Беларусь хочуць падключыць да кітайскай сістэмы аплаты UnionPay
Пра такія планы распавёў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў.
У Беларусі праводзяцца
работы па рэалізацыі падключэння да кітайскай UnionPay. Па словах міністра
Селіверстава, гэта паскорыць праходжанне плацяжоў, вяртанне выручкі і,
адпаведна, падатковыя паступленні ў бюджэт, піша «Экономическая Газета».
Пры гэтым міністра не бянтэжыць, што гэта плацежная сістэма выкарыстоўваецца ў асноўным у Кітаі. Доля аперацый, якія здзяйсняюцца за межамі Кітая, не перавышае 0,5%.
«Мы гандлюем з кітайскім бокам, з кітайскімі партнёрамі часта, у тым ліку ў юанях, у іх нацыянальнай валюце. Іх гэта задавальняе, — дадаў Юрый Селіверстаў. — У іх ёсць свая сістэма, якая пераводзіць юані. Калі мы будзем атрымліваць выручку ў юанях за свой экспарт, мы зможам набываць там, умоўна, нейкія тавары электронікі, выкарыстоўваючы гэтую валюту там жа, у іх, пераводзячы грошы па іх сістэме. Чым больш будзе магчымасцяў разлічвацца ў розных валютах, выкарыстоўваць розныя сістэмы, тым менш будзе рызыкі і больш гарантый, упэўненасці ў тым, што за тавар, які ты паставіў, вернецца выручка і ты зможаш ажыццяўляць разлікі».
Да нядаўняга часу UnionPay быў нацыянальнай аплатнай сістэмай і толькі ў 2020 годзе Кітай дазволіў ажыццяўляць аперацыі за межамі краіны. І цяпер карты UnionPay выпускаюцца больш чым у 70 краінах і рэгіёнах.
Паводле Nilson Report, на канец 2021 г. UnionPay заняла першае месца ў свеце па колькасці карт у звароце (9,4 млрд), што больш чым у Visa і Mastercard разам узятых (3,7 і 2,5 млрд адпаведна).