Беларусы закідалі чыноўнікаў скаргамі праз змены ў ЖКГ. Што кажуць у адказ лукашэнкаўцы?
У Мінжылкамгасе распавялі падрабязнасці па законапраекце, якім хочуць увесці прыкметныя змены для таварыстваў уласнікаў. У ведамстве перакананыя, што новаўвядзенні «накіраваныя на абарону інтарэсаў грамадзян». Тым часам беларусы закідалі чыноўнікаў скаргамі праз гэты законапраект, многія просяць не ўводзіць змены, бо яны пагоршаць іх якасць жыцця, і заклікаюць не перашкаджаць працы такіх таварыстваў.
Як нагадвае «Люстэрка», чыноўнікі маюць намер унесці праўкі па ЖКГ і ў Жыллёвы кодэкс, якія закрануць таварыствы ўласнікаў. Да прыкладу, грошы, якія жыхары такіх аб'яднанняў збіраюць на капрамонт, хочуць накіроўваць у агульны кацёл. Таксама чыноўнікі збіраюцца зрабіць больш жорсткімі патрабаванні для старшыняў ТУ.
У Мінжылкамгасе перакананыя, што змены будуць прынятыя ў інтарэсах насельніцтва. Адна з такіх мер, як лічаць у ведамстве, — новаўвядзенні па адлічэннях на капрамонт. Нагадаем, чыноўнікі хочуць па-новаму збіраць грошы на капрамонт з таварыстваў уласнікаў. Прапануецца пералічваць гэтыя сродкі на спецыяльныя рахункі ў банках, якія адкрыюць мясцовыя ўлады. Прычым гэтыя сродкі ў наступным будуць накіроўваць на капрамонт жылых дамоў. З законапраекта счытваецца, што грошы пойдуць у агульны кацёл, гэта значыць іх будуць браць на рамонт не толькі дамоў канкрэтнага таварыства ўласнікаў, жыхары якога іх пералічвалі. Цяпер у ТУ можа быць свой рахунак у банку, на якім будуць захоўвацца сродкі, сабраныя на капрамонт. Гэтыя сродкі могуць размяшчаць як уклад.
У Мінжылкамгасе сцвярджаюць, што выяўляюць парушэнні па фінансава-гаспадарчай дзейнасці таварыстваў уласнікаў, у тым ліку нямэтавае выкарыстанне сродкаў, якія прызначаны на капітальны рамонт.
— Прадугледжваецца норма, якая загадвае, што незалежна ад спосабу кіравання сродкі, якія адлічваюцца на капітальны рамонт, грамадзяне будуць адлічваць на рахункі мясцовых распарадчых органаў. Гэта выклікана ў першую чаргу неабходнасцю аднастайнай арганізацыі правядзення капітальнага рамонту, — заявіў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка. — Ёсць выпадкі, калі гэтыя сродкі ідуць на асобныя рахункі і ў далейшым выкарыстоўваюцца не па прызначэнні. Хоць ёсць адміністрацыйная адказнасць за нямэтавае выкарыстанне гэтых сродкаў, але выдатна самі разумееце, што мясцовыя распарадчыя органы не ў сілах забяспечыць кантроль за кожным таварыствам уласнікаў, за кожным рухам рубля па рахунках. Тым не менш такія пытанні ёсць. І гэтая мера ў першую чаргу накіравана на абарону інтарэсаў грамадзян.
Як расказалі ў ведамстве, сёння ў Беларусі налічваецца каля 10,5 тыс. таварыстваў уласнікаў і арганізацый-забудоўшчыкаў. «І каля паловы — толькі на паперы. Яны не ажыццяўляюць сваю дзейнасць з-за адсутнасці старшыні праўлення, альбо самога праўлення. Фактычныя на гэтыя сумесныя домаўладанні прызначаныя ўпаўнаважаныя асобы. Таму законапраект вырашае шэраг пытанняў, якія ўзніклі на сёння ў частцы дзейнасці гэтых арганізацый», — удакладніў Рамашка.
Паводле яго слоў, законапраектам прадугледжваецца магчымасць чыноўнікаў на месцах ануляваць атэстат адпаведнасці старшыні таварыства ўласнікаў.
Нагадаем, улады маюць намер зрабіць больш жорсткімі
падставы, па якіх старшыні таварыстваў могуць пазбавіцца сваёй працы. Гаворка ў
тым ліку аб прадастаўленні ЖКУ, утрыманні агульнай маёмасці і прыдамавой тэрыторыі.
Узмацніць адказнасць таксама хочуць за невыкананне патрабаванняў мясцовых
уладаў. Пры гэтым чыноўнікі хочуць увесці патрабаванне, што калі жыхары не
знаходзяць за пэўны перыяд новага старшыні праўлення, то новы прызначаецца
мясцовымі ўладамі.