БХК атрымаў папярэджанне Мінюста
"Беларускі Хельсінкскі камітэт" атрымаў папярэджанне ад Міністэрства юстыцыі. Па законе пасля двух папярэджанняў на працягу года грамадскую арганізацыю могуць ліквідаваць.
Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб'яднанне «Беларускі Хельсінкскі камітэт» атрымала папярэджанне ад Міністэрства юстыцыі, паведамляецца на сайце БХК.
Валанцёры БХК назіралі за выбарамі, абаранялі адвакатаў, абаранялі правы беларусаў на пенсіі ў сувязі з пасткай страхавога стажу, працавалі для скасавання прымусовай працы (дэкрэты «аб дармаедах» і аб «дрэваапрацоўцы», размеркаванне), уносілі прапановы, накіраваныя на ўдасканаленне заканадаўства (напрыклад, дзякуючы БХК было замацаванае права сведкі мець адваката), выкарыстоўвалі міжнародныя праваабарончыя механізмы для абароны правоў чалавека, прасоўвалі мэты ўстойлівага развіцця і многае іншае.
6 ліпеня праваабаронцы атрымалі ад Міністэрства юстыцыі запыт на прадастаўленне інфармацыі ў сувязі з «правядзеннем кантрольных мерапрыемстваў на прадмет адпаведнасці патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь і статута дадзенай арганізацыі».
Міністэрства хацела да 16 ліпеня атрымаць мноства дакументаў. Аднак 14 ліпеня ў офісе БХК, дзе нікога не было, прайшоў ператрус. Дзверы былі ўзламаныя, а сам офіс апячатаны.
Таму БХК здолеў накіраваць у Мінюст толькі частку запытаных звестак. Праваабаронцы праінфармавалі міністэрства, што офіс быў апячатаны, і што ўсе астатнія запытаныя дакументы знаходзяцца там, у сувязі з чым не ўяўляецца магчымым прадставіць іх у названыя тэрміны — да 16 ліпеня. Было паабяцана, што астатнія дакументы будуць накіраваныя, як толькі прадстаўнікі арганізацыі будуць дапушчаныя ў апячатаны офіс.
Каб мець магчымасць трапіць у апячатаны офіс, 19 ліпеня БХК звярнуліся ў МУС, следчы камітэт і Генеральную пракуратуру краіны. Аднак да цяперашняга часу праблема не вырашана, праваабаронцы не могуць трапіць у свой офіс.
Нягледзячы на гэта, Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджанне за непрадстаўленне дакументаў. У загадзе Мінюста таксама ўтрымлівалася патрабаванне ліквідаваць дапушчанае парушэнне да 27 ліпеня. Аднак сам загад у БХК атрымалі толькі ўвечары 27 ліпеня (пра гэта сведчыць штамп паштовага аддзялення).
“Такім чынам у нас проста не было аб'ектыўных магчымасцяў выканаць патрабаванне Міністэрства”, — гаворыць БХК.
Беларускі Хельсінкскі Камітэт паўторна звярнуўся ў Міністэрства юстыцыі з просьбай прыняць усе магчымыя меры для забеспячэння абароны правоў і законных інтарэсаў арганізацыі, а таксама адмяніць папярэджанне з улікам таго, што непрадстаўленне дакументаў абумоўлена аб'ектыўнымі абставінамі, якія не залежаць ад арганізацыі.
“У цэлым, наша пазіцыя сёння — выкарыстоўваць усе магчымыя прававыя сродкі для захавання легальнага статусу арганізацыі. Мы спадзяемся, што Міністэрства юстыцыі прыслухаецца да нашых аргументаў. У адваротным выпадку — будзем абскарджваць папярэджанне ў Вярхоўным Судзе”, — настроеныя ў БХК.