Польшча заклікала перавозчыкаў пакінуць тэрыторыю Расіі
Калі бакі не дамовяцца, то з 1 лютага грузавыя перавозкі паміж краінамі будуць спыненыя.
![df6d4.jpg df6d4.jpg](/img/v1/news/full/df6d4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Расійскі бок станоўча адказаў на зварот польскага віцэ-міністра інфраструктуры і будаўніцтва Ежы Шміта, паведаміла польскае ведамства на сваёй інтэрнэт-старонцы.
Гаворка ідзе пра заклік правесці перамовы, датычныя правілаў узаемных аўтамабільных перавозак і квотаў дазволаў на 2016 год.
На бліжэйшы панядзелак, то бок 1 лютага, запланаваныя перамовы ў рамках паседжання польска-расійскай камісіі па справах міжнароднага аўтамабільнага транспарту.
Сустрэча пройдзе ў Варшаве ў сядзібе Міністэрства інфраструктуры й будаўніцтва. Як паведамляецца на сайце ведамства, станоўчы вынік гэтых перамоваў дазволіць правесці перамовы віцэ-міністру Ежы Шміту з яго расійскім калегам. Сустрэча запланаваная на аўторак, 2 лютага.
Калі пагадненне не будзе дасягнутае, то на наступным тыдні спыняцца аўтамабільныя перавозкі паміж Польшчай і Расіяй.
Польскі бок не хоча пагадзіцца на расійскую прапанову аб прадаўжэнні да 15 лютага леташняга дазволу, тэрмін дзейнасці якога мінае 1 лютага.
Палякі тлумачаць, што расійская прапанова не толькі не вырашае праблему, але пагражае тым, што польскія фуры не змогуць вярнуцца ў Польшчу.
Ведамства заклікала польскіх перавозчыкаў хутка вяртацца ў краіну, а расійскі бок — не перашкаджаць ім у гэтым.
Адначасова Міністэрства інфраструктуры і будаўніцтва паведаміла, што выдадзена 10 тысяч дазволаў на перавозкі ў Беларусь, таму няма небяспекі поўнай блакады мяжы.
З 1 лютага ні польскія грузавікі не змогуць уехаць у Расію, ні расійскія ў Польшчу.