Бізнесмену Аляксандру Троцкаму за наезд на ДАІшніка пагражае 11 гадоў калоніі
Мінскі гарадскі суд працягвае разгляд крымінальнай справы за замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў (арт. 14, арт. 362 Крымінальнага кодэкса) супраць 45-гадовага бізнесмена Аляксандра Троцкага, піша «Вясна».
Паводле абвінавачання, ён правёз 12 жніўня на капоце сваёй машыне супрацоўніка ДАІ Уладзіміра Юрава, у выніку чаго той атрымаў цялесныя пашкоджанні, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага разладу здароўя. Паводле слоў Троцкага, яго машыну беспрычынна спынілі людзі ў цёмным і балаклавах, а калі той, баючыся за сваё жыццё, адмовіўся выйсці з машыны, супрацоўнік ДАІ «дастаў баявую зброю і накіраваў у яго бок, прыцэліўся проста ў галаву». Справа разглядаецца пад старшынствам суддзі Сяргея Хрыпача. Сёння ў судзе адбываюцца спрэчкі бакоў.
Пракурор Антон Цюменцаў лічыць, што віна Аляксандра Троцкага па арт. 14, арт. 362 Крымінальнага кодэкса цалкам даказаная, яго намер быў накіраваны менавіта на забойства пацярпелага супрацоўніка ДАІ Уладзіміра Юрава. На думку пракурора, дзеянні Троцкага кваліфікаваныя правільна. Дзяржабвінаваўца папрасіў суд прызначыць Троцкаму пакаранне ў выглядзе 11 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а пазоў пацярпелага ў 20 тысяч рублёў задаволіць у межах разумнага.
Абаронца Троцкага: Мэтай наезду была не спроба забойства, а спроба схавацца з месца, дзе яму пагражала небяспека
Адвакат Аляксандра Троцкага Яўген Маслаў прыходзіць да высновы, што дастатковых доказаў здзяйснення злачынства абвінавачванне не прадаставіла. Не прадастаўлена і доказаў таго, што быў прамы намер.
«Усе дзеянні былі накіраваныя на тое, што Троцкі баяўся за сваё жыццё».
Як адзначае адвакат, у пратаколе допыту супрацоўніка ДАІ Юрава ад 14 жніўня ёсць фраза: «Супрацоўнік АМАП, які стаяў побач са мной і сказаў, каб Троцкі заглушыў рухавік, выйшаў з машыны і падаў свой мабільны тэлефон». Гэта была сапраўдная прычына прыпынку. У супрацоўнікаў АМАП няма такіх паўнамоцтваў, таму Троцкі мог законна не падпарадкоўвацца гэтаму патрабаванню. Маслаў адзначае, што ад Юрава патрабаванняў Троцкаму не паступала, а ад супрацоўніка АМАП патрабаванні былі незаконныя. Акрамя гэтага, у супрацоўнікаў унутраных спраў не было законных падстаў на прымяненне зброі: інспектарам былі парушаныя пункты загаду 155.
Таксама адвакат звяртае ўвагу, што з паказанняў Кароты вынікае, што ў яго была медыцынская маска і галаўны ўбор. Але на прагледжаных відэа было відаць, што ўсе знаходзяцца там у балаклавах.
Сведка Казлоў (былы супрацоўнік АМАПа) адзіны, хто выразна бачыў момант наезду аўтамабіля. На яго думку, вынік падзення быў звязаны з выкручваннем колаў падабаронным налева.
Адвакат падкрэслівае, што мэтай наезду была не спроба забойства, а спроба схавацца з месца, дзе яму пагражала небяспека.
На думку абароны, паколькі ў дадзеным выпадку няма намеру, то Троцкі падлягае апраўданню, бо няма ў яго дзеяннях складу злачынства.
Аляксандр Троцкі ў апошнім слове: Я не ведаў, што супрацоўнікі міліцыі могуць несці службу са схаванымі тварамі і ў балаклавах
45-гадовы бізнесмен Аляксандр Троцкі ў апошнім слове сказаў, што ніколі ўявіць не мог, што можа трапіць у такую сітуацыю:
«Праглядаючы відэа, я бачыў, як беспадстаўна збіваюць людзей, і я не ведаў, што супрацоўнікі міліцыі могуць несці службу са схаванымі тварамі і ў балаклавах, без знакаў адрознення. Калі цябе спыняюць людзі са схаванымі тварамі і зброяй без тлумачэння прычын, накіроўваюць баявую зброю ў мой бок, то я, безумоўна, спалохаўся. У мяне было адно жаданне — проста з'ехаць адтуль. Я ў прынцыпе не мог сабе уявіць, што такое магчыма і такое можа быць».
Абвяшчэнне прысуду прызначанае на 5 сакавіка ў 10:00.