Bellingcat пацвярджае ролю КДБ Беларусі ў справе «вагнэраўцаў» і наяўнасць агентаў ФСБ сярод беларусаў ва Украіне

Кіраўнік аддзелу расследаванняў міжнароднай групы Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што КДБ Беларусі кантраляваў затрыманых на беларускай тэрыторыі ў ліпені 2020 года прадстаўнікоў расійскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» пасля іх перасячэння расійска-беларускай мяжы, піша «Радыё Свабода».

7ffe3ba8_c839_4fa2_bcff_745a40cc838b_w1597_n_r1_st.webp


«Відавочна, што ў Беларусі КДБ назірае за кожным замежнікам: рэгіструюць кожнага чалавека, пачынаюць сачыць за ім ад моманту перасячэння мяжы. Можна было прадбачыць, што, пакінуўшы на 4-5 дзён 33 мужчын з вайсковым мінулым, аперацыя сарвецца», — сказаў Хрыста Грозеў у інтэрв'ю ўкраінскаму радыё «НВ».
Хрыста Грозеў мяркуе памылковай рэакцыю ўкраінскіх уладаў на зрыў аперацыі сваіх спецслужбаў. «Тут могуць быць легітымныя, але памылковыя дзеянні. Магчыма, адміністрацыя прэзідэнта (Украіны) палічыла, што плюсоў ад гэтага запаволення больш, чым мінусаў і рызыкаў. Нам здаецца гэта нелагічным і памылковым рашэннем, але ў той момант некаму яно здавалася правільным. Таму нельга казаць абавязкова пра тое, што нехта „зліў“ гэтую аперацыю. Хутчэй за ўсё, гэта была тактычная і стратэгічная памылка, але яна крытычная».
«Для мяне найбольшая памылка — напалову сарваную аперацыю не пераўтварылі на вялікі плюс для Украіны. Называючы аперацыю аперацыяй, публікуючы адразу ўсе тэлефанаванні, тысячы словаў прызнанняў наймітаў — гэта дала б доказную базу ў шматлікіх судовых справах, якія цяпер ідуць, у тым ліку, у Гаазе і Страсбургу. Для мяне важней паказаць, наколькі прыніжальнай гэтая аперацыя была для расійскіх спецслужбаў, бо ўсё гэта прайшло паўз іх, яны нічога не зразумелі», — дадаў Хрыста Грозеў.
10 верасня часовая следчая камісія Вярхоўнай Рады Украіны, якая расследавала сітуацыю з затрыманнем «вагнэраўцаў» у Мінску і перадачай іх Расіі, заявіла, што спецслужбы Украіны сапраўды спрабавалі выцягнуць «вагнэраўцаў» ва Украіну, але рэалізацыю аперацыі змянілі на пэўным этапе спецслужбы Расіі і Беларусі.
У прыватнасці, кіраўніца камісіі Мар’яна Бязугла паведаміла, што сярод 33 «вагнэраўцаў» была адна «асоба, якая працавала на спецслужбы Беларусі».
Летась 29 ліпеня ў санаторыі пад Мінскам затрымалі 33-х расійскіх грамадзянаў. Улады Беларусі заявілі, што падазраюць іх у падрыхтоўцы беспарадкаў напярэдадні выбараў. Украіна прасіла выдаць вагнэраўцаў ёй, бо яны бралі ўдзел у баявых дзеяннях у Данбасе. Але праз два тыдні затрыманых вярнулі ў Расію.
Кіраўнік аддзела расследаванняў Bellingcat заявіў, што ва Украіне працуе «вялізная колькасць» агентаў Федэральнай службы бяспекі Расіі, у тым ліку сярод беларускіх грамадзян, якія нібыта ўцякалі з Беларусі ад крымінальнага пераследу пасля акцыяў пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.
«Частка з іх была завербаваная ФСБ сярод супрацоўнікаў у вашых (украінскіх) спецслужбах яшчэ ў пачатку вайны. Гэта першы сегмент. Другі сегмент — гэта людзі, якіх закідвае ФСБ сярод, напрыклад, эмігрантаў, уцекачоў з Беларусі. Яны знайшлі Украіну ў якасці аднаго з месцаў, дзе могуць цяпер свабодна працаваць. Сярод іх укідваюцца такія памочнікі, якія рэальна з'яўляюцца агентамі ФСБ», — патлумачыў Хрыста Грозеў.
У той жа час кіраўнік аддзела расследаванняў Bellingcat паведаміў, што пакуль не завяршылі сваё расследаванне гібелі прадстаўніка «Беларускага дому ва Украіне» Віталя Шышова.
«Мы працуем з групай журналістаў з Беларусі, з беларускімі партызанамі. Гэта вельмі маштабнае расследаванне, на якое спатрэбіцца яшчэ некалькі месяцаў, на жаль», — дадаў Хрыста Грозеў.
Адзін з заснавальнікаў «Беларускага дома ва Украіне» Віталь Шышоў прапаў раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся з Беларусі ўвосень 2020 года. Паводле сяброў, ранкам ён, як звычайна, пайшоў на прабежку і не вярнуўся. Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Святошынскім парку Кіева непадалёк ад яго дому.
У паліцыі назвалі дзве асноўныя версіі гібелі беларуса: самагубства і забойства з імітаваннем самагубства. Улады дагэтуль не называлі прычыну яго смерці, матывуючы тым, што пакуль не завершаныя судова-медычныя экспертызы.