Прадстаўнік ГУБАЗіК: Падпіска на каналы, якія прызнаюцца экстрэмісцкімі матэрыяламі, не будзе карацца
Падпіска на прызнаныя экстрэмісцкімі тэлеграм-каналы не будзе карацца. Пра гэта, як паведамляе телеграм-канал УУС Мінскага аблвыканкама, заявіў начальнік аддзела ГУБАЗіК Вячаслаў Арлоўскі.
Арлоўскі растлумачыў, што міліцыя рыхтавалася да прыняцця
пастановы Саўміна «Аб мерах процідзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму» і
працавала над дэананімізацыяй «адміністратараў і найбольш актыўных падпісчыкаў
экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў і чатаў». Аднак не ўсё так адназначна, і
прыцягнуць да крымінальнай адказнасці змогуць не ўсіх.
— Справа ў тым, што тэлеграм-канал можа прызнавацца як
экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фарміраваннем. Калі ў яго статус
экстрэмісцкага фарміравання, то яго падпісанты сапраўды могуць стаць
фігурантамі крымінальных спраў. Што тычыцца падпіскі на каналы, якія прызнаюцца
экстрэмісцкімі матэрыяламі, то яна пакуль не каральная.
Прадстаўнік ГУБАЗіК нагадаў, што да адміністрацыйнай
адказнасці могуць прыцягнуць толькі тых падпісчыкаў, хто «рэпосціць, пералічвае
грошы ці злівае інфармацыю» ў такія каналы.
Пастанова была апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 14 кастрычніка. Перад яе з'яўленнем стала актыўна распаўсюджвацца інфармацыя аб тым, што па новым законе падпісчыкаў «экстрэмісцкіх» телеграм-каналаў ГУБАЗіК хоча прыцягваць да крымінальнай адказнасці. Аднак, як аказалася, у пастанове падставы для прыцягнення падпісчыкаў такіх рэсурсаў да крымінальнай адказнасці не прапісаныя.