Беларуска ў эміграцыі: Пыталіся, ці ведаю я Вольгу Залатар і Мікалая Дзядка, ці даўно размаўляю па-беларуску
Драматычная гісторыя IT-дызайнеркі, якая вымушана з’ехала з краіны.
— Так здарылася, што да мяне перавучвацца трапіў выпускнік
акадэміі МУС. Ён у ліпені 2020-га заступіў на працу і пратрымаўся толькі да
лістапада. Быў звычайным міліцыянерам і сказаў, што не змог бачыць, як збівалі
людзей. Быў суд, і яго абавязалі выплаціць грошы за навучанне, — расказвае
«Салiдарнасцi» IT-дызайнер Ася Рокач.
Сёлета яшчэ да верасня Ася жыла ў Мінску са сваім мужам.
Напярэдадні яна сышла з Wargaming, адчыніла ІП і планавала займацца
распрацоўкай дзіцячых адукацыйных гульняў і іншымі праектамі. Адзін з іх
выйграў грант ПРААН.
— Я не збіралася нікуды з’язджаць. Я патрыёт, мне падабаецца
мая краіна. Але 1 верасня да мяне прыйшлі. Гэта быў ГУБАЗіК. У мяне быў
ператрус, яны паказалі пастанову, у якой было каля дзесяці розных артыкулаў, па
якіх меня нібыта трэба было праверыць. Насамрэч маё злачынства, відавочна, было
толькі ў тым, што я жыву ў Лебядзіным.
Яны забралі тэхніку, ноўтбук, тэлефон і планшэт. Сказалі
ехаць з імі. Я разумела, куды мяне вязуць, цёпла апранулася, узяла тое-сёе з
ежы. Мне падалося, што супрацоўнікі ГУБАЗіК вымагалі ў нас хабар. Раптам яны
звярнуліся да мужа: «Дай жонцы грошай на таксоўку, каб яна магла вярнуцца». А
калі ўбачылі, што ён дае 100 рублёў, спыталі, ці ёсць у нас 1200. Мы не далі ім
грошай. Яны пакрыўдзіліся і нагадалі, што «прыйшлі спакойна, дзверы не ламалі,
спецыяльныя падраздзяленні не выклікалі», а мы, маўляў, так дрэнна да іх
ставімся. Але грошай мы ўсё адно не далі, — кажа дзяўчына.
Суразмоўца ўзгадвае, як на доўгім допыце ў ГУБАЗіКу яе
спрабавалі запалохаць і нават ударыць. З яе падрабязнага аповеду можна нарэшце
даведацца, што за «каштоўная» інфармацыя цікавіць сілавікоў, дзеля якой яны
прымушаюць усіх даваць падпіскі аб неразгалошванні.
— Увесь час мяне апрацоўвалі псіхалагічна. Казалі, што зараз
я сяду і надоўга, што мяне муж не дачакаецца. Дарэчы, мой муж — былы следчы,
які звольніўся яшчэ ў 2019 годзе. Казалі, што ў мяне няма дзяцей, а калі выйду
з турмы, буду старародзячай і ўжо ніколі не нараджу.
Пасля прапанавалі прызнацца ў тым, што ў мяне ёсць яшчэ
адзін акаўнт у Тэлеграм і што я адміністравала нейкі чат. На гэта я адказала,
што ў іх ёсць мая тэхніка і прапанавала знайсці самім усё, што ім патрэбна.
Яны спыталі, якія у мяне ёсць падпіскі. Я адказала, што маю
зносіны з калегамі. Сталі цікавіцца, пра што мы размаўляем. «Вы сур’ёзна хочаце
даведацца, як, напрыклад, на экране рухаюцца квадрацікі?» — спытала я.
Далей было яшчэ больш цікава. Спыталі, ці ведаю я Вольгу
Залатар і Мікалая Дзядка, ці даўно я размаўляю на беларускай мове. Я адказала,
што вучылася ў беларускамоўнай гімназіі і для мяне гэта нармалёва. Яны пачалі
здзекавацца: «А мы думалі, што толькі з мінулага года пачала размаўляць». Быццам
бы ёсць нейкая розніца.
Пытанне «як я стаўлюся да санкцый» паўтаралі шмат разоў. Ці
дрэнна тое, што «Беларуськалій» працуе і людзі зарабляюць грошы? Яны
патрабавалі адказ адным словам — так ці не, а я казала, што сітуацыю трэба
разглядаць з усіх бакоў.
Пасля яны знайшлі ў сацсетках мой зварот да Ryanair,
патрабавалі растлумачыць, бо ім былі вядомыя выпадкі пасадкі самалётаў у ЗША і
ва Украіне. Я сказала, што сітуацыі былі розныя, таму і хацела даведацца з
першакрыніцы, што адбываецца.
Наступнае пытанне мяне наогул рассмяшыла: чаму прадстаўнікі
ICAO не сустрэліся з Пратасевічам? Я сказала, што не з’яўляюся прэс-сакратаром
ICAO. Тады пытанне задалі па-іншаму: як я стаўлюся да таго, што яны не захацелі
з ім сустрэцца.
Запыталі таксама, як я стаўлюся да смерці Шышова, і што там
насамрэч атрымалася? Я прапанавала ім дачакацца вынікаў следства.
Яны вельмі злаваліся з маіх адказаў, таму што ніякай
інфармацыі не атрымалі. Зноў пачалі мне паграджаць, пры гэтым паводзілі сябе
вельмі груба і нахабна, казалі «Жаль, что ты девочка, а то бы мы тебя ***
(збілі)».
Асабліва іх раззлавала адно маё паведамленне з прыватнай
перапіскі з мужам. Гэты была рэакцыя на нейкую падзею, і я пажадала ім не
самага лепшага. Яны накінуліся: «Што ты маеш супраць нас, супраць нашых
дзяцей!», пачалі называць мяне «гнидой, тварью, паскудой», жадаць, каб я
«сгнила в тюрьме», крычаць «если не нравится, *** с Беларуси, мы и без тебя
проживем, достали вы все».
Пачалі пагражаць. Даведаліся, што ў мужа ёсць НКО, сказалі,
што падвядуць яго пад «уголовку», што зараз жа выклікаюць «Алмаз» і паедуць яго
затрымліваць. А жывёлін маіх абяцалі выкінуць на вуліцу.
Калі яны ўсё ж не дачакаліся, што я штосьці распавяду, адзін
з іх падскочыў да мяне, схапіў за твар і з лаянкай моцна штурхануў. Я ледзь
утрымалася. Пасля мяне павезлі ў РУУС, — расказвае Ася.
У бальніцы на ўсе аналізы са мной хадзілі дзве супрацоўніцы
Пасля допыту дзяўчыне давялося правесці шмат часоў у
ледзяным «стакане» і перажыць усе катаванні Акрэсціна.
— Цікава, што ў РУУС пасля некалькіх гадзін у «стакане» мяне
апытвала для пратаколу дзяўчына, якая толькі выйшла на работу. Яна спытала ў
мяне, ці не ведаю я, што трэба пісаць. Я сказала, што таксама тут у першы раз.
Калі ў выніку мне паказалі пратакол з арт. 24.23, згодна з якім я нібыта не
падпарадкоўвалася, я адмовілася яго падпісваць, — расказвае Ася.
З ІЧУ на Акрэсціна яе адправілі ў бальніцу, каб пацвердзіць
адсутнасць цяжарнасці. Але ўвечары доктара не было, ноч Ася правяла ў РУУС.
— Міліцыянеры, якія суправаджалі мяне ў бальніцу, ведалі
майго мужа па працы. Яны ставіліся да мяне лепш, дазволілі патэлефанаваць маці,
потым дазволілі спаць не ў халодным «стакане», а на драўлянай лаўцы.
На наступны дзень мяне ўсё ж завезлі ў бальніцу. І гэта было
вельмі зневажальна, бо на ўсе аналізы са мной хадзілі дзве дзяўчыны, якія на
мяне вельмі злаваліся. Яны наўпрост лезлі ў душу, не саромеючыся, папракалі
мяне тым, што я не праверылася раней, што ў мяне няма дзяцей, — узгадвае
суразмоўца.
Суд, які адбыўся на наступны дзень, яна называе фарсам, бо
міліцыянер, які даваў супраць яе паказанні, блытаўся: не памятаў, ні дзе
затрымліваў дзяўчыну, ні тое, ці былі побач сведкі. Не ведаў, чаму
відэарэгістратару няма не толькі ў яго, але і на службовай машыне, і нават на
будынку РУУС. Намаганнямі адваката гэты адміністрацыйны працэс цягнуўся амаль
паўтары гадзіны, але ў выніку судзя Шабуня дала Асі 15 сутак.
З камеры педыкулёзам захварэлі тры чалавека. I ўсе — на
кавід
— У камеры, разлічанай на дваіх, я была дванаццатай. Дзевяць
квадратных метраў. Людзі заўсёды мяняліся, але самае малое, гэта калі нас было
восем чалавек. Дыхаць было значна лягчэй.
Разам са мной сядзелі журналістка, якая выйшла з кветкай з
метро, дзяўчына, што прыйшла да суда над Марыяй Калеснікавай у «не той
вопратцы», дзяўчына, якая проста вярнулася дадому пасля таго, як выйшла замуж
за француза, і цудоўныя настаўнікі — па музыцы, рускай мове і аўтар метадычных
матэрыялаў для пачатковай школы.
Спалі мы на падлозе. У пачатку верасня было вельмі халодна.
Мы набіралі ў бутэлькі цёплую ваду і спрабавалі імі грэцца. Дзякуй, што ў мяне
была і куртка, і кофты. Замест падушкі выкарыстоўвалі хлеб.
Ноччу ў дзве і чатыры гадзіны нас будзілі. Былі ахоўнікі,
якім дастаткова было проста крыкнуць, колькі нас. Але ж былі жанчыны, менавіта
жанчыны, больш жорсткія, чым мужчыны, яны прымушалі падыходзіць і кожнай
называць імя.
Перадачы нам не перадавалі, на прагулкі ці ў душ не вадзілі,
кнігі чытаць не дазвалялі. Мне неяк дазволілі пранесці пачку печыва — і гэта
быў самы вялікі ласунак на ўсіх. Адну пячэньку, бывала, ламалі нават на
чацвярцінкі, каб хапіла ўсім.
У нашай камеры цяклі батарэя і ракавіна. Добра, што хлорку
не залівалі, а проста давалі, каб мы мылі падлогу. Два разы ў дзень быў «шмон»,
нас выводзілі і даволі жорстка правяралі.
З намі сядзела Ала Ільінічна. Па яе словах і сведчаннях
ахоўнікаў, яна была асоба вядомая, па-першае, тым, што яе зяць — маёр у
Смалявічах, а па-другое, што менавіта яе падсаджвалі да Вольгі Хіжынковай. Ала
Ільінічна — п’яніца, і яе хваробу выкарыстоўваюць па поўнай і на Акрэсціна, і ў
Баранавічах.
Нам таксама падсялялі жанчыну, якая трэслася і ўся была ў
брудзе і язвах. Мы не ведалі, што ў яе
за хвароба, але разумелі, што нам з ёй жыць. Таму пачалі яе мыць, потым далі
чыстыя майткі ды майку. Супрацоўнікі ЦІП былі вельмі здзіўленыя і з цікавасцю
назіралі за працэсам.
З нашай камеры педыкулёзам захварэлі тры чалавекі, і ўсе мы
захварэлі на кавід. Дарэчы, я дзякуючы кавіду не адчувала тых жудасных пахаў у
камеры. Але сярод нас былі вельмі хворыя людзі, у адной жанчыны быў моцны
кашаль, але да яе ўсё роўна не выклікалі доктара.
З намі сядзела настаўніца, якую затрымалі разам з мужам за
перапіску. Яна павінна была выйсці, але яе ў чарговы раз вярнулі і яна вельмі
цяжка гэта перажывала. Казала, што між іншым убачыла мужа ў адным з пакояў, той
быў ніякі, а па вопратцы поўзалі вошы.
Я таксама баялася, што мяне затрымаюць на выхадзе, але мне
пашанцавала. Калі выходзіш, усе просяць перадаць штосьці родным. Але дзесьці
напісаць нічога нельга, усё забіраюць. Надзея толькі на памяць. Я здолела
запомніць чатыры нумары і адзін адрас. З усімі звязалася, — кажа Ася.
Загадзя яны дамовіліся з мужам на той выпадак, калі кагосьці
затрымаюць. Мужчына адразу з’ехаў з краіны. Пасля да яго далучылася Ася. Зараз
маладыя людзі ў небяспецы:
— Безумоўна, мы вернемся ў новую Беларусь, калі ў яе вернецца закон. Я вельмі люблю сваю краіну, ведаю, што спачатку будзе цяжка, і гатовая працаваць, не шкадуючы сябе.