Багданкевіч: “Да канца году курс можа быць 30 тысяч”

У чарговай перадачы сэрыі “Інтэрв’ю тыдня” былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч распавядае, чаму Аляксандар Лукашэнка вымушаны будзе пайсці на эканамічныя рэформы, разважае, што трэба рабіць са стратнымі прадпрыемствамі і якога сярэдняга заробку на сёння заслугоўваюць беларусы.  



bogdankevich1.jpg

Цыганкоў: Нядаўна былі апублікаваныя афіцыйныя вынікі эканамічнага развіцця Беларусі, паводле якіх эканоміка краіны ў мінулым годзе зазнала фактычна рэкорднае за апошнія 20 гадоў падзенне. Эканамічны спад склаў амаль 4% валавога прадукту, але аб’ём прамысловай прадукцыі знізіўся на 6,6%. Як бы вы ацанілі гэтыя сухія дадзеныя? Ці лічыце вы гэта пачаткам ці праявай сур’ёзнага доўгатэрміновага трэнду, або гэта выключэнне, якім, можа, стане 2015-ты год?

“Еўразійскі эканамічны саюз забівае эканоміку Беларусі”

Багданкевіч: Баюся, што сёння мы назіраем рэцэсію на доўгі перыяд. І гэта звязана ў тым ліку з падзеннем інвестыцыяў, адставаннем тэхналогіяў і адсутнасцю палітычнай волі для пераадолення таго крызісу, у які трапіла эканоміка Беларусі. Мы не бачым ні змены кадравай улады, ні прызнання тых памылак, якія былі дапушчаныя ў эканамічнай палітыцы. Не бачым праграмы развіцця, ніякіх заяў, як пераадолець крызіс. У нас падзенне не толькі ў сельскай гаспадарцы, але і ў вытворчасці. Рэнтабэльнасць упала на 2%: цяпер 6%, а было 8%. Па ўсіх пазіцыях маюць месца праблемы.

Мы стварылі гэты Еўразійскі эканамічны саюз — выявілася, што гэты саюз забівае эканоміку Беларусі. Падае ўнутры гэтага саюзу і экспарт, і імпарт, і сувязі, рэнтабэльнасць, і гэтак далей. Мы выйшлі на мінус у знешнім гандлі да канца году. У нас усё ж такі быў збалансаваны гандаль, і таму я не разумеў, чаму ў нас ідзе абвал нацыянальнай валюты, калі знешні экспарт і імпарт збалансаваныя. Цяпер ён аказаўся з мінусам амаль на 500 мільёнаў даляраў. То бок мы маем тут такое яўнае падзенне.

Цыганкоў: Калі ў цэлым лічбы падзення прамысловасці (6,6%) выглядаюць не так катастрафічна, то ў некаторых асобных галінах — машынабудаванні, трактарабудаванні — мы бачым падзенне на 30%, 40%, 50%. Гэта сведчанне таго, што гэтая галіна фактычна нежыццяздольная? Што яна павінна неяк кардынальна пераарыентавацца?

“Сёньня мы бачым канчатковую гібель тых галінаў эканомікі, якія былі маяком Беларусі”

Багданкевіч: Я баюся, што гэта ўжо глабальнае падзенне вытворчасці і яе эфэктыўнасці ў Беларусі. Яно выклікана тым, што своечасова не была праведзена ні прыватызацыя, ні прыток знешняга капіталу, ні тэхналагічныя пераўтварэнні. Проста ўлады чамусці вырашылі не заўважаць неэфэктыўнасці, а пакрываць за кошт бюджэту гэтыя неэфэктыўныя галіны, не прымаць глыбінных пераўтварэнняў у іх. Гэта, канечне, памылкі не гэтага году, а памылкі 10-гадовай даўніны.

Цяпер, я лічу, яны непад’ёмныя — гэтыя галіны эканомікі, якія былі калісці маяком Беларусі. Таму што яны загінулі ўжо 10 год таму, а не сёння. Сёння мы толькі бачым канчатковую іх гібель.

Цыганкоў: З улікам таго, што адбылося за апошнія паўтары-два гады з курсам, з падзеннем вытворчасьці — на які ўзровень мы адкаціліся? Людзі, вядома, перш за ўсё арыентуюцца на ўзровень заробкаў, паводле якога мы адкаціліся недзе на 2008 год. А вось у цэлым эканамічнае развіццё Беларусі наколькі адступіла?

Багданкевіч: У сэнсе эфэктыўнасці яно ўпала дзесці ў 2 разы. А падзенне эфэктыўнасці, рэнтабэльнасьці — усё гэта адлюстроўваецца ў такім зводным паказчыку, як вартасць нацыянальнай валюты. Гэта якраз сведчаньне такога абвальнага падзення ўсёй эканомікі, нізкай канкурэнтаздольнасці, нізкай рэнтабэльнасці, якія улады не заўважалі. Мы мелі вялізныя датацыі з Расіі па коштах энэрганосьбітаў. Мы павінны былі накіроўваць іх не на спажыванне, а якраз на набыццё найноўшых тэхналогіяў, новага абсталявання, новай тэхнікі, перанавучання кадраў. Я б сказаў, сёння нават гэтыя грошы дадатковыя не выратуюць беларускую эканоміку, таму што няма канкурэнцыі...

Цыганкоў: Але ж інвестыцыі былі, Беларусь займала даволі высокае месца па долі інвестыцый у валавым унутраным прадукце. Адбывалася мадэрнізацыя, тая ж знакамітая мадэрнізацыя дрэваапрацоўчай прамысловасці, якая завяршылася скандалам і пасадкамі. Чаму такія вялікія грошы, мільярды даляраў, былі ўкінуты ў мадэрнізацыю, а ў выніку нічога не выйшла?

Багданкевіч: Я думаю, што першапрычына ў адсутнасці палітычнай канкурэнцыі ў краіне. Павінны быць некалькі праграмаў, прапанаваных грамадзкасці, бізнэсу. Носьбіты лепшых праграмаў, кадры і патэнцыял павінны прыходзіць да ўлады. Патрэбен быў конкурсны адбор кіраўніцтва. Але нічога ж гэтага няма. Перасаджванне аднаго неэфэктыўнага кіраўніка ў іншае крэсла. Мы бачым, што пастаянна гэта адбываецца. Ніякай праграмы, ніякага абмеркавання, як будзем выходзіць з глабальнага крызісу. А што тычыцца інвестыцый, то я вам скажу, за мінулы год прыток і набыццё абсталявання скарацілася на 25,2%.

Цыганкоў: Ужо некаторыя аглядальнікі параўноўваюць гэтую сітуацыю, паколькі яна сапраўды досыць унікальная, з пачаткам і сярэдзінай 90-х, бо такога падзення не было ў Беларусі з 96-га году. Па-вашаму, ці дапушчальна ўжо ўжываць такія аналогіі?

Багданкевіч: 90-я гады — гэта гады развалу мадэляў кіравання эканомікай. У 1991 годзе 40% эканомікі працавала па замовах Міністэрства абароны былога Савецкага Саюзу. Гэта былі аб’ектыўныя прычыны абвалу. Сёння прычыны суб’ектыўныя, прычыны кіраўніцкага плану ў вялізнай ступені.

Цыганкоў: Я пра тое і кажу, што пры ўсёй трагічнасці 90-х перавод эканомікі на новыя рэйкі адбыўся, стала менш ваеннай прамысловасці, паўстаў прыватны бізнэс. А цяпер гляджу апошнюю статыстыку: тэлевізараў выпусцілі 2% ад 2014 году ў 2015 годзе. Камбайнаў — 19%. Цяперашнія падзеі могуць дапамагчы пачаць шырокія рэформы? Ці баіцца Лукашэнка пераарыентаваць эканоміку на больш канкурэнтныя і рэнтабэльныя рэйкі?

“Лукашэнка мае пункт гледжання бальшавіцкіх артадоксаў”

Багданкевіч: Цяжка сказаць. Мяне бянтэжыць заява кіраўніка дзяржавы, які мае пункт гледжання бальшавіцкіх артадоксаў, якія лічаць, што праблемы створаныя ўвядзеннем элемэнту рынкавай эканомікі, а не наадварот. Абвінавачваюць сёння лібэралаў, апазыцыю, якія якраз крытыкавалі гэтую адміністратыўна-камандную мадэль, якая прывяла да такога разбурэння. Няма высноваў, няма ацэнкі праўдзівай сітуацыі, аналізу прычын, якія прывялі да сённяшняга стану эканомікі. Галоўная наша праблема, што наша эканоміка па віне ўлады не ўлілася ў сусветную эканоміку.

Наша буйная прамысловасьць не была паглынутая сусветнымі кангламератамі, таму яна асуджаная на гібель. Тое самае можна сказаць пра станкабудаванне, трактарабудаванне і гэтак далей.

Цыганкоў: Любую размову з вамі варта скончыць такой няўдзячнай справай, як прагноз. З улікам таго, што кошт нафты падае да 30 і далей, як можа выглядаць курс беларускага рубля, напрыклад, на канец 2016 году? Натуральна, што пры розных умовах: дасць МВФ крэдыт ці не — Расея ўжо не дасць, што відавочна — чаго тады можна чакаць ад нашай валюты?

Багданкевіч: Няма праграмы пад’ёму эканомікі. Няма праграмы стабілізацыі і росту, хоць бы на невялікі працэнт. Няма праграмы антыкрызіснай. Я на пачатку году ацэньваў, што будзе не больш за 20 тысяч, бо я меркаваў, што будзе такая праграма. Сёння я думаю, што дапусціў буйную памылку, улічваючы тое, што нічога не робіцца. Таму я думаю, што валютны курс — недзе парадку 30 тысяч. Гэта з улікам таго, што ў насельніцтва не будзе грошай. Ужо сёння мы назіраем падзенне ашчаджэнняў, намінальных ашчаджэнняў, якія ляжаць у банках. Таму, здаецца, няма падстаў, каб гэты курс абвальны рос, таму што і рублёвых сум ужо няма — ні ў эканоміцы, ні ў грамадзян. Пры ўмовах больш ці менш узважанай манетарнай палітыкі, якую праводзіць сённяшняе кіраўніцтва Нацыянальнага банку.

Цыганкоў: І тым ня менш вы кажаце пра 30 тысяч?

Багданкевіч: Тым ня менш, таму што Нацбанк нешта робіць, а ў кіраўніцтва краіны мы не бачым праграмы ажыўлення эканомікі. Праграмы, якая б не шукала нейкага павелічэння падаткаў, нейкай лоўлі блох сярод бізнэсу і насельніцтва, а скарачала б неэфэктыўныя дзяржрасходы, чыноўніцтва і гэтак далей. Гэтага няма, таму я мяркую, што цалкам магчыма 30 тысяч.

Паводле: Заўтра