«Баяцца турмы не трэба. Страшней, калі ты на волі жывеш у страху»

На пляцоўцы «Тэрыторыя правоў» адбылася прэзентацыя зборніка Паўла Севярынца «Каменнае сэрца».

img_20190129_195516.jpg

Кніга стала шостай у серыі «Беларуская турэмная літаратура». Дагэтуль выйшлі творы палітвязняў Змітра Дразда, Ігара Аліневіча, Міколы Дзядка, Алеся Кіркевіча і Алеся Бяляцкага. Заснавальнік кніжнай серыі — праваабарончы цэнтр «Вясна».
«Каменнае сэрца» — зборнік турэмнай прозы, напісанай Паўлам за апошнія 20 гадоў. Аснову складаюць эсэ з дзвюх выдадзеных кнігаў. «Лісты з лесу», калі ён адбываў «хімію» за мітынг пратэсту ў 2004 годзе супраць трэцяга тэрміну Лукашэнкі (у Малым Сітна на лесапавале). І кніга «Беларуская глыбіня», калі Паўла саслалі на «хімію» за Плошчу 2010 года (вёска Куплін Пружанскага раёна).

img_20190129_185659.jpg

Таксама ў турэмны зборнік увайшло эсэ «Першая ноч у Маскоўскім» (першая адсідка ў 1997 годзе). А яшчэ «Валадарская балада» (СІЗА МУС) і «Сам-насам з Богам» — (СІЗА КДБ).
Рэдактар кнігі Алена Лапцёнак лічыць, што найлепшы эпіграф да зборніка — словы самога Паўла. Ён сказаў іх на Радыё Свабода пасля вызвалення з «хіміі» ў 2013 годзе:
«У зняволенні мне давялося адбыць агулам трохі больш за пяць гадоў. Не памылюся, калі скажу, што гэта былі самыя напружаныя, самыя лепшыя гады майго жыцця, што тычыцца духоўнага стану. Справа ў тым, што ў зняволенні — бліжэй да Бога, і калі губляеш знешнюю свабоду, то пачынаеш набываць унутраную. Тады засяроджваешся, тады пачынаеш аналізаваць стан свайго сэрца, тады пачынаеш проста шукаць свабоду ўнутры, калі яе няма звонку. І прыходзіш да Бога. Я пакаяўся менавіта ў турме, у “Валадарцы” ў 1998 годзе прыйшоў да Хрыста».

img_20190129_181819.jpg

Пяць месяцаў (пасля пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў-2010) Павел сядзеў ў турме «амерыканка». Так у народзе называюць СІЗА КДБ. А маладафронтаўцы празвалі яго яшчэ і «каменным сэрцам».
— «Каменнае сэрца» — гэта ў першую чаргу кніга не пра тое, што адбываецца за кратамі, — адзначыў Павел Севярынец. — А гэта кніга пра тое, як ты адчуваеш сябе там. Гэта кніга не пра знешняе, таму што ёсць дастаткова апісанняў турмы. А вось тое, што адбываецца ў цябе ўнутры — гэта цэлы свет. Якога ты, магчыма, не чакаў. Ты трапляеш у турму, і раптам заглядваеш унутр сябе, раптам бачыш як іншыя людзі (а беларусы — яны заглыбленыя ў сябе людзі) заглядваюць у сябе. І мы часам радуемся, часам палохаемся таму, што мы там у сябе знаходзім. Гэта зборнік такой своеасаблівай турэмнай лірыкі. Стан вашага сэрца.

img_20190129_193931.jpg

Як распавёў Павел, у «амерыканцы» ўсяго 18 камераў. Усе яны на адным паверсе. Маленькая турма ў самым цэнтры беларускай сталіцы. І калі там сядзіш, то чуеш шум праспекта. Чуеш, як ходзяць цягнікі метро. Таму што праз падвалы, кажуць, «амерыканка» злучаецца з метро. Чуеш званы галоўных беларускіх храмаў. З каталіцкага касцёла, з Свята-Духавага сабора, ратушы.
Часам у мітусні, калі робіш нейкія справы, калі ты жывеш на волі, вельмі шмат усяго — ад спакусаў да падзеяў, — кажа Павел. — І ў турме трапляеш раптам у самоту. І ты разумееш, што твой унутраны свет зараз — гэта ты сам, твая галава, твае ўспаміны, тваё сэрца, усё, што вакол цябе на адлегласці выцягнутай рукі. І ты пачынаеш літаральна фізічна адчуваць, што сэрца на волі ў цябе закамянела. Ты на волі абстрагаваўся шмат ад чаго. Мы мог быць няветлівым альбо няўважлівым да людзей, нават да блізкіх. Свядома ты мог не прымаць, не прапускаць праз сэрца шмат чаго. У турме гэта не так. У турме ты адразу робішся чалавекам, як гэта ні дзіўна. І вось гэты эфект, калі паводле Бібліі Гасподзь забірае ў цябе каменнае сэрца і дае сэрца з плоці, сэрца, якое пачынае мацней біцца, якое пачынае больш востра і балюча рэагаваць на несправядлівасць. Пачынаеш чуць тое, што ты недачуў на волі.
Калі хтосьці яшчэ не сядзеў, ён будзе шукаць падобных кнігаў. Для чаго? Для таго, каб адказаць самому сабе на пытанне: я б вытрымаў? А як я б зрабіў у той ці іншай сітуацыі?
І мне здаецца, што серыя «Беларуская турэмная літаратура» вельмі добра дапамагае беларусам, якія дагэтуль турмы пабойваліся. Паверце, магу сказаць як чалавек, які прайшоў многія беларускія турмы: турма — гэта не самае страшнае ў Беларусі. І там людзі жывуць. Баяцца турмы не трэба. Страшней, калі ты на волі жывеш у страху. Страшней, калі ты на волі жывеш у рабстве.
Гэта каштоўны Божы досвед — турма. Не хочацца туды трапляць. Але час ад часу мусіш.

img_20190129_190452.jpg

Кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі адзначыў, што творчасць часта з’яўляецца выйсцем з ізаляцыі. Калі зняволены думкі спрабуе выліць на паперу. Уладзімір Някляеў, Зміцер Дашкевіч, Аляксандр Фядута, Анатоль Лябедзька і шмат іншых палітзняволеных пісалі ў турме. Алесь Бяляцкі ўзгадаў таксама, што на Валадарцы ў свой час сядзелі і Якуб Колас, і Карусь Каганец, і яшчэ багата хто з беларускіх дзеячаў.
«Усё паўтараецца. Вось такі ў нас лёс беларускай інтэлігенцыі, — сказаў праваабаронца. — Дзякуючы турме Павел стаў пісьменнікам. Я перакананы, што калі б ён не патрапіў ні на “хімію”, ні ў турму, то ягоных кніжак не было б, ці яны б былі іншыя». 

img_20190129_190856.jpg

Паэт Анатоль Івашчанка ўзгадаў, як у кастрычніку 2012 года разам з рэдакцыяй «Дзеяслова» ездзіў ў Куплін да Паўла.
«І вось калі мы прыехалі, мы ўбачылі мегапазітыўнага Паўла, які распавядаў байкі, у якога ўвесь час усмешка не сыходзіла з вуснаў. "Хто з нас сядзіць?" — падумаў я. Таму што на волі пачуваешся часам амаль як за кратамі. Хаця гэта выключна пытанні ўнутранага свету. Павел і сваёй творчасцю, і грамадскім жыццём паказвае, што чалавек з талентам можа знайсці сябе і можа знайсці час і натхненне, каб нават у каменных сценах і мурах пісаць выдатную прозу і эсэістыку. Дзякуй за творчасць».

img_20190129_192058.jpg

Аляксей Шэін, блізкі сябра, пажадаў Паўлу: «І няхай з’яўляюцца новыя кнігі. І хай гэта будзе апошняя кніга турэмнай прозы».

img_20190129_193400_1.jpg

А 12 лютага на пляцоўцы «Тэрыторыя правоў» (вул. Ложынская, 16) пройдзе яшчэ адна творчая сустрэча. Адбудзецца прэзентацыя кнігі Алеся Бяляцкага «Турэмныя сшыткі».
Фота Змітра Казакевіча