Быць беларусам з маленства

У сталічным мікрараёне “Сухарава бацькі ўласнымі намаганнямі арганізуюць у дзіцячым садку беларускамоўную групу. Маці маленькага беларуса вырашыла, што яе сын мусіць вучыцца на роднай мове. Але садка з беларускамоўным навучаннем паблізу не аказалася, тады спадарыня Дар’я ўзяла справу ў свае рукі.

У сталічным мікрараёне “Сухарава бацькі ўласнымі намаганнямі арганізуюць у дзіцячым садку беларускамоўную групу. Маці маленькага беларуса вырашыла, што яе сын мусіць вучыцца на роднай мове. Але садка з беларускамоўным навучаннем паблізу не аказалася, тады спадарыня Дар’я ўзяла справу ў свае рукі.
Здавалася б, навошта ствараць самому сабе цяжкасці, калі можна аддаць дзіця ў бліжэйшы рускамоўны садок і не думаць ні аб чым. Але добра, што ёсць людзі, якім няцяжка прыкласці нейкія намаганні для развіцця сваіх дзяцей, калі ўжо дзяржава не паклапацілася пра іх.
Спадарыня Дар’я гаворыць, што адукацыя на беларускай мове дае больш магчымасцяў, чым адукацыя па-руску. І гэта — адзін з асноўных матываў усіх клопатаў па арганізацыі такой групы. Навукоўцы даўно даказалі, што дзеці-білінгвы, то бок тыя, хто ведае дзве мовы, развіваюцца хутчэй і лепш за сваіх аднамоўных аднагодкаў, маюць больш здольнасцяў да вывучэння замежных моў.
“У раёне садок з беларускай мовай навучання толькі адзін, і ён досыць далёка ад дома, што нязручна, — гаворыць Дар’я. — Я ведаю, якія маю правы, і вырашыла зрабіць усё, каб даць сыну такую адукацыю, якую хачу. Гісторыя з фарміраваннем беларускамоўнай групы ў садку доўжыцца з восені мінулага года. Праз чыноўнікаў гарадскога камітэта па адукацыі мы прыйшлі да пагаднення: нам прапанавалі два садкі, у якіх можна было арганізаваць беларускамоўную групу, але сфармаваць яе, то бок набраць дзяцей, мы мусім самі. Сфармаваць такую групу магчыма, калі больш за палову бацькоў захочуць навучаць дзяцей па-беларуску. Але Дар’я расказала, што ў анкетах, якія запаўняюць бацькі, пытання пра мову няма, то бок нікога нават не інфармуюць пра тое, што ёсць магчымасць быць беларусам з дзяцінства і не толькі ў сям’і.
Кіраўнік Таварыства беларускай школы Алесь Лозка гаворыць, што сапраўдную статыстыку па колькасці беларускамоўных дашкольных навучальных устаноў даведацца цяжка, але “сітуацыя ўскладняецца год ад года. Ёсць бацькі, якія б хацелі, каб іх дзеці навучаліся па-беларуску, але яны мусяць самі парупіцца наконт здзяйснення свайго жадання ды сабраць групу. Натуральна, гэта адбівае ахвоту. “У гарадах ёсць невялікае імкненне адкрыць класы ці групы з беларускай мовай навучання, — гаворыць спадар Лозка. — Але ў цэлым павелічэння колькасці беларускамоўных груп у дзіцячых садках няма. У вёсцы садкі раней былі толькі беларускамоўныя, цяпер назіраецца адваротны працэс — яны пераводзяцца на рускую мову.
Кіраўнік ТБШ раіць бацькам, якія хочуць, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску, звяртацца ў раённыя аддзелы адукацыі — там падкажуць, у якім бліжэйшым садку ёсць беларускамоўныя групы. А калі не выпадае аддаць у гатовую групу, то трэба дамагацца яе стварэння. У Мінску ў дашкольных дзіцячых навучальных установах больш за сто беларускамоўных груп. Сярод найлепшых — садок № 534 у мікрараёне “Кунцаўшчына, які месціцца побач з беларускамоўнай гімназіяй № 4. У садку дванаццаць груп з беларускай мовай навучання, дзве лагапедычныя. Таксама па-беларуску з дзеткамі размаўляюць у садках №№ 187, 367, 314, 202. У 2007 годзе лічылася, што ў Беларусі 41,3 працэнта груп дашкольных навучальных устаноў працавалі па-беларуску.
Усё залежыць ад волі бацькоў. Гэта пацвярджае і намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім. “Сітуацыя палягае ў адсутнасці сістэмы беларускамоўных навучальных станоў. Калі дзіця спачатку ходзіць у такі садок, то тады павінны быць беларускамоўнымі школа, універсітэт. У нас такога няма, няма непарыўнасці сістэмы. Таму бацькі бачаць цяжкасці, і большасць свядома не хоча ствараць сабе і сваім дзецям праблемы. Папракаць іх за гэта нельга. Мусіць быць сістэма, але я лічу, што сітуацыя можа быць выпраўлена, у тым ліку і самімі бацькамі, — адзначае спадарыня Алена.
Заснавальніца сухараўскай беларускамоўнай групы Дар’я тлумачыць, што для вырашэння пытання не хапае некалькіх дзетак. “Нам давядзецца самім набываць кніжкі, клапаціцца пра метадычныя дапаможнікі. Таму я хацела б, каб у нас было кола аднадумцаў. Адна мама, якая хоча прывесці сваё дзіця ў нашу групу, сказала, што для яе галоўным чыннікам для выбару быў факт з яе жыцця. Яна працавала настаўніцай у школе, і аднойчы ў яе быў клас дзяцей, якія да таго вучыліся па-беларуску. Яна сказала, што ніколі не бачыла такіх добрых, менавіта добрых, і разумных дзяцей. У гэтым садку ў Сухарава ніколі не было такой групы, але ўсё вырашальна. Туды прыйдзе працаваць новы выхавацель з адпаведнай адукацыяй, ёсць басейн, дадатковыя развіваючыя заняткі па кубіках Зайцава (методыка навучанню чытання), — расказвае пра выгоды і ўмовы дашкольнай установы Дар’я.
У пачатку красавіка правяраюцца спісы жадаючых: ці змогуць дзеці трапіць у гэты садок — фармальнасці пражывання ды іншае. Прыкладна 14 красавіка будзе прынятае рашэнне, а бацькам выдадзенае накіраванне ў гэты садок. Беларускамоўная група для дзетак трох-чатырох год у дзіцячым садку № 570 (вул. Чайлыткі, 8) пачне працаваць з верасня 2009 года.
Калі вы хочаце аддаць сваё дзіця ў гэтую групу, званіце Дар’і па тэлефоне +375 29 395 73 99. Гадуйце сваіх дзетак беларусамі з маленства.