Заўтра — апошні дзень, каб заплаціць падаткі за кватэры, машыны і зямлю. Што важна ведаць?
У лістападзе беларусы плацяць маёмасныя падаткі — на нерухомасць, транспарт і зямлю. Разлічыцца з казной трэба да 15 лістапада ўключна, нагадвае «Office Life».
Паводле інфармацыі падатковых органаў на 8 лістапада, больш за 70% налічаных падаткаў ужо паступілі ў бюджэт.
«Office Life» сабрала адказы на самыя галоўныя пытанні для тых, хто яшчэ не заплаціў гэтыя падаткі.
Як даведацца, ці трэба мне плаціць падаткі і колькі?
Паведамленні аб выплаце маёмасных падаткаў рассылаюцца па пошце ці з'яўляюцца ў асабістым кабінеце плацельшчыка (калі ён ёсць) на сайце МПЗ да 1 верасня. Калі ніякіх апавяшчэнняў вам так і не прыйшло, але вы ўласнік кватэры, машыны або зямельнага ўчастка, ёсць тры варыянты высветліць гэтае пытанне:
- зарэгістравацца ў асабістым кабінеце і там атрымаць паведамленне;
- узяць копію паведамлення ў падатковай;
- паглядзець суму ў АРІП (у раздзеле «Падаткі») з дапамогай свайго ўліковага нумара падаткаплацельшчыка (УНП).
Важна!
Маёмасныя падаткі плацяцца за папярэдні год. Гэта значыць, у гэтым годзе беларусам давядзецца плаціць за тое, чым валодалі ў 2022-ім.
Таму калі вы, напрыклад, купілі машыну ў студзені 2023 года, то падатак плаціць будзеце толькі ў 2024-ым.
Як лічаць маёмасныя падаткі?
Зямельны падатак
Яго плацяць тыя, каму зямельныя ўчасткі належаць на праве прыватнай уласнасці, пажыццёвага спадчыннага валодання або часовага карыстання, а таксама прынятыя імі ў спадчыну. Вызвалены ад выплаты маёмасных падаткаў шматдзетныя сем'і, пенсіянеры, інваліды I і II груп і некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян.
Сума падатку залежыць ад кадастравага кошту ўчастка.
Падатак на нерухомасць
Гэты падатак налічаць тым, хто валодае жылымі дамамі, кватэрамі, садовымі дамкамі і іншымі аб'ектамі. Як і ў выпадку з зямельным падаткам, вызваляюцца ад выплаты шматдзетныя сем'і, пенсіянеры, інваліды I і II груп і некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян.
Але ёсць нюанс: напрыклад, калі ў шматдзетнай сям'і камусьці з дзяцей ужо споўнілася 18 гадоў, то льготы не будзе.
Інваліды і пенсіянеры маюць права на льготу толькі ў дачыненні да адной кватэры.
Стаўка падатку на нерухомасць складае 0,1% ад кошту.
Транспартны падатак
Яго плацяць тыя, каму належаць зарэгістраваныя ў ДАІ аўтамабілі, матацыклы і іншыя віды транспартных сродкаў, выпушчаныя пасля 1992 года.
- Да 2025 года не плацяць падатак уладальнікі электрамабіляў.
- Пенсіянеры, інваліды I і II груп і шматдзетныя плацяць толькі 50% падатку. Інваліды III групы маюць зніжку ў памеры 25%. Але толькі пры ўмове, што ў іх ёсць дзеючыя правы кіроўцы.
- Сума падатку залежыць ад дазволенай максімальнай масы аўтамабіля. Стаўкі, па якіх плацяць падатак цяпер, можна паглядзець тут. Змены ў Падатковы кодэкс на наступны год прадугледжваюць павышэнне ставак, прычым для большасці яны паднімуцца не больш чым на 20 рублёў, а вось для «аўтамабіляў падвышанай камфортнасці» — у 10 разоў.
Як плаціць падаткі?
Самы просты спосаб — зрабіць гэта праз АРІП або ў касе банка. Адпраўляць квітанцыю аб аплаце нікуды не трэба. Каб аплаціць падатак, трэба ведаць свой УНП.
Вось пакрокавы шлях, як яго знайсці:
- зайсці на сайт МПЗ;
- выбраць раздзел «Усе сэрвісы», а затым — «звесткі з Дзяржаўнага рэестра плацельшчыкаў»;
- там знайсці падраздзел «Пошук фізічных асоб» і ўнесці ў яго пашпартныя даныя.
Шлях для выплаты падаткаў у АРІП выглядае так: АРІП — падаткі — горад —вобласць / раён — падатковая інспекцыя — падатак.
А ці можна ўсе тры падаткі заплаціць адным плацяжом?
Пакуль не — кожны падатак трэба аплачваць асобна. Але, як пішуць дзяржаўныя СМІ, цяпер МПЗ распрацоўвае праграмнае забеспячэнне, якое дазволіць аплачваць усе маёмасныя падаткі адным плацяжом. Гэта прадугледжана зменамі ў Падатковы кодэкс.
Што будзе, калі не плаціць маёмасныя падаткі?
- Па-першае, за кожны дзень пратэрміноўкі вам будзе налічвацца пеня. Яна залежыць ад стаўкі рэфінансавання Нацбанка, якая дзейнічае ў той час, пакуль вы не плаціце падатак.
- Па-другое, за нявыплату маёмасных падаткаў прадугледжаны штраф ад 0,5 да 10 базавых велічынь (ад 18,5 да 370 рублёў на дадзены момант).
- Па-трэцяе, злосныя неплацельшчыкі рызыкуюць дачакацца таго, што падатковая пачне спаганяць суму падатку прымусова. А ўжо служба прымусовага выканання можа спісаць гэтыя грошы з вашай карты або адправіць выканаўчы ліст на працу, каб грошы адлічылі з заробку. Акрамя таго, у арсенале судовых выканаўцаў ёсць такія метады, як часовае абмежаванне на выезд за мяжу, часовая забарона на кіраванне транспартным сродкам і г. д.
Паводле officelife.media