Беларускія турмы: лепей не будзе?
Пра сітуацыю ў беларускіх калоніях і турмах беларускія СМІ пішуць, у асноўным, справядліва негатыўна. Выправіць гэтую сітуацыю немагчыма. Таму што «сітуацыя ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі невыпраўляльная» — так і сказаў вядомы беларускі адвакат і юрыст Павел Сапелка.
Беларускія праваабаронцы прадставілі грамадству чарговую справаздачу па сітуацыі ў месцах пазбаўлення волі пад назвай «Рэспубліка Беларусь: месцы несвабоды» за 2017 год. Менавіта на падставе гэтай справаздачы Павел Сапелка і зрабіў свае несуцяшальныя высновы.
Колькі ж іх?
Па-ідэі, любая справаздача падобнага кшталту павінна пачынацца з лічбаў: колькі насамрэч у Беларусі існуе зняволеных, дзе яны знаходзяцца і ўжо ад гэтага трэба «танчыць» аўтарам дакумента. У беларускай сітуацыі — праблемы нават з колькасцю асуджаных.
Афіцыйная статыстыка падае, што ў нас 33400 чалавек зараз знаходзяцца ў зняволенні. Праваабаронцы з гэтымі лічбамі не згодныя. Па-першае, гэтая статыстыка не ўлічвае тых, хто знаходзіцца ў папраўчых установах адкрытага тыпу — на так званай «хіміі». Па-другое, яна не ўлічвае грамадзян, якія знаходзяцца ў так званых «лячэбна-працоўных прафілакторыях»: людзі, якія фармальна не асуджаныя, але ўмовы ў ЛПП няшмат чым адрозніваюцца ад «зоны». Па-трэцяе, афіцыйная статыстыка не ўлічвае тое, што заставалася да нядаўняга часу па-за ўвагай і праваабаронцаў — дзяцей, якія знаходзяцца ў закрытых спецшколах. Да таго ж, у нас з'явіўся новы тып папраўчай установы — арыштны дом.
Такім чынам, па дадзеных праваабаронцаў дадаткова 6500 чалавек знаходзяцца ў ЛПП, 3500 асобаў — ПУАТ; каля 7000 — у арыштных дамах і яшчэ каля 500 — зняволеныя дзеці. Што адразу ж уздымае колькасць беларускіх зняволеных на 50%.
Таму і кажуць праваабаронцы, што нашая краіна — ледзьве не лідар па колькасці зняволеных на прасторах СНД. Бо нават па афіцыйных дадзеных (без тых 50%) мы маем 362 зняволеных на 100 тысячаў чалавек насельніцтва. Больш толькі ў Расіі. У Грузіі і Літве — 254 зняволеных на 100 тысячаў насельніцтва, у Латвіі — 224 на 100 тысяч, ва Украіне — 162 на 100 тысяч.
І самае цікавае: рост колькасці зняволеных адбываецца на фоне рапартоў нашых кампетэнтных органаў пра зніжэнне агульнай злачыннасці ў Сінявокай.
Праблемы, праблемы, праблемы
Пра праблемы беларускай пенітэнцыярнай сістэмы з пункту гледжання правоў чалавека пісалася ўжо шмат. Гэта і свавольства кіраўніцтва калоніі ў дачыненні да зняволеных, поўнае бяспраўе зняволенага ў месцах пазбаўлення волі, і ўмовы іх утрымання і працы, часцяком проста жудасныя. А галоўнае — амаль поўная немагчымасць паскардзіцца камусьці аткім чынам, каб сітуацыя палепшылася.
Справа ў тым, што структура, якая выконвае пакаранні — Дэпартамент выканання пакаранняў. — з'яўляецца структурным падраздзяленнем Міністэрства ўнутраных спраў. Таму скардзіцца ў МУС на парушэнне правоў зняволеных амаль бессэнсоўна. Органы пракуратуры, якія павінны сачыць за выкананнем закона ў тым ліку і адносна зняволеных, таксама асабліва да «кантынгенту» не прыслухоўваюцца.
Ды што там казаць, адзін толькі факт: у беларускіх турмах, адрозна ад таго, што мы бачым у кіно і на Захадзе, зняволены не можа сам звярнуцца па ўмоўна-датэрміновае вызваленне ці паляпшэнне ўмоваў утрымання. Гэтыя захады можа рабіць толькі адміністрацыя папраўчай установы, якая вельмі своеасабліва вырашае пытанні наконт УДВ і іншых палёгкаў.
З нядаўняга часу у краіне існуе такая рэч, як грамадскія назіральныя камісіі за месцамі пазбаўлення волі, створаныя пры Міністэрстве юстыцыі. Іх створана аж восем штук — па абласцях, мінская і рэспубліканская.
Аднак самае цікавае, што гэтыя камісіі створаны нібыта і не для зняволеных. Таму што пры наведаванні тых жа ўстановаў пазбаўлення волі ім трэба падначальвацца агульным правілам: то бок, забароненыя кіна- і фотаздымкі, відэа- і аўдыёзапісы. І галоўнае — чальцам гэтых камісій можна размаўляць са зняволенымі, але катэгарычна забаронена прымаць ад іх скаргі і звароты. То бок, усё, што можа задакументаваць парушэнні правоў зняволеных — забаронена.
Якім чынам можна было б палепшыць умовы ўтрымання нашых грамадзянаў, якія пераступілі закон? На жаль, як і адзначалася вышэй, праваабаронцы мяркуюць, што сёння — ніяк. Можна было б для пачатку перадаць папраўчыя ўстановы з «карнага» ведамства МУС у распараджэнне Міністэрства юстыцыі. Аднак для гэтага патрэбная маштабная рэвізія беларускага заканадаўства.
І нават не асуджаныя
Асаблівай увагі заслугоўвае становішча тых, хто дэ-факта знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, але пры гэтым не з'яўляецца законна прызнаным злачынцам. Гэта не толькі «кліенты» лячэбна-працоўных прафілакторыяў, але і тыя, хто месяцамі, а можа і гадамі знаходзіцца ў следчых ізалятарах у чаканні суда.
Фармальна яны не з'яўляюцца асуджанымі. Але на іх распаўсюджваюцца ўсе «выгоды», якія тычацца і ўжо асуджаных зняволеных. Найперш гэта тычыцца спатканняў з роднымі, магчымасці ім тэлефанаваць і стасавацца, а таксама бесперашкодна атрымліваць лісты і іншую пошту, грашовыя пераводы. Сапраўды, дзіўна: чаму яшчэ не прызнаныя вінаватымі людзі абмежаваныя ў сваіх правах?
І больш за тое, тыя людзі, якія знаходзяцца пад следствам, чамусьці не маюць права галасаваць на выбарах.
Чаму? Ніхто не ведае. Таму што так «склалася традыцыйна». Але гэтыя традыцыі, напрыклад, у галіне галасавання, парушаюць палітычныя правы яшчэ не асуджаных (ці не апраўданых) людзей.
Пераацэнка каштоўнасцяў
Справа ў тым, што, напэўна, рэфармаванне беларускай пенітэнцярнай сістэмы немагчымае без яе пераасэнсавання і змянення да яе стаўлення з боку як адказных супрацоўнікаў Дэпартамента выканання пакаранняў, так і грамадства ў цэлым. Зараз пенітэнцыярная сістэма ўспрымаецца і збольшага дзейнічае як сістэма пакарання асобы, якая здзейсніла злачынства. А яна павінна вярнуцца да сваёй першапачатковай функцыі, і найперш стаць «папраўчай», то бок сістэмай выхавання. Каб тыя, хто туды трапіў, больш туды не вярталіся.
На жаль, пакуль гэта так не дзейнічае. Таму што за пенітэнцыярнай сістэмай амаль няма грамадскага кантролю. А між тым, менавіта грамадства чакае ад сістэмы, якая лічыцца «папраўчай», выпраўлення асобаў, якія перакрочылі рысу закону.
Між тым, сістэма застаецца не папраўчай, а карнай. І, як любая сістэма гвалту, яна спараджае той самы гвалт. Пад час прэзентацыі грамадская актывістка Людміла Кучура агучыла вельмі цікавыя звесткі пра тое, як адказныя асобы пракуратуры і пенітэнцыярных установаў самі аказваліся ў тых самых установах — у тым ліку за хабары і незаконную «дапамогу» сваім, так бы мовіць, «кліентам».
Традыцыйна
Па традыцыі, справаздачу праваабаронцы перададуць ва ўсе зацікаўленыя дзяржаўныя ўстановы, датычныя гэтай сістэмы. Яны гэта робяць рэгулярна. Але ад гэтага, на жаль, мала што змяняецца.
Для таго, каб пенітэнцыярная сістэма была сапраўды «папраўчай», трэба мяняць да яе стаўленне на дзяржаўным узроўні. Але на гэта ў дзяржавы пакуль няма ні грошай, ні жадання.