Трэба грошы. Беларусь уводзіць абавязковую платную дэзінфекцыю транспарту пры ўездзе ў краіну

Беларускія ўлады ўводзяць абавязковую платную дэзінфекцыю транспарту пры ўездзе на тэрыторыю Беларусі «ў мэтах зніжэння рызыкі ўвозу на тэрыторыю краіны ўзбуджальнікаў небяспечных інфекцый і бактэрый».

ab497d20f9b8fb69d6e53b68dc8304a2.jpg


Абавязковую дэзінфекцыю будзе ажыццяўляць ТАА «БелГлобалГарант». Аплата будзе праводзіцца шляхам набыцця кантрольнай маркі ў Белдзяржстраху і ААТ «ААБ Беларусбанк» у пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу, паведамляе АФН.

Сваё рашэнне ўлады патлумачылі вынікам дэзінфекцыйнага эксперымента ў пункце пропуску «Новая гута».

«Раней у Беларусі быў праведзены эксперымент па абавязковай дэзінфекцыі транспартных сродкаў. Згодна з указам ад 26 красавіка 2021 года з 1 ліпеня 2021 года па 1 сакавіка 2022 года ў пункце пропуску праз дзяржаўную мяжу "Новая Гута" абавязковай дэзінфекцыі падвяргаліся аўтобусы, легкавыя і грузавыя аўтамабілі (з вонкавага боку) — усяго больш за 60 тыс. транспартных сродкаў. Дзяржаўнай ветэрынарнай службай да правядзення дэзінфекцыі адбіраліся і даследаваліся пробы, частка з якіх паказала станоўчы вынік на наяўнасць кішачнай палачкі і залацістага стафілакока», — гаворыцца ў афіцыйным каментары да ўказа.

«Па выніках разгляду міжведамаснай рабочай групай пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання пытання аб мэтазгоднасці ўвядзення абавязковай дэзінфекцыі транспартных сродкаў прынята рашэнне распаўсюдзіць атрыманы вопыт на ўсе пункты пропуску на знешніх межах дзяржавы», — таксама сказана ў каментары.

Колькі будзе каштаваць кантрольная марка, не паведамляецца. Як і не паведамляецца, якая частка пробаў паказала станоўчы вынік на небяспечныя бактэрыі.