Беларускасць, якая можа быць мацнейшай за зброю. Як вярнуць краіне нацыянальную ідэнтычнасць?

Дзясяткі гадоў з Беларусі робяць узорны музей савецкасці, у якім паступова — і паспяхова — вынішчаецца ўсё беларускае. Партал «Delfi» паразмаўляў з палітыкамі і дзеячамі культуры, якія выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі, пра тое, якім чынам можна змяніць гэтую сітуацыю.

Першы пункт вяртання нацыянальнай ідэнтычнасці — беларуская мова. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Першы пункт вяртання нацыянальнай ідэнтычнасці — беларуская мова. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


У Беларусі сёння «беларускасць» і беларуская мова фактычна пад забаронай. Многія лічаць, што пасля сыходу Аляксандра Лукашэнкі пачнецца нацыянальнае адраджэнне. Якім яму быць, ці варта адмаўляцца ад расійскай мовы, як умацаваць пазіцыі беларускай мовы і што рабіць з помнікамі, царквой і бізнесам?

Франак Вячорка: «Ідэнтычнасць сёння можа быць мацнейшай за танкі і самалёты»

Для Беларусі апошнія 30 гадоў — гэта страчаны час. Увесь гэты час Беларусь жыла ў расійскім наратыве, у імперскай ідэалогіі, у савецкіх каштоўнасцях і антуражы. І гэта шмат у чым паўплывала на свядомасць беларусаў. На мой погляд, дзякуючы інтэрнэту і таму, што сталі выдаваць кнігі на беларускай мове, адбылося паўстанне ў 2020 годзе. Гэта было не толькі паўстанне годнасці, але і паўстанне ідэнтычнасці, якая як быццам заганялася пад дыван савецкасці і рускасці, а тут прарасла! І яна працягвае расці, але расце ў інтэрнэце, таму што ў афлайн-прасторы дамінуе «рускі свет».

Такой зачысткі беларускай мовы, як цяпер, не было нават у савецкі час. Можна параўнаць толькі са сталінскімі рэпрэсіямі 30-х гадоў. З пункту гледжання ўлады, усё што прабеларускае — значыць, антылукашэнкаўскае. І гэта робіць Лукашэнку ўнікальным дыктатарам, які грунтуецца не на нацыяналізме, як звычайна будуюцца дыктатуры, а менавіта на антыбеларускасці. І, наадварот, усе астатнія тыраны ўмацоўвалі нацыянальную ідэнтычнасць, каб вакол сябе з'яднаць людзей. А ён гуртуе людзей вакол ідэалогіі іншай дзяржавы. 

У чым гэта выяўляецца? Няма беларускамоўных школ і ліцэяў. Толькі 0,1% мае гадзіну беларускай мовы на тыдзень, гэта значыць кожны тысячны. Гэта менш, чым колькасць гадзін англійскай, французскай і нямецкай. Цяжка ў такіх умовах вырасціць беларусаў. Хоць бацькі ўсё ж гэта робяць — не «дзякуючы», а «насуперак». З музеяў прыбіраюць усё, што асацыюе нас з Еўропай. У Нацыянальным гістарычным музеі прыбралі фігуры князям Вітаўту і Ягайлу, зачысцілі экспазіцыю, звязаную з Вялікім Княствам Літоўскім. Цяпер усё завязана пад рускіх дзеячаў: Кацярыну, Пятра Першага, Суворава і гэтак далей. 

Пасля Лукашэнкі нам трэба будзе велізарная праца ў некалькіх кірунках.

Неабходна спыніць на ўсіх узроўнях дыскрымінацыю беларускай мовы. Трэба абавязаць чыноўнікаў ведаць беларускую мову, зрабіць для іх абавязковыя курсы, каб можна было перавесці дакументаабарот на беларускую мову.

 
Таксама трэба прыняць праграму падтрымкі і папулярызацыі беларускай мовы і культуры. Трэба стварыць умовы, каб, напрыклад, беларускі бізнес выкарыстоўваў родную мову ў рэкламе. Трэба выдаваць кнігі на мове, рабіць дубляж фільмаў.
Штосьці можна рабіць ужо цяпер. Мы спрабуем дамовіцца з Netflix, каб дадаць беларускія субтытры да фільмаў і мульцікаў. І гэта будзе вельмі вялікая падтрымка. Працу трэба весці і з тэхналагічнымі кампаніямі. Напрыклад, Google не прызнае існаванне беларускай мовы. Беларускія СМІ, якія працуюць па-беларуску, не могуць размяшчаць рэкламу на беларускай. Такія кампаніі сваёй лянотай штурхаюць нас у «рускі свет». Дзесяць мільёнаў чалавек для іх не прыярытэт, рынак невялікі, і таму яны пазбаўляюць беларусаў права мець доступ да беларускіх прадуктаў. Гэтую працу мы робім ужо цяпер, але без дзяржаўнай падтрымкі, яна не будзе сістэмнай.
Сёння ідэнтычнасць важная, як ніколі. Гэта наша лепшая абарона ад Расійскай імперыі. Яна бывае мацней, чым танкі і самалёты.

Андрэй Стрыжак: «Нам трэба пераключыцца на еўрапейскі погляд на мінулае і будучыню Беларусі» 

Я выступаю за адзіную дзяржаўную мову — беларускую. Пры гэтым руская і іншыя мовы як мовы міжнацыянальных зносін так ці інакш усё роўна будуць заставацца ў грамадскай прасторы. Безумоўна, уся постсавецкая прастора ў той ці іншай ступені мае ўплыў рускай мовы. Але для мяне вельмі важна, каб дзяржаўная палітыка ў плане беларускай культуры ў цэлым, і літаратуры ў прыватнасці, была больш усвядомленай і паслядоўнай. 

Павінна быць укаранёная дзяржаўная падтрымка для такіх рэчаў, як новыя літаратурныя аб'яднанні, незалежнае кіно, новыя маладыя літаратары, культурныя дзеячы. Вядома, добра, калі культуру падтрымлівае грамадства праз краўдфандынг, класна, калі можна збіраць грошы на выпуск новых кніг і іншае. Але ўсё-ткі пытанне нацыянальнай культуры — гэта пытанне агульнадзяржаўнае. Улічваючы тое, што ўсё роўна так ці інакш сённяшняя беларуская ўлада траціць велізарныя грошы на нейкія незразумелыя паўсавецкія, паў-постсавецкія культурныя праекты — кіно, кнігі, спектаклі і разнастайныя пастаноўкі, — то ўсё гэта павінна быць накіравана на распрацоўку тэм, якія з'яўляюцца сапраўды нашымі нацыянальнымі. 

Таксама вельмі шмат трэба зрабіць у плане гістарыяграфіі, таму што ў нас вельмі складаная гістарычная канва і адносіны з суседзямі, у якіх дастаткова цяжка разабрацца не спецыялісту. Ды і спецыялісту таксама! Хто ж, усё-ткі, вялікі князь — Вітаўтас ці Вітаўт? Каму належыць, напрыклад, Адам Міцкевіч: ён польскі, літоўскі ці беларускі паэт? Мая галоўная думка ў тым, што гэта тыя кропкі, якія тэарэтычна і практычна нядобразычліўцы, імперцы і іншыя людзі заўсёды выкарыстоўваюць як кропкі разладу. Мы ж павінны разумець, што праз культуру, праз аб'ектыўныя навуковыя даследаванні гэтыя кропкі будуць садзейнічаць умацаванню узаемасувязей. 


Адна і тая ж гістарычная асоба або падзея можа выглядаць па-рознаму для розных народаў, але пры гэтым заставацца пры гэтым адной і той жа гістарычнай асобай або падзеяй. Гэта вельмі важны момант. Таму такія агульныя кропкі ўзаемадзеяння і ўзаемаразумення павінны ўзнікаць, і гэта не менш важна таго, на якой мове гэта будзе сказана. Таму я б не аддзяляў пытанні агульнай гісторыі і культуры, усходнееўрапейскай і канкрэтна спадчыну ВКЛ і Рэчы Паспалітай, ад пытанняў дэрусіфікацыі, таму што гэта зусім іншы разварот. Гэта еўрапейскі погляд на гісторыю і на будучыню Беларусі. Калі мы сябе прывязваем да Маскоўскага княства, Расійскай імперыі, Савецкага Саюза, то тады мы застаемся ў гэтым усходнім вектары. А ад яго трэба сыходзіць у бок агульнаеўрапейскіх падыходаў, каштоўнасцей і базісаў, таму што беларусы гістарычна жылі значна даўжэй у еўрапейскім кантэксце, чым ва ўмоўным усходнім. 

Лявон Вольскі: «Адукацыя, культура, мас-медыя — і праз тры гады мы будзем жыць у сапраўднай краіне»

На працягу амаль трыццаці гадоў улада ў Беларусі дэманстравала грэбаванне і нават пагарду да беларускай культуры і наогул усяго беларускага, што прабівалася скрозь постсавецкі безнацыянальны асфальт. Савецкі тэзіс — будучыня за рускай мовай (як вы ведаеце, вялікай, магутнай і гэтак далей), а не за ўсякімі местачковымі «гаворкамі» — на тэрыторыі нашай краіны працягваў увасабляцца ўжо ў адсутнасць СССР. Гэта дзіўна, але абсалютна заканамерна — тыя, хто захапіў уладу ў Беларусі, працягвалі і працягваюць жыць па савецкіх стандартах. Яны проста не могуць па-іншаму праз спецыфічнае, калісьці сфармаванае мысленне, якое дзесяцігоддзямі не змяняецца. Таму з гэтай уладай пачалася імклівая русіфікацыя — перавод адукацыі на рускую мову, фарміраванне дзяржаўнай пісьменніцкай арганізацыі, якая складаецца, у асноўным, з рускамоўных (і, шчыра кажучы, бяздарных) аўтараў, стварэнне арміі эстрадных выканаўцаў (якія спявалі па-руску і выглядалі бледным ценем расійскай эстрады, што сама была бледным ценем заходняй поп-музыкі).

Прапагандысты сталі фармаваць вобраз беларускамоўнага страшнага апазіцыянера, які імкнецца захапіць уладу і «знішчыць краіну». Але ўсё гэта рабілася настолькі тапорна, што знайшло водгук хіба што ў малаадукаваных або немаладых савецка-арыентаваных слаёў насельніцтва.


Для пачатку трэба паступова перавесці адукацыю на беларускую мову. Менавіта паступова, без шоку, у некалькі этапаў. Гэта можа заняць 3-5 гадоў. Паралельна неабходна перакладаць дзяржаўную справаздачнасць і дакументацыю на беларускую мову і паставіць чыноўнікаў перад выбарам: гаворыш па-беларуску — працуй, не хочаш — не трэба. У асноўным усе гэтыя чыноўнікі — выхадцы з вёсак і невялікіх гарадкоў і калісьці вучыліся па-беларуску, проста цяпер гэта не прэстыжная мова і яны імкнуцца размаўляць па-руску (у кагосьці атрымліваецца лепш, у кагосьці — так сабе). Паступова, за некалькі гадоў на беларускую перакладаецца войска і сілавікі, а потым працэс пойдзе сам.
Гэта ўжо пачыналася ў 1991-м, але было гвалтоўна спынена. Трэба запусціць беларускія мас-медыя — ФМ-каналы, тэлепраекты, забаўляльныя шоу. Зняць гэтыя ідыёцкія забароны з сапраўднай нацыянальнай музыкі, літаратуры, выяўленчага мастацтва — з культуры. Менавіта з сапраўднай беларускай культурай не першы дзясятак гадоў ваюе лукашэнкаўская дзяржава. Адукацыя, культура, мас-медыя — і праз тры гады мы будзем жыць у сапраўднай краіне, а не ў гэтым чымсьці недаробленым, недадуманым, недапечаным.
Але ўсё гэта пры ўмове, што будзе праводзіцца разумная эканамічная палітыка. Таму што калі наступіць крызіс, калапс і заняпад, людзям будзе не да ўсяго гэтага. Наадварот, яны будуць з настальгіяй завываць: «Як добра было пры Лукашэнку».

Саша Філіпенка: «Трэба рэабілітаваць беларускую мову, а рускую — перастаць палітызаваць»

Многае залежыць ад таго, хто стане лідарам новай Беларусі. Нам увесь час прапануюць выбіраць з саюзаў «а», «і» ці «але». Я заўсёды выступаю за тое, што сіла любой краіны — у саюзе «і», за тое, каб у нас была і беларуская, і руская, і польская мовы, каб у нас тры мовы былі прызнаныя ў краіне нацыянальнымі. Я ўжо два гады жыву ў Швейцарыі і бачу, што мовы могуць цалкам лёгка суіснаваць у адной краіне. Калі мова — гэта выключна сродак камунікацыі, то не ўзнікае пытання, што ты маеш на ўвазе, калі загаварыў са мной не па-французску, як звычайна, а па-нямецку ці па-італьянску. Значыць, у суразмоўцы пайшла думка на гэтай мове. Я б хацеў, каб у нас так было. Я б зрабіў з Беларусі канфедэрацыю, каб было падабенства кантонаў, якія самі б вырашылі, на якой мове яны хочуць у сябе гаварыць. 

Зараз жа беларуская мова зусім у бяспраўным стане. Яе фактычна не выкладаюць. Таму, дарэчы, і пратэсты былі рускамоўнымі, бо Мінск цяпер — рускамоўны горад, ды і Беларусь — рускамоўная краіна. Мне пашанцавала: у мяне ўся адукацыя была на беларускай мове.


Я нядаўна размаўляў з беларусамі, якія працуюць па ўсім свеце, у Нью-Ёрку, ёсць сярод іх і дыпламаты. І там прагучала выдатная фраза: «У каханні я прызнаваўся на рускай мове, гэта мая родная мова, але, калі прыйдзе час, я буду тапіць за беларусізацыю». Калі мы не загаворым па-беларуску, то каб хаця б нашы дзеці загаварылі на беларускай мове. Я цвёрда перакананы, што гэта можна зрабіць без памылак.
Але самы галоўны для мяне момант, які мне б хацелася данесці: руская мова не належыць Расіі. Яна ў роўнай ступені належыць нам, беларусам, людзям ва Украіне, усім, хто на ёй гаворыць. Гэта як англійская мова. Ці як немагчыма назваць французам франкамоўнага швейцарца ў Жэневе. Ён гаворыць па-французску і, цалкам магчыма, не пераносіць французаў, якія ад яго праз мяжу.
Калі мы пачынаем рабіць гэты падзел, то даем гэты козыр Пуціну. Пры гэтым людзі, якія ваююць ва Украіне за УСУ, кажуць мне: «Мы ваюем на чатырох мовах: рускай, украінскай, суржыку і лаянцы». Вельмі хачу, каб мы былі такімі ж моцнымі ў гэтым плане — рэабілітавалі беларускую мову, а рускую перасталі палітызаваць.
Цалкам артыкул можна прачытаць тут.