Белліт апантаны этнасам і гісторыяй

Выданне зборнікаў беларускай прозы з падкрэсленым аўтарствам жанчын, акцэнтам на жаночай тэматыцы справакавала шквал водгукаў: ад пазітыўных да непрыняцця такога падыходу ўвогуле.

«Самая прасунутая краіна ў свеце ў аспекце гендэрнай праблематыкі — Швецыя. Таму мы скантактаваліся з нашымі сябрамі, Саюзам пісьменнікаў Швецыі», — тлумачыў выбар госці для ўдзелу ў семінары, прысвечаным гендэрнай тэматыцы ў беларускай літаратуры, намеснік Саюза беларускіх пісьменнікаў, галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч.



820e694038fadbf9b60b834215b46fdb.jpg

Выданне зборнікаў беларускай прозы з падкрэсленым аўтарствам жанчын, акцэнтам на жаночай тэматыцы справакавала шквал водгукаў: ад пазітыўных да непрыняцця такога падыходу ўвогуле.
«Самая прасунутая краіна ў свеце ў аспекце гендэрнай праблематыкі — Швецыя. Таму мы скантактаваліся з нашымі сябрамі, Саюзам пісьменнікаў Швецыі», — тлумачыў выбар госці для ўдзелу ў семінары, прысвечаным гендэрнай тэматыцы ў беларускай літаратуры, намеснік Саюза беларускіх пісьменнікаў, галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч.
Госцяй-суддзёй была ўраджэнка Беларусі, а цяпер шведская пісьменніца Інга-Ліна Ліндгвіст. Яна ж ацэньвала пяць твораў пераможцаў літаратурнага конкурсу «Жанчына ў сучасным грамадстве». «Як літаратурны крытык я разглядаю літаратурны твор з трох пазіцый: гендэр, клас, этнас. Як я разумею, у Беларусі ўжо бяскласавае грамадства. У гэтых творах, як ні шукала, я не знайшла ні жанчын, ні сучаснасці. Затое ўбачыла апантанасць этнасам, гісторыяй краіны. Напэўна, гэта натуральна, бо ў Беларусі ёсць гісторыя, але асэнсаванне яе яшчэ не завершанае», — выказалася спадарыня Ліндгвіст адносна прапанаваных ёй да прачытання твораў.
Інга-Ліна Ліндгвіст пра «жаночую» і «мужчынскую» літаратуру,беларускае і шведскае грамадства, якое і стварае літаратуру на свой вобраз і падабенства:
—Не трэба літаратуру дзяліць. Іншая справа, што нашмат больш жанчын, чым мужчын, чытаюць мастацкую літаратуру. У Швецыі пакупнікі кніг—жанчыны паміж 20 і 30 гадамі. Кнігі пішуцца для іх. Кожны чалавек хоча бачыць у кнізе адлюстраванне свайго побыту, сваіх праблем, інакш ён страціць цікавасць. Таму жанчына папросту не можа прайсці міма літаратурнага пытання. І не абавязкова кніга для жанчыны мусіць быць нізкапробнай. Класіка—«Ганна Карэніна» Льва Талстога — гэта асэнсаванне сацыяльных праблем жанчыны таго часу, таго грамадства. Цяпер у Расіі ёсць Людміла Уліцкая, якую ніяк не назавеш бульварнай пісьменніцай. Увогуле, падзел літаратуры — гэта не пытанне аўтара, а пытанне зместу, тэмы.
Кніга мусіць быць напісаная пра жанчыну, і яна не павінна выступаць пабочным аб'ектам, дэкарацыяй. Жаночая літаратура Беларусі мусіць знайсці свой голас, свой твар. Я бачу па сябрах, знаёмых, што тут дакладна падзеленыя ролі жанчын і мужчын у грамадстве. У Швецыі мужчыны і жанчыны спрабуюць выйсці за рамкі сваіх роляў. Магчыма, тое не заўсёды атрымліваецца, але гэта актуальна ў сённяшнім грамадстве. Я не выключаю, што падзел роляў мае пад сабой рацыянальнае зерне, але шведы любяць усё новае, любяць эксперыменты. Для жанчыны з Усходняй Еўропы гендэрныя ўзаемаадносіны ў Швецыі часта шакуючыя і нават непрывабныя.
У нас ёсць конкурс «Прыз Аўгуста Стрынберга». Сёлета прыз атрымала пісьменніца, якая напісала дамскі раман. Яна казала, што хоча напісаць жаночы раман, аднавіць гэту традыцыю аповеду пра жанчыну, яе клопаты, перажыванні, і пляваць ёй на раўнапраўе. Але найбольш спрэчак выклікаюць аўтабіяграфічныя кнігі. Летась адна пісьменніца напісала ў кнізе пра сваіх мужчын, што і як у яе з імі было, чым гэта скончылася. Усё з сапраўднымі імёнамі. Таямніца прыватнага жыцця перастае такой быць.


Калі гаварыць пра дзіцячую літаратуру, то яна шматаблічная. Цяпер няма новай Астрыд Ліндгрэн. Але пісьменнікаў, што пішуць для дзяцей розных узростаў, многа. Дзіцячыя кнігі выходзяць сотнямі, плюс пераклады. Цяпер у Швецыі цэніцца нарвежская дзіцячая кніга, лічыцца, што нарвежцы падымаюць набалелыя тэмы. Напрыклад, адна з папулярных кніжак «Дзяўчынка, якая трапіла ў сцяну» пра дзяўчынку, якая злілася з інтэр'ерам, была незаўважнай і ўрэшце з сілай разбіла гэту сцяну. Тая ж аўтарка напісала кнігу для дзяцей на табуяваную тэму жыцця і смерці. Гісторыя пра жыццё жанчыны і яе сына-інваліда. Маці ведае, што памрэ, але баіцца, што тады пра яе сына не будзе каму клапаціцца, і яна дае таблетку, каб сын памёр разам з ёй. Такая літаратура мусіць паказваць праўду жыцця, што бываюць розныя сітуацыі. Канешне, гэту кнігу не будуць чытаць усе дзеці, бо большасць усё ж любіць фэнтэзі, прыгодніцкія, дэтэктыўныя гісторыі. Але пра новы трэнд трэба было ўзгадаць. * * *
Пераможцамі літаратурнага конкурсу «Жанчына ў сучасным грамадстве», які праводзіў Саюз беларускіх пісьменнікаў, сталі празаік, драматург Галіна Багданава, пісьменніцы Данута Бічэль-Загнетава і Людміла Рублеўская. Лаўрэаты конкурсу — Сяргей Егарэйчанка (дэбютаваў у «НЧ» «Аповесцю пра чалавека, які не хацеў быць Богам»), Паліна Качаткова, Раіса Крывацэвіч, паэткі Любава Незабава, Анка Упала, Алеся Лапіцкая паэт-гумарыст Міхась Мірановіч.