Гляджу ў наступны — і там гатоўнасць № 1. Аднак жа справа не ідзе на лад. Можа, не па тых кутах разбрыліся?
Аповесць Джэка Лондана «Покліч продкаў», калі мне памяць не здраджвае, пачыналася словамі: «Бэк не чытаў газет, і таму не ведаў, што насоўваецца бяда». І гэта зразумела. Бэк быў сабакам — і таму нічога не чуў пра золата Аляскі, якое спарадзіла попыт на вялікіх, моцных сабак.
Не ведаю, як у аднапалатным парламенце Даніі з газетамі, але тэлеканал «Беларусь 1» дэпутаты праглядаюць напэўна. Інакш як растлумачыць, што яны адмянілі Вялікі дзень малітвы, які быў уведзены яшчэ ў 1686 годзе? Свята адзначаецца ў чацвёртую пятніцу пасля Вялікадня. У гэтым годзе яно прыпадае на 5 траўня.
Прэм’ер-міністр Метэ Фрэдэрыксен заявіла, што такая мера дазволіць павялічыць абаронны бюджэт, а гэта неабходна ў сувязі з «бягучай сітуацыяй у сферы бяспекі». Даніі трэба «выдаткоўваць больш грошай на абарону, наколькі гэта магчыма», падкрэсліла прэм’ер.
Паводле падлікаў Мінфіна краіны, адмена свята і ўвядзенне дадатковага працоўнага дня прынясе ў дзяржаўную казну 3 мільярды крон (каля 400 мільёнаў еўра). Зрэшты, такое рашэнне ўхвалілі не ўсе. Не абышлося без акцыі пратэсту ў Капенгагене каля будынка парламента.
Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!
Больш цікавага на «Новым Часе»: