Бежанец з Сірыі, які спрабаваў трапіць у ЕС з Беларусі, цяпер у коме
Як і многія іншыя ўцекачы, Махамад паспрабаваў збегчы з Беларусі 7 красавіка, але ў выніку няшчаснага выпадку ён цяпер знаходзіцца ў медыкаментознай коме.

Махамад знаходзіцца ў коме пасля падзення са сцяны на мяжы Беларусі і Польшчы. Фота: aljazeera.com
У польскай лякарні змагаецца за сваё жыццё грамадзянін Сірыі. Ён зваліўся са сцяны на беларуска-польскай мяжы пры спробе бегчы з Беларусі і знайсці бяспечнае месца ў Еўропе.
Махамад, які цяпер знаходзіцца ў медыкаментознай коме ў лякарні Беластока, быў паранены і шпіталізаваны 7 красавіка пасля падзення са сцяны вышынёй пяць метраў і даўжынёй 186 км, пабудаванай летась на мяжы з Беларуссю польскімі ўладамі.
Абдул, брат Махамеда, прыехаў у Беласток з Кіпра. Ён расказаў тэлеканалу «Аль-Джазіра», што Махамед зламаў ногі падчас падзення, у выніку чаго ў раны, відаць, трапіла інфекцыя — і гэта прывяло да ўскладненняў. Ён асцерагаецца, што адну нагу могуць ампутаваць, каб спыніць распаўсюд інфекцыі.
Лекар, які займаецца Махамедам, рыхтуе Абдула да горшага.
«Я не думаю, што ў нас ёсць шанец, — кажа Абдул. — Ён можа памерці сёння ці заўтра».
58-гадовы Махамад страціў усё падчас грамадзянскай вайны ў Сірыі, уключаючы свой дом і дзве фермы. Улады дрэнна ставіліся да яго праз тое, што сваяк Махамеда і Абдула быў журналістам.
Як і іншыя сірыйскія грамадзяне, Махамед уцёк у Беларусь і спадзяваўся дабрацца да больш стабільнай еўрапейскай краіны.

Абдул не ведаў, што яго брат меў намер здзейсніць небяспечнае падарожжа. Махамад заплаціў каля 14 000 долараў за тое, каб яго даставілі да мяжы.
«Столькі грошай — і за што? — пытае брат пацярпелага. — Я проста хачу, каб жонка майго брата, якая знаходзіцца ў Ліване, змагла ўбачыць яго ў апошні раз. Мне вельмі, вельмі шкада яе; я не ведаю, што ёй сказаць».
Амбасада Польшчы ў Сірыі, якая цяпер знаходзіцца ў суседнім Ліване, не стала каментаваць, ці дадуць яны жонцы Махамеда часовую візу.
Аднаўленне памежнага крызісу
Махамад выправіўся ў сваё небяспечнае падарожжа на пачатку красавіка. Да яго тысячы іншых людзей, якія шукалі прытулку, прайшлі гэты шлях з кастрычніка 2021 года, калі абвастрыўся памежны крызіс паміж Беларуссю і Польшчай.
Было ўстаноўлена, што беларускія ўлады праз турыстычныя агенцтвы на Блізкім Усходзе праводзілі кампанію па дэзінфармацыі і прапаноўвалі маршрут у Еўрапейскі саюз праз Беларусь. Польшча і ЕС расцанілі гэта як стратэгію Аляксандра Лукашэнкі па дэстабілізацыі рэгіёна.
Многія выхадцы з Блізкага Усходу спрабавалі здзейсніць адчайнае падарожжа, але аказаліся ў новым гуманітарным крызісе, паколькі дзве краіны спрачаліся з-за адказнасці.
Паведамлялася пра парушэнні правоў бежанцаў на польскім баку мяжы, калі польскія памежнікі і паліцыя рэгулярна выцяснялі тых, хто шукае прытулку ў ЕС, у Беларусь. Таксама вядома, што былі ахвяры і з іншага боку мяжы: беларускія памежнікі збівалі тых, хто вяртаўся з Польшчы.
Паводле слоў актывістаў, якія сочаць за сітуацыяй на беларуска-польскай мяжы, пастаяннае перамяшчэнне па часта вільготных, замярзаючых лясах прывяло прынамсі да 37 смерцяў з кастрычніка 2021 года, але ёсць падазрэнне, што сапраўдная колькасць ахвяр значна вышэй.

Апошнімі тыднямі колькасць перасячэнняў мяжы з Беларусі ў Польшчу зноў узрасла.
«Цяпер колькасць людзей, якія перасякаюць мяжу больш, чым зімой», — сказаў Антоні Манторскі з сеткі груп падтрымкі бежанцаў «Grupa Granica». Ён мяркуе, што прычынай можа быць больш цёплае надвор'е.
Напрыклад, учора, 22 красавіка, польская памежная служба зарэгістравала 159 спроб нелегальнага перасячэння мяжы з боку Беларусі.
Паводле слоў Манторскі, тыя ж механізмы, якія прывялі да памежнага крызісу раней, усё яшчэ дзейнічаюць: Беларусь выдае турыстычныя візы і заахвочвае людзей перасякаць мяжу з Польшчай, адкуль іх затым выцясняюць назад.
«Я спалохалася»
Дачка Махамеда, жыхарка Германіі, сказала, што персанал польскай бальніцы паставіўся да яе з падазрэннем.
«Калі я ўбачыла свайго бацьку, я ўпала ад шоку, але лекар не дапамог мне падняцца. Замест гэтага ён спытаў мяне, як мой бацька трапіў сюды», — сказала яна.
Лекар выклікаў паліцыянтку, якая гаварыла па-нямецку, і запатрабаваў паказаць дакументы. Ён падазраваў дачку бежанца ў датычнасці да кантрабанды людзей.
Дзеянні паліцыі, якія яна ахарактарызавала як «відавочна расісцкія», выклікалі ў яе шок і страх. Дзяўчына сказала, што паліцэйская папярэдзіла яе: «Магчыма, гэта апошні раз, калі ты бачыш свайго бацьку».

«Я спалохалася; я думала, яны адключаць апараты ад майго бацькі», — сказала яна. Пазней паліцыянтка выбачылася.
Прэс-сакратарка польскай памежнай службы паведаміла, што афіцэры наведалі лякарню, каб пацвердзіць, што дачка з'яўляецца чальцом сям'і, і праверыць, ці знаходзіцца яна ў Польшчы на законных падставах.