Беларусь–2009
Героі казкі «Дванаццаць месяцаў» лёгка маглі павярнуць час назад. Мы на такое не здольныя, але як альтэрнатыву прапануем вам прыгадаць, чым жыла краіна і мы разам з ёй у
гэтым годзе. Топ падзей палітычнага жыцця краіны ў 2009 годзе падрыхтавала Вольга Хвоін.
Студзень
Героі казкі «Дванаццаць месяцаў» лёгка маглі павярнуць час назад. Мы на такое не здольныя, але як альтэрнатыву прапануем вам прыгадаць, чым жыла краіна і мы разам з ёй у
гэтым годзе. Топ падзей палітычнага жыцця краіны ў 2009 годзе падрыхтавала Вольга Хвоін.
Студзень
Вяртанне да рэальнасці пасля мінулага навагодняга застолля было суровым. 2 студзеня беларусы зразумелі, што пакуль яны закусвалі, іх зберажэнні зменшыліся акурат на адну пятую. Хаця напрыканцы
2008-га прадстаўнікі Нацбанку запэўнівалі, што плануецца паэтапная дэвальвацыя рубля, і толькі ў межах 10–15 працэнтаў. За лічаныя дні паліцы крамаў, што гандлююць бытавой тэхнікай,
апусцелі, а айчынныя вытворцы пад шумок някепска разгрузілі свае склады. Акрамя традыцыйных кухонных абурэнняў, эканамічныя ўзрушэнні нічога надзвычайнага ў грамадстве не выклікалі. Нездарма ў сваім
навагоднім пасланні Аляксандр Лукашэнка падзячыў грамадзянам за давер, які яны «заўжды праяўляюць да ўлады, спакой і мудрасць».
Люты
Беларусь знайшла і ў сябе тэрарыстаў. Праўда, пра тое, што затрыманыя
асобы — «тэрарысты», супрацоўнікі МУС здагадаліся толькі праз пяць месяцаў. 8 лютага былі затрыманыя ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Уладзімір
Асіпенка. 18 лютага ім было прад’яўлена абвінавачанне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае пашкоджанне маёмасці). А 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС,
«іншых асоб» была распачата справа па арт. 359 Крымінальнага кодэкса (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13). Абвінавачанне ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта Уладзіміру Асіпенку і Мікалаю Аўтуховічу было прад’яўлена 20 лістапада. У
жніўні Лявонава вызвалілі з мінскага следчага ізалятара, пазней з яго былі знятыя ўсе абвінавачанні. Шэраг беларускіх праваабаронцаў лічыць гэтую справу палітычна матываваным пераследам.
Сакавік
Беларусь уключылі ў праграму Еўрасаюза «Усходняе партнёрства». Апроч нашай краіны, у ёй удзельнічаюць пяць постсавецкіх краін: Азербайджан, Арменія, Грузія, Малдова і Украіна.
Праграма прадугледжвае эканамічную інтэграцыю і палітычнае збліжэнне ЕС з гэтымі дзяржавамі. Ступень удзелу Беларусі ў палітыцы «Усходняга партнёрства» будзе залежаць ад прагрэсу
дэмакратычных рэформаў у краіне. На змену дванаццаці патрабаванням ЕС па дэмакратызацыі палітычнага рэжыму прыйшлі пяць. Цяпер Еўрасаюз чакае ад Мінска рэформы выбарчага заканадаўства, доступу
грамадзян да незалежнай інфармацыі, паляпшэння сітуацыі з НДА, забеспячэння свабоды сходаў.
А яшчэ дэмакратычную супольнасць Беларусі ўскалыхнула звестка пра самагубства праваабаронцы з Салігорску Яны Паляковай. 36-гадовая праваабаронца засілілася пасля таго, як суд Салігорскага раёна
прызнаў яе вінаватай у «знарок ілжывым даносе» на супрацоўніка міліцыі. Жанчыну прысудзілі да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі і выплаты міліцыянту кампенсацыі за маральную
шкоду ў памеры аднаго мільёна рублёў. Яна сцвярджала, што ўчастковы інспектар збіў яе пасля адмовы падпісваць паперы пра тое, што яна не збірала подпісы ў падтрымку вылучэння ў кандыдаты ў
парламентарыі Вольгі Казулінай. Перад трагедыяй у газеце «СБ — Беларусь сегодня» выйшаў артыкул «Много у нас диковин, каждый чудак — Бетховен!»,
у якім Яну ў здзекліва-абразлівай форме выставілі як неадэкватную асобу.
Красавік
«Бацька» і Папа сустрэліся. У Ватыкан на афіцыйную сустрэчу з Папам Рымскім Бенедыктам XVI кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыехаў са сваім малодшым сынам Колем. Як адзначаў
прэс-цэнтр Святога Пасаду, сустрэчы прайшлі ў пазітыўным рэчышчы. Лукашэнка запрасіў Пантыфіка наведаць Беларусь. Напрыканцы абмяняліся падарункамі. Папа ўручыў сувенірную манету, Аляксандр Лукашэнка
прэзентаваў абраз беларускага майстра, а Коля — рускамоўны «Буквар».
Май
7 мая ў сталіцы Чэхіі, якая на той час старшынствавала ў Еўрасаюзе, адбыўся ўстаноўчы саміт «Усходняга партнёрства». На ім прысутнічала і афіцыйная дэлегацыя ад Беларусі. Фактычна
саміт стаў першым выхадам Беларусі на еўрапейскую арэну пасля доўгага перыяду ізаляцыі і выключанасці з жыцця па заходні бок кардону. Апроч еўрапейскіх чыноўнікаў, прадстаўнікоў беларускіх уладаў
крыкамі «Ганьба!» віталі нязгодныя з новай сяброўскай палітыкай ЕС у адносінах да «апошняй дыктатуры Еўропы».
Чэрвень
Малочны канфлікт з Расіяй. Расспажыўнагляд прыпыніў
санітарна-эпідэміялагічныя заключэнні або выключыў з рэестру дазволенай на ўвоз прадукцыі больш за тысячу найменняў беларускай малочнай прадукцыі. Праблема з пастаўкамі малочнай прадукцыі ў Расію
вырашыліся гэтак жа імкліва, як і ўзнікла: бакі прыйшлі да сумеснага пагаднення. Перчыку беларуска-расійскім адносінам дадала адмова Аляксандра Лукашэнкі ехаць на сесію Савета калектыўнай бяспекі
дзяржаў — удзельніц АДКБ у Маскву. У выніку Беларусь не падпісала дамову аб стварэнні структуры Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання (КСАР).
А на чарговай сесіі ПАСЕ было прынята рашэнне вярнуць Беларусі статус адмыслова запрошанай у Парламенцкую асамблею Рады Еўропы, але толькі пасля ўвядзення мараторыю на смяротную кару.
Ліпень
У пачатку месяца ва ўмовах даглядаў і ўсеагульнага кантролю (наступствы выбуху ў Мінску 3 ліпеня 2008 года) краіна святкавала Дзень незалежнасці. Затым, 10 ліпеня, кожны па-свойму адзначыў 15-годдзе
кіраўніцтва Аляксандра Лукашэнкі ад часоў першых выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Акрамя таго, прайшоў V З’езд беларусаў свету, на які прыйшлі не толькі беларусы замежжа, грамадскія дзеячы і палітыкі, але і прадстаўнікі ўлады. І нават сказалі сваё хоць і фармалізаванае,
але ж слова. Праз паўгода кіраўніцтва Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» адзначыць, што афіцыйны Мінск не пайшоў
насустрач у вырашэнні шэрагу праблем, якія былі агучаныя падчас з’езду.
Жнівень
Ад жніўня піярам Аляксандра Лукашэнкі займаецца не лорд Бэл. Гадавы кантракт паміж беларускім урадам і брытанскай піар-кампаніяй Bell Pottinger Group не быў падоўжаны. Аднак з’явілася
інфармацыя, што замест лорда беларускі кіраўнік наняў «фатографа каралёў і прэзідэнтаў» брытанца Сашу Гусава. Вынікі працы лорда і фатографа грамадскасці не вядомыя: ці то займелі
дыялог з ЕС, ці змарнавалі грошы.
З аднадзённым візітам Мінск наведаў памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША Філіп Гордан. Ён сустрэўся з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзімірам Макеем і міністрам замежных спраў
Рэспублікі Беларусь Сяргеем Мартынавым. Афіцыйныя паведамленні запэўнівалі, што падчас гэтых сустрэчаў былі «абмеркаваныя пытанні развіцця беларуска-амерыканскіх адносін, у тым ліку
выкарыстання наяўных магчымасцяў па пашырэнні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва», «бакі дамовіліся падтрымліваць рэгулярныя кантакты». Зразумела адно — Штаты
крыж на Беларусі не паставілі.
Сезон адпачынкаў крыху разбавіў скандал з місіяй АБСЕ ў Беларусі: кіраўніка місіі Ханса Йохана Шмідта, паводле афіцыйнай версіі, знялі з пасады да заканчэння тэрміну яго працы. Нібыта за
«празмерныя сімпатыі да рэжыму Лукашэнкі». Ходзяць чуткі, што шэраг дэмакратычных партый напісалі на дыпламата скаргі ў Вену.
Верасень
Паколькі палітыка ў Беларусі гэта — адна асоба (амаль як «дзяржава гэта я» ў часы Людовіка XIV), то пачнём з візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Вільнюс і сустрэчы з прэзідэнтам
Літвы Даляй Грыбаўскайтэ. Кіраўнік Беларусі сказаў сваёй візаві, што яму спадабалася яе адкрытасць, у тым ліку і ў няпростых пытаннях. «Час і Гасподзь нас рассудзяць: хто меў рацыю па тых
адчувальных пытаннях, якія ставіць перад намі Еўропа», — падкрэсліў Лукашэнка.
Па восені змянілася кіраўніцтва ў партыі БНФ. Цяпер яе ачольвае 33-гадовы Аляксей Янукевіч, які да гэтага быў намеснікам старшыні партыі ад 2003 года. Старое кіраўніцтва партыі перамены ўспрыняло
балюча, але, як кажуць, жорны Гасподні мелюць павольна, але дакладна.
У Беларусі прайшлі сумесныя беларуска-расійскія вучэнні «Захад–2009», вынікам якіх была не толькі «адпрацоўка сумесных вайсковых дзеянняў сілаў і сродкаў узброеных
сіл Беларусі і Расіі», але і інцыдэнт з крадзяжом шампуню з барысаўскай крамы расійскім салдатам.
Кастрычнік
Аляксандр Лукашэнка падпісаў дамову аб стварэнні Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання (КСАР). Паводле дакументаў, КСАР прызначаныя для абароны тэрытарыяльнай цэльнасці, суверэнітэту і
забеспячэння бяспекі, пераадолення буйнамаштабных крызісных сітуацый на тэрыторыі краін АДКБ.
Прайшоў паўторны ўстаноўчы з’езд партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД). Аднак, як і ўвесну, хадэкі Беларусі атрымалі ад Мінюста адмову ў рэгістрацыі. Нягледзячы
на юрыдычныя калізіі, БХД мае намер удзельнічаць у праймерыз «Беларускага незалежніцкага блока», які прыйшоў на змену Аб’яднаным дэмакратычным сілам. Патэнцыйным кандыдатам
на пасаду прэзідэнта дзяржавы на наступных выбарах можа выступіць сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Лістапад
Падчас Беларускага еўрапейскага форуму кіраўнік руху «За свабоду!» Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што гатовы ўдзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах. Форум фактычна стаў
дэманстрацыяй палітычным сілам у Беларусі і Еўропе падтрымкі і прыхільнасці да Мілінкевіча.
Беларускі трэці сектар дарос да таго, каб не толькі займаць нішу маргіналаў у сябе на радзіме, але і годна прадстаўляць дзяржаву на Форуме грамадзянскай супольнасці ў Бруселі. Двое прадстаўнікоў
беларускай дэлегацыі ўвайшлі ў склад пастаянных кіраўнікоў створаных органаў форуму. Пазней адну з удзельніц мерапрыемства — прэс-сакратарку незарэгістраванага ў Беларусі «Маладога
Фронту» Таццяну Шапуцьку выключаць з БДУ нібыта за парушэнне правілаў унутранага распарадку.
Вынікам лістападаўскай сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін Еўрасаюза ёсць частковае прыпыненне і працяг санкцый у дачыненні беларускіх службоўцаў да кастрычніка 2010 года. Адначасова ЕС прапанаваў
Еўракамісіі пачаць падрыхтоўку да падпісання дамоў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі.
Беларусь, Расія і Казахстан дамовіліся аб умовах стварэння Мытнага саюза. З 1 студзеня 2010 года на тэрыторыі гэтых краінаў уводзіцца адзіны мытны тарыф і пачне функцыянаваць мытная тэрыторыя
Беларусі, Казахстана і Расіі.
Снежань
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла законапраект «Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях правядзення выбараў і
рэферэндумаў». Нягледзячы на шэраг новаўвядзенняў у выбарчы кодэкс, прадстаўнікі апазіцыі лічаць, што новае заканадаўства ніякім чынам не гарантуе правядзенне ў дзяржаве транспарэнтных і
свабодных выбараў.
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў хутчэй за ўсё не будуць запрошаныя ў Парламенцкую Асамблею «Усходняга партнёрства». Беларускія дэпутаты лічаць дыскрымінацыйным парадак фармавання
беларускай дэлегацыі ў Еўранэсце, прапанаваны Еўрапарламентам. Аднак ніхто з афіцыйных прыхільнікаў справядлівасці не ўзгадвае ў хвіліны «праведнага гневу» пра шматлікія прыклады
парушэння элементарных правоў і свабод чалавека ў Беларусі, на якіх і грунтуюцца падобныя рашэнні ЕС.