Цапкала распавёў, што сабраў 500 тысяч еўра на арышт Лукашэнкі. Грошы прыйшлі з Расіі

Падчас збору сродкаў на ўзнагароджанне за арышт Аляксандра Лукашэнкі ўдалося сабраць 500 тысяч еўра. Пра гэта Deutsche Welle распавёў былы кіраўнік ПВТ і адзін з удзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі 2020 года Валерый Цапкала.

scale_1200__2__5.webp


Ён сказаў, што сабраць усю заяўленую суму ў 11 млн еўра не ўдалося, аднак нібыта яго ініцыятыве пералічылі 500 тысяч еўра. У асноўным грошы прыйшлі з Расіі, прызнаўся палітык.

«Дзіўна, але гэтую ініцыятыву падтрымалі больш за ўсё расійцы. І падтрымалі тады яе ўкраінцы. Але для беларусаў у Беларусі перавод грошай на такога роду ініцыятывы мог быць даволі небяспечны. У любым выпадку, так, 11 мільёнаў сабрана не было. Было сабрана прыкладна 500 тысяч еўра», — сказаў ён журналісту рускай рэдакцыі Deutsche Welle.

Нагадаем, у канцы траўня 2021 года Цапкала абвясціў аб зборы 11 млн еўра ў рамках ініцыятывы «Усё ці нічога». Грошы павінны былі пайсці ў якасці ўзнагароды тым, хто арыштуе Аляксандра Лукашэнку.

У інтэрв'ю DW Цапкала распавёў яшчэ аб адной сваёй ініцыятыве — ён збіраецца правесці ў Варшаве 16-17 траўня Форум дэмакратычных сіл Беларусі. Ён хоча прыняць на сустрэчы дэкларацыю аб прынцыпах, тактыцы беларускага дэмакратычнага руху. Хто менавіта прыме ўдзел у сустрэчы і каго яны будуць прадстаўляць, не паведамляецца.